Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

20 студзеня ў 16 гадзін у гродзенскім Новым замку адбылася вечарына, прысвечаная 50-годдзю з дня смерці Юзафа Ядкоўскага, стваральніка першага музея ў Гродне.

Юзаф Ядкоўскі: вядомы і невядомы

Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся 20 снежня 1890 года ў небагатай сям'і рамеснікаў у Гродне. Вучыўся ў мужчынскай гімназіі, дзе гісторыю ў той час выкладаў вядомы гродзенскі гісторык і краязнаўца Е.Ф.Арлоўскі. Менавіта Е.Арлоўскі ("русафоб") прывіў Ядкоўскаму ("польскаму нацыяналісту") любоў да гісторыі роднага краю. Паралельна з гімназіяй Юзаф наведваў тайныя курсы Элізы Ажэшкі па польскай гісторыі і літаратуры - яны мелі несумненны ўплыў на патрыятычнае выхаванне Ядкоўскага.

У чатырнаццацігадовым узросце Юзаф належыў да тайных маладзёжных арганізацый патрыятычнага накірунку. Дзякуючы ўспамінам Б.Шушкевіча "Арганізацыя гродзенскай ППС у 1898-1910 гадах", вядома, што ў 1904 г. Ядкоўскі быў сябрам гуртка ППС у Гродне і дапамагаў атрымліваць нелегальную літаратуру на чыгуначнай станцыі (пад выглядам галантырэі і металічных вырабаў) і распаўсюджваць яе ў вучнёўскіх колах. Свае гістарычныя даследванні Юзаф пачаў яшчэ гімназістам. Калі яму ішоў 17 год, выйшлі першыя публікацыі ў "Дзенніку Віленскім" (напрыклад, артыкул "1863 год и гродненская школьная молодежь" у №158). Прызнаннем таленту і заслуг маладога гісторыка могуць быць падараваныя яму кнігі з аўтографамі аўтараў. Арлоўскі напісаў на сваёй кнізе "Судьбы православия в связи с историей латинства и унии в Гродненской губернии в ХІХ столетии (1794-1900)" наступнае: "Дорогому И. Иодковскому на добрую память от составителя 23 апреля 1907 года.". У гэтым жа годзе Ядкоўскі атрымаў ад У.С. Манасеина "Исторический очерк Гродненской губернии в военно-политическом отношении за первые сто лет ее существования (1802-1902)". Уладзімір Сяргеевіч напісаў: "Многоуважаемому Иосифу Осиповичу Иодковскому на добрую память от В.С. Манасеина 11 октября 1907 года.". У 1908 годзе беларускі вучоны-славіст М.А. Янчук падносіць Ядкоўскаму сваю працу "О мнимых народных белорусских песнях исторического и мифологического содержания" з надпісам "Господину И. Иодковскому от автора М. Янчук…". Звярніце ўвагу на словы "дарагому", "шматпаважанаму" і "гаспадзіну".

У 1912 годзе Юзаф Ядкоўскі скончыў з адзнакай "выдатна" і тытулам "вучоны археолаг" маскоўскі Археалагічны інстытут. Тут абараніў дысертацыю аб літоўскай грыўне і працаваў лабарантам. Потым у Румянцаўскім музеі займаўся каталагізацыяй архіваў і матэтыялаў, вывезеных пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Сабраў каля тысячы фатаздымкаў і малюнкаў для кнігі "Pamiatki polskie w Rosji", але з-за фінансавых цяжкасцяў не мог яе выдаць. Як член-карэспандэнт Маскоўскага Археалагічнага таварыства (28.02.1914), з'яўляўся кансэрватарам помнікаў даўніны па Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губерніях. У ваяводскім архіве г. Беластока я знайшоў дакумент, які выйшаў з канцэлярыі Гродзенскага губернатара да паліцмайстраў і спраўнікаў губерніі (26.03.1914). У ім гаварылася: "Императорское Московское археологическое общество командирует своего члена Иосифа Иосифовича Иодковского в гор. Гродно и Гродненскую губернию для производства археологических исследований и раскопов, изучения архивов, а также для осмотра, снятий фотографий, планов, зарисовок с древних церквей и других памятников.

Давая знать об изложенном, предписываю вам оказывать Иодковскому законное содействие при исполнении им возложенных на него обществом поручений".

