Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Доктар Бiтнер - служыў Чалавецтву І Богу

У невялічкім Свіслацкім музеі яго былы дырэктар Аляксандр Сямёнавіч Палубінскі распавядаў нам аб слаўным земляку - Адольфе Бітнеры, доктары медыцыны. Праўда, ён увесь час адхіляўся ад тэмы, узгадваючы былыя часы, мястэчка, знакамітую гімназію, яе вучняў.

Я разам з польскім калегам, не перабіваючы цікавага субяседніка, чакалі толькі аднаго - калі ён загаворыць пра знакаміты бальзам.

Высветлілася, што пра знакамітага доктара з Кватэраў Палубінскаму расказаў яго дзед. Доктар Бітнер бясплатна лячыў бедных людзей. Уратаваў ён ад смерці і бацьку Аляксандра Сямёнавіча. Ужо значна пазней сталы педагог, заслужаны краязнаўца, гісторык-практык, стваральнік раённага музея, які шмат аддасць у сваім жыцці для аднаўлення гісторыі белавежскага края , даведаецца і аб тым, што радавы маёнтак Бітнераў знаходзіўся ў Ломжанскім старостве на Падляссі - цяпер гэта тэрыторыя Польшчы. Што маці Адольфа Бітнера, якая паходзіла з роду Яблонскіх, называлі Віндзентай. Бацька Здзіслаў Бітнер, прозвішча і герб узяў у спадчыну ад продкаў, якія па некаторых звестках паходзілі са Швецыі, хаця існуе немалая доля верагоднасці, што род пачаўся ад Курляндскіх немцаў, якія ў ХУІ-ХУІІІ ст. знаходзіліся на вайсковай службе ў Вялікім княстве Літоўскім. У гэтай сям'і 4 лістапада 1859 г. нарадзіўся сын, поўнае імя якога - Уладзімір Адольф.

Аляксандр Сямёнавіч акуратна перакладваў сабраныя дакументы - тоўстыя папкі з ксераксамі, выразкамі, запісамі. У майго польскага калегі святлеў твар, калі ён зачытваў, што малады Адольф у 1884 годзе скончыў курс Варшаўскага ўніверсітэта і адразу пачаў медыцынскую практыку ў мястэчку Свіслач. Навуковай спецыялізацыяй у яго была хірургія і хваробы вачэй, праўда, малады доктар цікавіўся яшчэ і фармацыяй, выкарыстоўваючы для гэтага травы Белавежскай пушчы. Да ўсяго, ён рэгулярна выязджаў на стажыроўкі ў сталічныя еўрапейскія клінікі.

Зацікаўленая аповядам супрацоўніца музея не заўважала, што нехта з нас дрэнна зачыніў дзьверы і адтуль зацягвала марознае паветра. Усё ж, уставаць не хацелася, каб не перабіць цікавы аповяд. Зрэшты, у вочы увесь час трапляла яркае сонейка і я адварочваў іх у бок, дзе стаяў вялікі стол з макетам плана былой Свіслачы.

У 1893 годзе Адольф Бітнер пабраўся шлюбам з Клемянцінай Гліндзіч - з бліжляжачага маёнтку ў Кватэрах. У самой Свіслачы доктар прапрацаваў 14 гадоў, а стаўшы гаспадаром у Кватэрах, заснаваў тут шпіталь. Па папулярнасці гэты чалавек не меў сабе роўных ва ўсёй акрузе. Нездарма ўдзячныя свіслачане ў 1924 годзе пераназвалі вуліцу Гродзенскую ў гонар яго імя. Так было да 1940 года, пакуль вызваліцелі з Усходу не далі ёй новую назву - Камсамольская…

Перад нашай паездкай у Свіслач, я пагартаў энцыклапедычныя даведнікі, але звестак пра Бітнера не знайшоў. Толькі у некаторых перыядычных выданнях адшукаў рэкламу знакамітага бальзаму Рыхарда Біттнера. На жаль, Аляксандр Сямёнавіч, таксама пакуль не здолеў пацвердзіць версію таго, што гэты знакаміты бальзам называецца ў гонар нашага земляка. Па праўдзе, нам усім гэтага вельмі хацелася.

