Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Прачытаць - каб суперажыць, суперажыць - каб усвядоміць, усвядоміць, каб актыўна змагацца са злом, - такая мэта кнігі успамінаў ахвяраў руска-савецкага камуністычнага рэжыму, якія пражываюць у Гродне. Кніга паўстала ў рамках супрацоўніцтва Гродзенскай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій і БСДП "Народная Грамада". Мэта кнігі - не даць нашаму шматпакутнаму народу забыць, што ёсць таталітарызм, што ёсць чужаземнае панаванне. Кніга мае значную гістарычную і маральна-палітычную вартасць, таму аўтары кнігі (а іх 16 чалавек) хацелі б яшчэ пры жыцці пабачыць надрукаваным свой запавет нашчадкам. Аднак друк такой аб'ёмістай кнігі (460 стар.) патрабуе выдаткаў, якія ні БСДП "НГ", ні Гродзенская арганізацыя ахвяраў палітычных рэпрэсій не могуць пакрыць. Таму мы змяшчаем урыўкі з гэтай кнігі, спадзяючыся, што тыя, каму ненавісны таталітарызм, хто хацеў бы лепшай будучыні для нашых дзяцей і ўнукаў, дапамогуць у фінансаванні выдання. Дабразычлівыя ахвярадаўцы могуць пералічыць свае ахвяраванні на р/р 3015003100013 у АКБ "Белпрамбудбанк" г.Гродна, МФА 152101, код 335.

КГБ - оберкат краiны Саветаў

Падаецца ў скарочаным варыянце

Калектывiзацыя

… У дзіцячым доме я атрымаў сем класаў адукацыі. Акрамя таго, мяне вывучылі і на рахункавода. Многа рахункаводаў патрэбна было тады савецкай уладзе, бо сталі калгасы рабіць. Было мне няпоўных 16 гадоў, і накіравалі мяне ў вёску Прусы Крываносаўскага сельсавета Старадарожскага раёна. Прыехаў я і папаў на самы разгар калектывізацыі. Калектывізацыю называлі тады яшчэ і ліквідацыяй кулацтва як класа. Толькі лічылася, што Прусы - гэта вёска, але сяляне там жылі ўсе па хутарах. Былі сярод іх і бяднейшыя, і больш заможныя. Апошнія - гэта звычайна тыя, хто працаваў не разгінаючы спіны. Іх і прызналі па тым часе кулакамі, ворагамі народа, якіх трэба было раскулачыць, гэта значыць знішчыць.

Як гэта адбывалася. Прыязджаў нарад міліцыі. Да нашай вёскі быў прыстаўлены 25-тысячнік, яўрэй з Бабруйска. Ён быў як палітрук, заўсёды хадзіў з наганам. Быў і старшыня калгаса па прозвішчы Мароз, які ведаў і мог пісаць толькі 5 літараў: "М-а-р-о-з", а ў астатнім быў ён абсалютна непісьменным; гэты нагана не меў. Дык вось, яны абодва, яшчэ да іх два міліцыянеры з раёна ды некалькі сваіх сельскіх, нібыта дэпутатаў, завальвалі на надворак да вызначанай няшчаснай сям'і, грукалі ў дзверы і абвяшчалі, што "згодна з рашэннем раённага савета за нумарам такім-та вы падлягаеце раскулачванню, г. зн. дзяржава канфіскуе ўсю вашу маёмасць, і вам забараняецца пражываць у дадзенай мясцовасці". Гібельцам дазвалялася браць з сабой толькі столькі рэчаў і ежы, колькі яны маглі панесці на сабе. Пачыналася галашэнне, слёзы і скрыгат зубоўны, але нікуды не дзенешся. Пакавалі яны свае рэчы і харчы ў мяхі, узвальвалі іх на спіну - і на падворак. Там цярпліва чакаў іх любімы конік-кармілец, ужо запрэжаны ў іхні ж воз. Мяхі ўзвальваліся на падводу, зверху саджаліся малыя дзеткі, і гэтае скрушнае шэсце - увасабленне апакаліптычнага няшчасця: спераду вазок з фурманам-дэпутатам і заплаканымі дзяцьмі, ззаду нібы гнаныя ў татарскі палон дарослыя, па баках міліцыянеры з вінтоўкамі - рушыла па палявой дарозе праз Крываносы на Старыя Дарогі ў невядомае, насустрач усім сямі пякельным кругам і непазбежнай гібелі. Але я пра гэта тады яшчэ не здагадваўся, а яны сваім здагадкам, напэўна ж, не хацелі і не маглі даць веры.