У 1913-1914 г.г. Ядкоўскі пабываў у Гродне, Лідзе, Крэва, Гарадзішчы пад Баранавічамі, Сынкавічах, Супраслі, Міры і іншых населяных пунктах, дзе даследаваў касцёлы, замкі, палацы.

Разам з В. Шукевічам правёў археалагічныя раскопкі ў Начы, на палях Ланкішак, у Дубічах, планаваў правядзенне даследванняў і рэканструкцыі замкаў у Троках, Медніках, Лідзе, Крэве і Міры. Дзякуючы Ядкоўскаму, захаваліся такія помнікі культуры, як іканастас ХІІ ст. у Супраслі (РП), фрэскі О.Губля ў Гарадзішчы пад Пільчовым.

У 1914 годзе Ядкоўскі атрымаў узнагароду імя графа Уварава за рэферат "Умацаваныя храмы на Літве", а таксама загад і фінансавую датацыю на даследванні тэрыторыі Віленскай і Гродзенскай губерняў у межах падрыхтоўкі да ХУІ з'езду расійскіх археолагаў у Пскове. У гэтыж час Ядкоўскі атрымаў прапанову заняць пасаду захавальніка фондаў урадавага музею ў Вільні, але няглядзячы на пратэкцыю Археалагічнай камісіі ў Пецярбурзе, Маскоўскага Археалагічнага таварысва і міністра асветы Л.А. Кассо на пасаду не атрымаў, бо быў католікам і палякам.

Падчас Першай сусветнай вайны Ядкоўскі быў кіраўніком эвакуацыйнага пункту ў Арысе, потым выконваў абавязкі ў Чырвоным Крыжу, працаваў у кіраўніцтве фартыфікацыйнага інтэнданства, дэмабілізаваўся ў 1919 годзе. Працу пачаў у якасці кіраўніка Бюро Камісіі дзяржаўнай апекі над помнікамі мастацтва і культуры па г. Гродна і Гарадзенскім павеце. Публікацыі Ядкоўскага, сабраныя ў Расіі матэрыялы, дапамаглі пасля вайны Рэвіндыкацыйнай Польскай Камісіі дамагацца на перегаворах вяртання Польшчы здабыткаў, вывезеных пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

19 ліпеня 1920 года Гродна было занята войскамі 3-га коннага корпуса Г.Д. Гая. Ядкоўскі разам з другім членам Камітэта апекі над помнікамі мастацтва і культуры пры Гродзенскім старостве інжынерам В. Германам займаліся эвакуацыяй найбольш каштоўных экспанатаў. На станцыю Ласосна за дзень да ўвахода ў горад Чырвонай Арміі яны вывезлі 10 вялікіх скрынь. А ў тры гадзіны папалудні 19 ліпеня ад'ехалі ў Влацлавак.

Потым Ядкоўскі добраахвотна ўступіў у Войска Польскае і ўдзельнічаў у вайне 1920, быў адзначаны Залатым Крыжам Заслугі. Па заканчэнні ваенных дзеянняў Ядкоўскі вярнуўся ў Гродна і шукаў тыя матэрыялы, якія засталіся ў горадзе і часткова знаходзіліся ў Беларускім музеі, створаным Гродзенскім РВК. У 1922 годзе назначаны ваяводскім кансэрватарам здабыткаў у Беластоку, але хутка вярнуўся ў Гродна, дзе да 1936 года заставаўся дырэктарам музея. На гэтай пасадзе наладзіў кантакты з музеямі і бібліятэкамі Літвы, Польшчы, Украіны, якія дапамагалі папаўняць фонды музея, праводзіў навуковыя даследванні, раскопкі ў Ваўкавыску (Швецкая гара) і Гродне (Каложа, Замкавая Гара).

У музеі Ядкоўскі сабраў багатую бібліятэку, якая мела каля 15 тысяч тамоў, выдаваў штогоднік "Muzeum w Grodnie" ("Музей у Гродне"). У 1924 годзе Ядкоўскі дабіўся перадачы для музея часткі Старога Замка. З 1928 года актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці Замкавага кураторыя, створанага з мэтаю каардынацыі прац па вывучэнню і захаванню Замкавай гары і Старога замка. Садзейнічае дзейнасці Таварыства дапамогі народным промыслам і ткацкім курсам для вясковых дзяўчынак.

