Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Не вер вачам сваім

З ... цукерку не зробіш

Камандзіроўка ў Мінск. Цябе чакаюць 9 гадзін у начным плацкарце з пасцельнай бялізнай колеру асфальта або пяцігадзінны рэйс у смярдзючым аўтобусе. Але нядаўна ўлады высіліліся ды пусцілі на рэйкі новы цуд беларускага транспарту. Хуткі цягнік, які давозіць да сталіцы нашай Радзімы ўсяго за пяць з невялікім гадзін. Публіка ўражана, білеты каштуюць менш за аўтобусныя і раскупляюцца імгненна. Замежнікі, напэўна, таксама былі б страшэнна ўражаны, калі б даведаліся, што суперновы беларускі экспрэс на парозе ХХІ стагоддзя цягнецца з хуткасцю прыкладна 60 км у гадзіну.

Гродна-Мінск

Перад уваходамі ў вагоны правадніцы спраўджаюць білеты. Унутры адразу ўражваюць чыстыя фіранкі ды мяккія дзвюхмесныя сядушкі. Паміж кожнымі дзвюма - празрыстая перагародка. На падлозе - дарожка. Пяць гадзін запар гучна круцяць рускую папсу. Цягнік страшэнна хістаецца з боку ў бок. Пасажыры, што разгадваюць красворды злуюцца. У Мінску на вакзале, толькі сышоўшы з цягніка, усе дзеляцца ўражаннямі са знаёмымі ды сваякамі.

Мінск-Гродна

"Уважаемые пассажиры! Вас приветствуют в скором поезде повышенной комфортабельности. В первом и последнем вагонах имеются туалеты. У нас работает видеобар, где вы можете приобрести хододные и горячие закуски, прохладительные напитки, кофе, алкоголь"... Голас з радыё перабівае ўжо добра знаёмая папса. З перагародак засталіся дзве на ўвесь вагон, дарожка знікла. У цягніку горача, але некаторыя ўхітраюцца ехаць у шапках. Ад жанчыны побач, што чытае кнігу "Крестный отец", пахне перагарам. Студэнты вучаць англійскую мову. Перагарнуўшы яшчэ некалькі старонак, суседка пазяхае і хавае твар у паліто. Праз кожную хвіліну нехта праходзіць у прыбіральню, абавязкова штурхае нечыю сумку альбо наступае на нагу. Там на працягу ўсёй паездкі стабільна трымаецца чарга ў пяць-шэсць чалавек. На сцяне каля ўмывальніка - маленькі кантэйнер з надпісам "Вадкае мыла". Як за мяжой! Але кантэйнер пусты. Затое побач - знаёмы да болю ружовы абмылак.

У відэабары прахалодна, а тэлевізар, які стаў прычынай ягонай назвы, не працуе. Вось табе і відэа! Гарачых бутэрбродаў няма. Усе п'юць піва "Лідскае", кожны глыток якога здабываецца з вялікай цяжкасцю. Справа ў тым, што столікі ў вагоне кепска прыкручаныя да падлогі, таму кожная бутэлька, пакінутая на іх без увагі, праз некалькі хвілін апынецца пад нагамі. Гарбата з пластмасавых шкляначак разліваецца імгненна. Асабліва здзекліва выглядае ў меню суп. Мужчына нападпітку спрабуе падараваць кабетам штучныя кветкі, што ўзяў з вазачкі на суседнім століку. На падлогу падае чарговая бутэлька.

Той, хто канчаткова змерз, вяртаецца з бара на свае месцы. Пасажыры ў вагонах нагадваюць наведвальнікаў карчмы з сярэднявечнай карціны галандскага мастака. Усе спяць, хто абняўшы сумку, хто - галаву. Некаторыя з чырвонымі тварамі ўглядаюцца ў цемру за вакном. На вакзале ўсе ліхаманкава пачынаюць таўчыся. Многія не могуць разглядзець сваякоў - ліхтары не гараць, а мокры снег заляпляе вочы.

І.А.

Назад