Некалькі гадоў таму на адной з канферэнцый у Гродне А.Палубінскаму выпадкова давялося сустрэцца з дачкою Адольфа Бітнера, якая жыве ў Польшчы і займаецца біялогіяй. Пазней з Англіі і ЗША прыязджалі яго ўнукі - Рышард і Ян. З імі, і з дазволу мясцовых уладаў, ён і ўстанавіў памятную шыльду на адным з дамоў былой вуліцы Бітнера і помнік на каталіцкіх могілках у Свіслачы.

Аляксандр Сямёнавіч водзіць нас па мястэчку і бесперапынна распавядае аб яго гісторыі: аб тым як некалі тут была знакамітая ярмарка - такіх было толькі тры ў Еўропе - у Лейпцыгу, Зэльве і Свіслачы, аб помніку Траўгута, які адзіны на цэлым свеце, аб Свіслацкай гімназіі, у якой вучыўся Напалеон Орда, аб К.Каліноўскім… Я разумею, што практычна ў кожным нашым мястэчку можна было б распавядаць нешта падобнае, але гэта не паўсюдна ёсць каму рабіць. Адчуваю, як кружыцца галава ад чыстага паветра - Белавежская пушча побач. Мне чамусці ўзгадаўся Антоні Тызэнгаўз, які пабудаваў у пушчы побач са Свіслаччу дом для Жан-Жака Русо па яго просьбе. Шкада, што вялікаму французскаму філосафу так і не ўдалося даехаць да гэтага дома - па дарозе яго ашукаў нейкі паляк, а той, у сваю чаргу, палічыўшы, што там жывуць усе такія людзі, вярнуўся ў Францыю.

Адзін мясцовы чыноўнік назваў Аляксандра Палубінскага свіслацкай энцыклапедыяй, толькі вось гуляючы па Свіслачы разумееш, што сама гісторыя тут страчана. Мястэчку не пашэнціла падчас вайны: з 776 будынкаў засталося каля сямідзесяці, а новыя ўлады, зразумела, будавалі па-новаму - звыклы савецкі тыпавы праект, як і на ўсёй прасторы ад Брэста да Курыл. Апошнімі гадамі галоўны мясцовы "вертыкальшчык" унёс і сваю лепту ў архітэктуру мястэчка: не стала цяністай алеі, старога сквера ў цэнтры горада, праўда па знаёмай завядзёнцы не далі рады дарабіць дарогу, прычым, на цэнтральным скрыжаванні. Цікава, што людзі па-рознаму ставяцца да зменаў, распавядаюць, што летам у іх цвіце шмат кветак. Толькі ёсць, напэўна, у свіслачан скрытая крыўда, што ніякі новы начальнік не раіцца з імі як змяняць мястэчка, каб зручна было ўсім. Зрэшты, гэта зразумела.

Мы стаім на магіле знакамітага ўрача. Аляксандр Сямёнавіч кажа, што трэба іншай фарбай памаляваць літары. Праз сённяшняе яркае сонейка ледзь чытаецца надпіс: "Светлай памяці Адольфа Бітнера, доктара медыцыны. Жыў 63 гады. Памёр 18 студзеня 1924 года. Служыў Чалавецтву і Богу".

Вяртаючыся ў Гродна, мы завіталі ў Кватэры. На месцы, дзе зараз знаходзіцца зноў такі будынак тыпавой савецкай школы, стаяў прыгожы маёнтак Адольфа Бітнера. Толькі рэшткі, падобна англійскага парку, нагадваюць аб тым, што тут жыў еўрапейскі гаспадар.

З часам мы, вядома, даведаемся ці меў наш славуты зямляк адносіны да знакамітага бальзаму. Ды і дзе, як не ў нашай Белавежскай пушчы настойваць падобныя лекі і гандляваць імі па ўсім свеце. Пакуль мы здольныя толькі на "Осенний букет", "Раніцу", "Загадку", "Адпачынак"… А шкада.

М.КАРНЕВІЧ

Назад