Малавядомы нам Ядкоўскі, як рысавальшчык і фатограф, хаця аловак і фатаграфічны апарат былі такімі ж сродкамі працы гісторыка, як і яго пяро. Я прагледзяў надрукаваныя працы Ядкоўскага і прыйшоў да высновы, што многія з іх маюць яго малюнкі, фатаздымкі, чарцяжы, схемы, планы. Вядомы факт: у Маскве Ядкоўскі сабраў у музеі імя Румянцава звыш тысячы малюнкаў і фатаздымкаў для выдання альбома "Польскія помнікі ў Расіі". Знайсці бы іх і паглядзець, колькі там асабістых прац Юзафа Юзафавіча? Нездарма ж ён некаторы час вучыўся ў Акадэміі мастацтваў і займаўся пластыкай, падтрымліваў кантакты з будучым акадэмікам Грабарам.

Ужо ў першых працах Ядкоўскага ў "Swiatowicie" ёсць малюнкі алоўкам замкавай гары пад Драгічынам, в. Беражаны Аўгустоўскага павета, археалагічных знаходак. У кніжцы "Grodno" можна ўбачыць 8 малюнкаў Старога замка, Каложы, Фары, бажніцы, батароўкі, касцёла бернардынак, падвор'е дому пры вул. Маставой. 7-21 кастрычніка 1928 года ў Гродзенскім музеі адбылася выстава прац мастака У. Хофмана, а сярод музейных экспанатаў дэманстраваліся работы Ядкоўскага: акварэль "Стары замак перад адбудовай", праекты адбудовы Старога замка, адхілення філяраў у сенатарскай зале і рэканструкцыі архад.

У фондах ГДГАМ таксама захоўваюць малюнкі і чарцяжы Ядкоўскага (і не звыш 10, як пісаў у сваім артыкуле І. Трусаў, а звыш 24), выкананыя на паперы і кальцы. Патрэбны іх дэталёвы аналіз спецыялістаў, таму я назваў толькі для прыклада працы, якія маюць подпіс Ядкоўскага (J. J, J. Jodkowski, J. J. і больш замыславатыя). Перш за ўсё гэта працы, якія выстаўляліся ў музеі ў 1928 годзе і малюнкі Старога замку, касцёла і кляштара Бернардынак, Гродзенскай фары перад пажарам 1892 года, якія прыведзены ў кнізе "Grodno", чарцяжы Мірскага замка, помнікаў гісторыі і культуры ў Сынкавічах, Малым Мажэйкаве, Цэханове, Чарніцы, Гродне.

Дапаўненнем малюнкаў Ядкоўскага з'яўляюцца ягоныя фатаздымкі. Убачыць іх можна у тых жа працах гісторыка: "Grodno", "Grodno wczesnosredniowieczne…" (1934), "O znakach na cegle "teremu" ksiazecego w Grodnie" (1934), а таксама ў выданнях "Muzeum w Grodnie" за 1922, 1924, 1925 гады. Праблема толькі ў ідэнтыфікацыі іх з творамі рук Ядкоўскага. Ён здымаў знешні і ўнутраны выгляд касцёлаў, замкаў, археалагічныя раскопкі і знаходкі, экспанаты музея, знакі на плінфах.

Некалькі слоў пра Ядкоўскага-збіральніка рэдкіх і каштоўных кніг. Калі арганізоўваўся музей, Юзаф Юзафавіч прадугледзеў стварэнне вытворчых аддзелаў: бібліятэкі, архіва, фатаграфіі і інвентарна-кансерватарскага. Аднымі з першых патрапілі ў бібліятэку 905 тамоў з былой бібліятэкі дамініканаў. Аб гэтым Ядкоўскі прасіў і дырэктара Гродзенскай гімназіі і ксяндза з канцэлярыі парафіі, дзе захоўвалася частка кніг. 9 красавіка 1920 года камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры прыняла для музея рукапісы, знойдзеныя ў падвале Публічнай бібліятэкі Гродна. 12 красавіка 1920 года на паседжанні Камісіі Ядкоўскі гаварыў аб прыняцці кніг, якія захаваліся ад бібліятэкі педагагічнага музея ў Гродне і былі знойдзены паліцыяй у падвале аднаго з дамоў. Тут былі кнігі па мінералогіі, архіталогіі, геалогіі, іхціалогіі. Ядкоўскі перавёз каштоўныя кнігі з Рудкаўскай бібліятэкі, бібліятэкі Красінскіх-Пуслоўскіх з маёнтка Свіслач. Прысылалі кнігі музеі Львова, Варшавы, Кракова, дарылі прыватныя асобы. Сам Ядкоўскі прынёс рукапісы, сярод якіх былі і канстытуцыі сейма 1793 года. Усяго назбіралася ў музеі каля 15 тысяч тамоў, у тым ліку і старадрукі XV-XVII ст.ст. Напрыклад, біблія 1561 года Кракаўскага выдання - адна з першых на польскай мове.