З астатнімі няпрошанымі гасцямі я павінен быў апрыходаваць пакінутую маёмасць: інвентар, будынкі, жыўнасць, г.зн. пісаць пад дыктоўку: бочка сала, бочка тлушчу, мех грэчкі і г.д. Колькі ў тых бочках было кілаграмаў, нікога не цікавіла. І ўсё гэта размяшчалася на складах на цэнтральнай сядзібе: крупы, мука - асобна, тлушчы - асобна. Скаціну - кароў, коней, свіней, авечак - зганялі на абраны для гэтага хутар. З курамі-гусямі было, канешне, цяжэй: многа іх пералетавала да зімы безнагляднымі - хто хацеў, той і лавіў іх. Сумнае відовішча ўяўлялі пакінутыя хутары: прыстойныя парасхлябаныя пабудовы, куры грабуцца ў пяску, сабакі адзічэлыя хаваюцца ў кустоўі, кот цікуе з адчыненых наўсцяж дзвярэй пуні... Нават свінням некаторым удавалася ў той неразбярысе пазбегнуць швайкі і пагуляць нейкі час на прыродзе. На сенавалах ці ў бур'яне можна было знайсці клады яек...

Якія ж яны былі, каторыя рабілі гэтую агідную працу? Ну вось Мароз. Ён меў пячатку, якую яму прывёз з раёна гэты самы 25-тысячнік. Яна была металічная, закручвалася на разьбе. Трымаў ён яе ў палатняным мяшэчку. Пішу я, бывала, пад яго дыктоўку якое-небудзь данясенне, прашэнне ці справаздачу ў раён - ён абавязкова ў канцы загадае прачытаць напісанае і, хіба нe верачы, што сапраўды можна запісаць чужыя словы, кожны раз яшчэ і перапытае, ці сапраўды я так напісаў. Пасля гэтага дастане з машны сваю пячатку, доўга на яе хукае, прыкладзе да паперы і так цісне, што аж пот на носе выступіць. Нарэшце адарве пячатку і са шчаслівай усмешкай пачынае любавацца прыгажосцю, паўсталай з-пад яго рукі. Галоўнай яго задачай, аднак, было выконваць распараджэнні 25-тысячніка.

А 25-тысячнік запомніўся мне наступным. Кожную суботу запрагае ён найлепшых коней з найлепшай збруяй у найлепшы воз, загадвае мне паадкрываць кладоўкі і толькі пакрыквае: нясі яму на падводу тлушч, нясі яму сала, масла, нясі яму грэчку, муку. Наладуе цэлы воз - і папёр у Бабруйск; прыязджае ў нядзелю вечарам, але ўжо на пустым возе. У наступны выхадны дзея паўтараецца. Вось так ён будаваў калгас. Што здарылася потым з гэтым дваццаціпяцітысячнікам, я не ведаю, але ў Мароза сумленне, відаць, не да канца было разбэшчанае, бо потым ён уцёк у горад, уладкаваўся на нейкай вытворчасці (я яго ў канцы трыццатага года сустрэў у Мінску).

