Гiстарычная сустрэча Ў Гродне
У мінулую нядзелю ў сядзібе Беларускага Народнага Фронту ў Гродне адбылася сустрэча ўдзельнікаў Беларускага нацыянальнага руху 40-50-х гадоў, былых вязняў сталінскіх канцлагераў, з прадстаўнікамі моладзевых арганізацый абласнога цэнтра.
Ветэраны патрыятычнага руху, якія ў 40-я гады ўваходзілі ў розныя антысавецкія арганізацыі, такія, як Саюз беларускай моладзі, Саюз беларускіх патрыётаў і іншыя, прыехалі ў Гродна з самых розных гарадоў і мястэчак: Мінску, Жлобіна, Пінску, Карэліч, Навагрудскага раёна, Гарадзеі. Сустрэчу арганізавала філія Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Рэспубліканская спартова-патрыятычная арганізацыя "Край" пры падтрымцы Гродзенскага абласнога аддзялення "Фонду імя Льва Сапегі". Самі ветэраны назвалі сустрэчу гістарычнай, паколькі ніхто, ніколі, ніводнага разу з тых часоў, як яны вярнуліся з канцлагераў, не ладзіў з імі ніякіх сустрэчаў. З сарака запрошаных гасцей на сустрэчу прыехалі толькі каля дваццаці. Астатнія не здолелі гэта зрабіць па стану здароўя.
Мерапрыемства пачалося з таго, што ўсе прысутныя праспявалі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Гісторык Яўген Калубовіч, сын вядомага пісьменніка і таксама Яўгена Калубовіча, які прайшоў праз сталінскі ГУЛАГ, распавядаў аб пераемнасці пакаленняў беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны. Ён узгадаў гісторыю, пачынаючы ад Т.Касцюшкі і, падрабязна разглядаючы ўсе ейныя этапы, спыніўся на падзеях 17 кастрычніка мінулага года ў Мінску, гэтым самым апелюючы канкрэтнымі гістарычнымі фактамі і сцвярджаючы, што пераемнасць пакаленняў беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны, ніколі не перарывалася.
Дагэтуль здавалася, што мы ўжо шмат ведаем пра сталінскія рэпрэсіі з кнігаў і сродкаў масавай інфармацыі. Аднак паслухаўшы аповяд Надзеі Дземідовіч, якую ў 14 гадоў арыштавалі чэкісты, альбо Веры Касмовіч, прысуд якой выносілі з немаўляткам на руках, мне, напрыклад, стала зразумела, што мы абсалютна далёкія ад яшчэ нядаўняй страшэннай гісторыі, якую перажыў наш народ. Былі аповяды і пра жахі ГУЛАГу, пра тое, як танкамі душылі паўстанне ў Карагандзе, труцілі людзей газамі, падсылалі зэкаў, каб яны здзекваліся над "палітычнымі". За што давалі людзям па пяць, дзесяць, дваццаць пяць гадоў лагяроў? А толькі за тое, што прачытаў патрыятычны верш, ці ўзгадаў у сяброўскай размове пра Сталіна. Цяжка ўявіць. Ужо ў бліжэйшых нумарах нашай газеты з'явяцца публікацыі, у якіх вязьні ГУЛАГа самі ўспамінаюць аб страшным мінулым.
Здзівіла і яшчэ адна рэч: ветэраны распавядалі і аб тым як любілі яны сваю Беларусь, чакалі сустрэчы з ёю, пісалі вершы і, каб іх захаваць, запаміналі кожны па стоўбіку, паколькі не было на чым іх занатаваць. Надзея Дземідовіч, здзіўлялася таму дакуль наш народ будзе баяцца, колькі яшчэ ён будзе цярпець над сабой здзек. Цяпер яна разумее, што дарэмна баяліся і тады, калі трох чэкістаў забіралі іх любімага дырэктара школы, а яны проста стаялі моўчкі і глядзелі: "Трэба было разарваць іх на кавалкі і не баяцца" - казала спадарыня Надзея… Дарэчы, цяпер усе яе спадзяванні толькі на моладзь, на тую моладзь, якая не баіцца рэжыму і выходзіць на вуліцу бараніць незалежнасць Радзімы.
Мне ніколі раней не даводзілася сустракаць людзей, якія настолькі б маглі любіць Беларусь, з-за якой па сутнасці згубілі сваю маладосць. Амаль кожны з ветэранаў апавядаў аб нечым сваім, але агульным была ўсё тая ж Беларусь.
Дарэчы, не ўсе з іх дагэтуль рэабілітаваныя. За часамі Шушкевіча ім былі прадстаўлены ільготы, але рэжым Лукашэнкі гэтыя ільготы адабраў. Прафесар Пяткевіч зазначыў, што ад гэтай улады не трэба чакаць ні ільготаў, ні рэабілітацыі, бо гэта нават агідна, да таго, яна апраўдвае дзеянні сталінскага рэжыму. На яго думку, толькі свой, сапраўдны беларускі ўрад зможа паклапаціцца аб такіх людзях. Ён прывёў прыклад, што Ларыса Геніюш нават ганарылася тым, што савецкая ўлада яе не рэабілітавала.
Пасля афіцыйнай часткі мерапыемства адбыўся канцэрт з удзелам дзіцячага калектыву "Дударыкі", які спяваў беларускія калядныя песні і Андрэя Мельнікава, барда з Гомеля.
М.КАРНЕВІЧ
|