Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Шпітальны ад

Нядаўна ў нашую рэдакцыю пазваніў ветэран вайны інвалід І групы. Ён прачытаў у мінулым нумары артыкул пад назвай "Адрес беды - ассоциация инвалидов",

у якім апавядалася пра ветэранаў вайны, якія аб'ядналіся ў арганізацыю

і шукаюць спонсараў. І.Д. вырашыў падзяліцца сваімі ўражаннямі наконт адносінаў да іх (ветэранаў) у нашай краіне.

І.Д. ваяваў з 1941-га па 45-ты год, два разы быў цяжка паранены. Ён лічыць, што людзі, якія ўступілі ў вайну пазней і прайшлі яе не да канца, не павінны лічыцца ветэранамі. "Гэта проста не прыгожа. Нехта можа праседзеў палову вайны ў снапах альбо пад жончынай спадніцай. У Гродне прыкладна 100 ветэранаў, а сапраўдных з іх - толькі 5. Мне, самаму малодшаму, 76 год".

"Я баюся шпіталя болей за ад. Лекаў няма, шпрыцоў і кропельніц таксама. Прымушаюць несці свае. За дзесяць кропельніц трэба заплаціць амаль два мільёны. Раней у пульманалагічным аддзяленні бальніцы №1, дзе часта лечыцца І.Д., была спецыяльная палата для ветэранаў вайны, разлічаная на двух чалавек, з асобнай прыбіральняй. Пасля рамонту шыльду знялі, а ў палату сталі засяляць "прывілеяваных хворых". А І.Д., якога чарговы раз пывезла "хуткая", размясцілі на калідоры. На 25 чалавек - адна прыбіральня, у якой заўсёды стаіць чарга.

"Калі я ляжаў у Мінску, дык там разносілі бясплатны паёк - кавалак качкі альбо курыцы, сок. Я нават прывёз дадому 7 маленькіх шакаладак. У гродзенскай бальніцы мне далі палову яблыка - палову! - і дзве лыжкі смятаны. Усе проста смяяліся. "Ну ты і заваяваў", - кажуць.

Апошняя пенсія, што атрымаў І.Д., была 23 мільёны старымі. Чвэрць аддаў толькі за лек ад астмы. 30 гадоў ён адпрацаваў на Тонкасуконным камбінаце ў шкодных умовах. Кіраўніцтва на гэта не забылася. Пад Новы год прынеслі 1.450.000 - "на кілаграм грэчкі", ды на Дзень перамогі 700 тысяч.

Дарэчы, І.Д. пасля вайны два гады праслужыў у Войску польскім (цікава, што ў апошнім вайсковым білеце гэтага не напісалі) і атрымаў некалькі ўзнагародаў, сярод іх - медаль Грунвальда з надпісам "Braterstwo broni na strazy pokoju i socjalizmu". У Польшчы І.Д. атрымліваў добры заробак, а калі вярнуўся ў Саюз, дык (што здаецца зусім неверагодным) дык грошай, якія тут плацілі, не хапала нават каб заплаціць партыйную складку, таму ён выйшаў з партыі. З гэтай прычыны не атрымалася вайсковая кар'ера. Ад дзяржавы, акрамя мізэрнай пенсіі, ён не атрымаў нічога."Пакуль у нас такая ўлада, дактары проста вымушаны браць хабар, бо такога заробку ніколі не хопіць" - гаворыць І.Д.

Т.Б.

Назад