Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Служба, якой няма альтэрнатывы

Летась у вобласці адбылося 1664 пажары. 83,3 працэнта ўзгаранняў зафіксавана ў прыватным сектары. Матэрыяльныя страты перавысілі 259 мільярдаў рублёў. Агнём знішчана 454 пабудовы, 56 адзінак тэхнікі, 1021 тона грубых кармоў. Загінула 108 чалавек, у тым ліку восем дзяцей.

Гэтыя лічбы паведаміў журналістам падчас прэс-канферэнцыі начальнік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анатоль Гуз, яго намеснікі, кіраўнікі падраздзяленняў. Былі адзначаны прычыны, якія прыводзяць часцей за ўсё да гібелі людзей у агні. Найперш, п’янства. Яно забрала жыццё у 70 чалавек з агульнай колькасці. Групай рызыкі з’яўляюцца адзінокія пенсіянеры і няпаўнаспраўныя, алкаголікі, шматдзетныя нешчаслівыя сем’і. З гэтай катэгорыяй вядзецца прафілактычная работа.

Самая распаўсюджаная прычына пажараў - неасцярожнае абыходжанне з агнём (33 працэнты). Шмат клопатаў прыносіць парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў (12%). Кожны шосты пажар адбываецца з-за свавольства з запалкамі дзяцей. У 1999 годзе за парушэнні правілаў пажарнай бяспекі аштрафавана 14222 чалавекі. Папярэджана 917 асобаў. Прыпынена эксплуатацыя 520 аб’ектаў, 3538 пабудоў, 13034 памяшканняў і вытворчых участкаў, 29461 агрэгат, 13444 няспраўных печаў, 486058 участкаў электраправодкі. Уся гэтая гаспадарка мела пажаранебяспечны стан.

Хранічны недахоп сродкаў на няпэўны тэрмін аддаляе перспектыву рамонту пячнога ацяплення ў 38738 жылых дамах, электраправодкі -- у 33990 пабудовах. Кошт мантажу новай печкі каштуе прыкладна 80 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, рамонт - ад 30 да 40 мільёнаў. У вобласці 4124 сельскіх населеных пунктаў не маюць тэлефоннай сувязі, а 3661 - крыніц супрацьпажарнага забеспячэння.

Службоўцы абласнога ўпраўлення выратавалі з агню каля 500 чалавек. Захавана матэрыяльных каштоўнасцяў на суму звыш 630 мільярдаў рублёў. Часцяком рызыкавалі ўласным жыццём. Страт сярод асабовага саставу не было, дзякуючы высокаму прафесійнаму майстэрству, неблагой тэхнічнай аснашчанасці. Хаця 57 працэнтаў тэхнікі састарэла маральна і фізічна. Адчуваецца яе недахоп, як і хімічных сродкаў барацьбы з агнём. Пэўны клопат выклікаюць жылыя дамы павышанай этажнасці. Выратавальнікі спадзяюцца сёлета атрымаць адпаведную лесвіцу, якая дазволіць аператыўна ўздымацца на 40-50 метраў, або на 12-16 паверхі.

Акрамя тушэння пажараў падраздзяленнямі абласнога ўпраўлення ліквідавана 1334 аварыі і надзвычайныя становішчы. У сярэднім у суткі рабілася 66 выездаў. А іх агульная колькасць у мінулым годзе - 24243.

З кожным годам пашыраецца кола задач, якія выконваюць выратавальнікі. Яны свой небагаты хлеб зарабляюць цяжкай працай. І грамадства павінна быць удзячна гэтым мужным людзям. А дзяржава -- праяўляць клопат у матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у тым ліку і Гродзенскае абласное ўпраўленне, стаяць на варце нашага жыцця і дабрабыту.

Антон ЛАБОВІЧ

Назад