Атрымаўшы ў 35-м годзе дыплом тэхніка-будаўніка, я намерыўся паступаць у Вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча ў Маскве, але спазніўся: набор там быў ужо праведзены. Прыйшлося мне ні з чым вяртацца ў Мінск. Забралі мяне ў войска і прапанавалі працаваць у разведцы. Выбару не было, мусіў згадзіцца. Гэта так лічылася, што разведка, а на самой справе выкарыстоўвалі мяне як палітычнага кантрабандыста. Рэгулярна мусіў нелегальна пераходзіць на польскі бок мяжы і пераносіць на сабе іншы раз лёгкі пакет за пазухай, а іншы раз і цяжкі рукзак. Што там было ў тых пакетах і рукзаках, не ведаю і да гэтага часу. Але здагадваюся, што гэта былі грошы, ці літаратура, ці яшчэ якія матэрыялы для камуністычных нелегалаў у Заходняй Беларусі.

Паранілі мяне ў нагу, ледзь давалокся да кантрольнай паласы. Адляжаўся ў шпіталі і надумаў адмовіцца ад такой службы. Я ведаў, што такая адмова раўнялася дэзерцірству, але вырашыў, што ў лагеры, можа, і выжыву, а на гэтай службе рана ці позна ўсё роўна заб'юць. Пайшоў я да камандзіра і далажыў аб сваім рашэнні. Ён мяне паспрабаваў угаварыць, прадказваў, што са мною можа стацца, але я стаяў на сваім. Прыйшлося яму далажыць пра ЧП з "вольнонаёмным техником" у асобай часці...

Саракавы кIламетр

Калі пачалася вайна, то ўсіх такіх, як я, літарных, што мелі нібыта сувязі з ворагам, сабралі ў лагеры на прыіску Джэлгала. Гэта быў мой трэці прыіск на Калыме. І там я канчаткова дайшоў, стаў "дахадзягам". Адправілі мяне "папраўляць" здароўе на ТЭС-1. Пры гэтай цеплаэлектрастанцыі быў так званы "пищекомбинат". Гэта летам такія дахадзягі, як я, збіралі па тайзе ягады, грыбы, ссыпалі ў бочкі і прывозілі на камбінат. Там ягады высыпалі ў чаны, дзе яны брадзілі: так выраблялася віно. Каму і куды яно ішло, магу толькі здагадвацца. Грыбы марынавалі, сушылі. Але ж пры гэтым харчкамбінаце быў яшчэ і карбідны цэх. Карбід - гэта прадукт перапрацоўкі нягашанай вапны і коксу. У гэтым цэху праз два тыдні пачынаеш харкаць крывёю, праз месяц загінаешся зусім. Вось туды, да гэтай вапны, і паставілі мяне папраўляць здароўе. Працаваў я там з Мустаф'евым Мікалаем, карэнным адэсітам, мараком, асуджаным "Особым совещанием". Нягледзячы на такія цяжкія ўмовы працы, кармілі нас так, каб мы выпадкова не здолелі паправіцца; голад мучыў страшэнна. Думалі мы, думалі і надумалі прабрацца да таго віна. Бочкі былі за сеткамі, кратамі, але мы знайшлі спосаб - дабраліся да бочкі, прабілі скарынку ледзяную, набралі цэлае вядро гэтай кісла-салодкай пурцоўкі і паперлі на пякарню. А там працавалі былыя зэкі, але ўжо вольныя. Яны нам за вядро бурды давалі баханку хлеба. Аднак нядоўга цешыліся мы нашай кемлівасцю: злавілі нас, далі нам па 6 месяцаў штрафняку і адправілі на саракавы кіламетр у лагер смерці. Самы здаровы са зняволеных, які трапляў туды, не выжываў даўжэй за чатыры месяцы - непазбежна паміраў ад знясілення.

Гэта была роўная пляцоўка за 500 метраў ад трасы. Яна была абнесена калючым дротам у 20 радоў, па кутах стаялі вартавыя вежы, на прахадной дзённа і ночна дзяжурыла ахова (так сказаць пільнае вока), папярэджваючы ўцёкі зняволеных. А ўцёкаў гэтых ніколі і не здаралася, бо куды ўцякаць? Вакол "галодная" тайга на тысячы кіламетраў, ды і ўцякаць няма каму: зняволеныя - адныя дахадзягі з лагера акціраваных.