У 1936 г. Ядкоўскі пакінуў Гродна і перахаў у Варшаву. Для гэтага былі свае прычыны. У 1934 годзе асобая камісія разглядала вынікі археалагічных прац 1932-1933 г.г. на Замкавай гары і адхіліла яго ад кіраўніцтва. Прафесар Р. Якімовіч, крытыкуючы методыку прац Ядкоўскага, пісаў, што знойдзены матэрыял быў перамешаны ім, "як гарох з капустай". Сучасны архіёлаг М.М. Варонін у кніжцы "Древнее Гродно" пра раскопкі Ядкоўскага гаварыў наступнае: "Гэта былі ў поўным сэнсе зямляныя працы, якія праводзіліся рабочымі-землякопамі без усялякага навуковага назірання, без чарцяжоў і якой-небудзь фіксацыі археалагічных раскопак, без усякага ўліку стратыграфіі і без запісу навуковых даследванняў"

У 1935 годзе Ядкоўскі правёў раскопкі каля Каложскай царквы і ўнутры храма. Па выніках напісаў працу "Помнік абарончага тыпу на Каложы ў Гродне ў святле архіўных даследванняў" (Гродна, 1936), якая вызвала канфлікт паміж Ядкоўскім і археолагамі.

Другая сусветная вайна застала Ядкоўскага ў Варшаве, дзе ён працаваў у дзяржаўных зборах мастацтва на Замку. У 1940 г. перайшоў напачатку ў антыкварыят, а пазней - кіраўніком у аддзел антычнай мэблі ў фірме "Сучасны інтэр'ер". У час Варшаўскага паўстання хварэў, але ў кастрычніку 1944 г. апынуўся ў канцлагеры ў Прушкове. Пасля вызвалення перабраўся ў Кракаў, дзе доўгі час хварэў.

У красавіку 1945 г. Ядкоўскі вярнуўся ў Варшаву. З першага ліпеня 1947 г. пачаў працаваць кусташам, кіраўніком аддзела нумізматыкі ў музеі Нарадовым. Там ён працаваў да канца свайго жыцця. Мне давялося пачытаць дакументы ў аддзеле кадраў музея. Прозвішча Ядкоўскага сустракаецца ў спісах супрацоўнікаў, у спісах на атрыманне картак на тэкстыль, абутак, матэрыялы, на купоны на вугаль, у спісах на прывіўкі ад тыфа. Знайшоў ягоны адрас - жыў Ядкоўскі разам з жонкай Галінай і дачкой Эльжбетай на алеі 3-га Мая, 13 (гэта будынак самога музея). Тут ён і памёр 2 студзеня 1950 года.

Не стала чалавека, але засталіся ягоныя працы, якія так многа расказваюць нам аб гісторыі Гродзеншчыны, Брэстчыны, Беласточчыны. Я налічыў звыш 150 ягоных публікацый.

Ю.Ядкоўскі шмат зрабіў для даследвання гісторыі Гродна. Адным з найвялікшых яго дараў для нашага горада з'яўляецца Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей з багатым кнігазборам. Толькі ці атрымаў ён удзячнасць ад гродзенцаў? Пакуль не. На маю думку, гродзенскія ўлады павінны ўшанаваць гэта імя, назваўшы адну з вуліц Гродна яго прозвішчам. Ды і наспеў час, каб урэшце павесіць мемарыяльную дошку на будынку музея. 20 снежня 2000 г. Ю.Ядкоўскаму споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння - мы павінны паспець гэта зрабіць.

Вячаслаў ШВЕД, гісторык

Назад