Падаўся… помнiк у эмiграцыю
Што не кажыце, а неяк не шанцуе беларускім нацыянальным героям на іх роднай зямельцы, шчодра палітай потам і крывёю. Узяць хаця б таго ж Кастуся Каліноўскага. У "Северо-заподном крае", як было "высочайше" загадана называць нашу зямлю, пра нейкія там помнікі "мятежникам" і марыць было забаронена. Памяць пра "польскую інтрыгу", г.зн. паўстанне 1863 года, выкальвалася калёным жалезам і шыбеніцамі Мураўёва-вешальніка.
Ды і за "польскім часам" не надта рваліся ўвекавечваць памяць пра Каліноўскага. Для тагачасных уладаў ён быў занадта радыкальным, інакш кажучы "чырвоным" правадыром мужыцкіх (беларускіх) масаў. У сваю чаргу для тагачасных сапраўдных чырвоных падпольшчыкаў-камуністаў лічыўся занадта "белым", зпольшчаным нацдэмам.
Членам КПЗБ было не да помнікаў. Яны з усіх сілаў набліжалі светлае "заўтра", якое ўжо колькі пяцігодак палымнела на Усходзе. Аднак калі тое "заўтра" урэшце-рэшт завітала да нас у верасні 1939 года, капэзэбоўцы ўзяліся за ламы і кіркі і пачалі разбураць нават тыя нешматлікія помнікі героям Студзенскага паўстання, што паспелі ўзвесці. Яскравы прыклад таму - разбурэнне помніка ў Свіслачы аднаму з паплечнікаў К.Каліноўскага, апошняму кіраўніку паўстання - Рамуальду Траўгуту. Акцыяй мясцовых "змагароў" кіраваў таварыш Вайнер. Але гэта ўжо асобная размова.
Гадоў праз дваццаць, ужо пры савецкай уладзе, памяць пра К.Каліноўскага спаквалля пачала ажываць. Там-сям у гарадах і мястэчках вуліцы пачалі называцца яго прозвішчам. Нельга не ўзгадаць, што ў 1964 годзе, улетку, у Свіслачы на свае вочы давялося пабачыць мініяцюрны бюсцік (хай сабе) К.Каліноўскаму побач з райкамам КПБ. Пад бюсцікам красавалася папяровая шыльдачка пад шклом, у рамачцы і з надпісам на рускай мове - К.Калиновский. На маю заўвагу першаму сакратару райкама таварышу Апрышчанку, што гэта б смяротна абразіла героя, апошні адказаў: "А какая, собственно, разница. - а пасля крыху падумаўшы, дадаў - хорошо, что хоть такая есть".
І гэта праўда. Вунь на тым жа Лукішскім пляцы ў Вільні на памятнай пліце напісана - Костас Калінаўскас. У якасці каментара напрошваюцца словы Ф.Багушэвіча: "Чым то дзеецца на свеце…"
І вось толькі напрыканцы ХХ ст. "Яська гаспадар з пад Вільні" нарэшце дачакаўся сапраўднага помніка. Праўда, не на сваёй радзіме, у Беларусі, а на тэрыторыі незалежнай Літвы, у прыгранічных Салечніках, непадалёку ад дарагой Вільні.
Чаму ж так сталася, што на Радзіме, за якую змагаўся і аддаў маладое жыццё, К.Каліноўскаму, якога і цяперашнія і тадышнія ўлады, лічаць нацыянальным героем не знайшлося месца яго помніку?
Калі ўзгадаць былое, то гаворка пра гэта вядзецца ў Беларусі даўно. Праўда, дыскусія неяк зацьмяла справу. Асобныя гарачыя галовы нават прапаноўвалі ў кожным райцэнтры замест Леніна паставіць Каліноўскага. Аднак, Ільіча так і не знялі, а Каліноўскага не паставілі. Праўда, у дыскусіях дайшлі да высновы, што помнік трэба ставіць у Гродне. Беларускія скульптары дружна ўзяліся за працу і, калі помнік ужо быў гатовы, аказалася, што не дагадзілі дзяржаўнай камісіі. Не спадабалася чыноўнікам версія ні на баявым кані, ні з "Мужыцкай праўдай" у руках. Камісія заключыла: атаман, дыктатар, правадыр сялянскіх бунтаў і нават… уніяцкі дзеяч. Словам, антырускі нацыяналіст. На гэтым усё і скончылася.
Праўда, гэту ідэю падхапілі беларусы з замежжа. Пётра Малафей з Салечнікаў, што ў Літве, здолеў прыцягнуць вядомага беларускага скульптра В.Янушкевіча да працы і выдатны помнік заняў прыстойнае мейсца ў невялікім мястэчку ў Літве. На ўрачыстасць адкрыцця сабраліся людзі з ўсяе акругі: і беларусы, і літоўцы, і палякі. Выступленні гучалі на ўсіх мовах, справу благаславілі святары, у некаторых нават цяклі і слёзы. Усё гэта адбылося незадоўга да пачатку 2000 года.
Ды і месца, як аказалася, добрае: побач Рудніцкая пушча, якая мяжуе з Берштаўскай, Гродзенскай. Менавіта ў гэтых месцах дзейнічалі падчас Студзеньскага паўстання аддзелы Людвіка Нарбута і іншых змагароў за свабоду. Верагодна, што менавіта ў маёнтку Далецкіх дзейнічала друкарня, дзе Каліноўскі выдаваў сваю "Мужыцкую праўду". Адным словам, помнік стаіць, як гэта і патрэбна. Толькі, як і звычайна ў нас здараецца, не ў Беларусі. Зрэшты, гэта таксама іншае пытанне.
В.ІВАНОЎСКІ
|