Лагер на 40-м кіламетры - гэта апошні этап жыцця на Калыме. Тут замест расстрэлаў зняволеных забівалі голадам. Чэкісты ўразнастайвалі метады масавых забойстваў. Вучоныя-медыкі сістэмы лагераў Дальстрою "навукова" абгрунтоўвалі рацыёны харчавання, ад якіх любы здаровы чалавек не выжыў бы даўжэй за 6 месяцаў. А што тут ужо было гаварыць пра дахадзягаў...

Адзетыя штрафнікі былі па форме лагераў, адкуль іх этапавалі. Нягледзячы на моцныя маразы (а ў раёне Аймякона яны даходзілі да мінус 60 градусаў), валёнкі зняволеным не выдаваліся з 1941 года. Абувалі зэкаў у чуні - хадакі з вяровак. Адзенне дахадзягаў было другога ці нават трэцяга тэрміну, знятае з памерлых ці расстраляных зэкаў. Сустракаліся, аднак, і зэкі, абутыя ў валёнкі, адзетыя ў лагернае амундзіраванне першага тэрміну: канешне ж, гэта былі крымінальнікі, "нашыя савецкія людзі", якія папалі туды хіба што выпадкова.

Вось у гэтым лагеры і апынуліся мы з Мустаф'евым Мікалаем. Аднак калі мы былі яшчэ ў папярэднім лагеры, то даведаліся, што туды з цэнтра ўжо прыйшлі нашыя ўліковыя карткі з пазначэннем тэрміну вызвалення. Мы, такім чынам, ужо ведалі, што мне да дня сканчэння тэрміну зняволення заставалася яшчэ 2 месяцы і некалькі дзён, тэрмін Мікалая канчаўся на месяц пазней. Сталі мы думаць ізноў, як жа нам уратавацца на гэтыя апошнія месяцы ад галоднай немінучай смерці...

А начальнікам лагера быў чэкіст маёр Ярома, гадоў шасцідзесяці, з ярка выяўленай схільнасцю да "зялёнага змея", нервовы, вялікі аматар рукапрыкладства, г. зн. па ўсіх мерках чэкіст сталінскіх часоў. Начальнік Яромка, так называлі яго зэкі, знаходзіўся ва ўзнёслым стане: ён перажываў мядовы месяц.

Кіламетраў за 25 ад нашага лагера знаходзіўся чыста жаночы лагер саўгаса "Эльген". Начальніцай там была вядомая на ўсю Калыму яўрэйка Цымерман. Яна праславілася выключна садысцкімі адносінамі да зняволеных жанчын. Аб ёй хадзілі самыя неверагодныя чуткі. Расказвалі, што за самую малую правіннасць яна з вінаватае бізуном скуру здзірала...

Дык вось, з гэтага лагера вызвалілася адна маладая жанчына, яе і "засватаў" маёр Ярома. А куды ёй было дзецца? Калі мы прыбылі ў штрафняк, у начальніка мядовы месяц толькі распачынаўся, і ён не хадзіў - гогалем лётаў.

- Адзіны і апошні шанец нам тут выжыць - гэта душэўны стан начальніка.

Гэтыя словы майго сябра я прыняў спачатку за яго чарговы жарт. Мікалай растлумачыў падрабязней:

- Ты бачыш, у якім амурным стане начальнік штрафняка? Яму цяпер справы лагерныя, як кажуць, да лямпачкі. Уся яго ўвага скіраваная на маладую жонку, і мы павінны гэта выкарыстаць. Ты чуў, як ён вечарам пытаў, хто з зэкаў жадае пайсці працаваць у пахавальную каманду?

Ніводзін з зэкаў не выказаў жадання, бо праца там непасільная. Па правілах, на памерлага павінна быць выкапана асобная магіла памерам два на адзін метр у аснове і два метры глыбінёй. І гэта ў вечнай мерзлаце, уручную, кіркай, ломам і рыдлёўкай. А штодзённа трэба было хаваць 2-3 чалавекі, бо такая была "прадукцыйнасць" маленькага цэха Калымскай фабрыкі смерці на 40-м кіламетры. Я і кажу Мікалаю:

- Як жа мы выкапаем за дзень тры ямы ў вечнай мерзлаце, што мы - экскаватары?

- Не твая справа. Усё прадумана і абмазгавана. Калі ты не згодзен, я вазьму іншага напарніка!

Разважаць не было чаго, і я пагадзіўся. Мы накіраваліся да начальніка. Па дарозе Мікалай папярэдзіў, каб я нічога не гаварыў, ён сам скажа што трэба. Начальнік быў на прахадной, і нас да яго пусцілі. Дзяжурыў вахценны ахоўнік з п'янай фізіяноміяй, высокага росту, з украінскім акцэнтам. На вахце было вельмі цёпла, і гэта іх расслабіла. Мікалай назваўся начальніку па правілах і растлумачыў, што мы жадаем працаваць на пахаванні памерлых. Рэакцыя начальніка была амаль зычлівай. Ён спытаў у вахценнага, колькі ёсць непахаваных. Той адказаў, што пяць чалавек. Тут жа начальнік распарадзіўся выдаць нам санкі, вяроўкі, лапаты, лом, кірку і два матрацы для перавозкі торфу і растлумачыў, што за кожнага пахаванага ён будзе нам выдаваць па 100 грамаў хлеба і 25 грамаў махоркі.

Дамоўленасць адбылася, і мы пайшлі аглядаць нашу "гаспадарку". Ключ ад мярцвяцкай нам выдаў дзяжурны вахцёр. Там было пяць трупаў, задубелых у розных позах. Мароз прайшоў па целе. Страшна было глядзець, да чаго іх давялі слаўныя чэкісты. Кожны памерлы ўяўляў сабою шкілет, абцягнуты скурай: ні грама тканкі, літаральна толькі косці і скура. Трупы валяліся на земляной падлозе, брудныя.

Бані ў штрафняку не было. Ахоўнікі ездзілі мыцца ў цэнтральны лагер, а для зэкаў-штрафнікоў раз на два тыдні прыязджала "вашабойка", якая дэзінфекавала адзенне і шэрыя салдацкія коцы. Больш у штрафнікоў нічога не было. Ім па прыбыцці ў лагер акрамя коца выдаваліся матрац і навалачка, якія трэба было набіваць саломай ці сенам. Але паколькі на Калыме ні саломы, ні сена не было, то зэкі спалі на голых нарах, зробленых з кругляка, нават неабшкуранага. І вось на гэтых нарах бавілі свае апошнія дзянькі калымскія смяротнікі. Амаль ні ў кога не было сілаў, каб залезці на верхні ярус нараў, а там было цяплей, чым унізе. Каб не мулялі круглякі насцілу ў рэбры, яны здымалі целагрэйкі і падсцілалі іх замест матрацаў. Ціснучыся адзін да аднаго, яны спрабавалі сагрэцца.

Адзінай тэмай усіх размоваў была ежа. Кожны ўспамінаў, як ён смачна некалі еў, што еў, дзе гэта было. Амаль усе згаджаліся з тым, што каб зараз уволю наесціся, то хай бы й расстралялі. Размовы гэтыя не канчаліся ні днём ні ноччу. Дзвесце дахадзягаў на працы не хадзілі, а ледзь сноўдаліся, чакаючы сваю смяротную хвіліну. Назіраць гэта было звыш чалавечых сілаў.

Пакуль я быў на Калыме, не было аніводнага выпадку адпраўкі з яе зняволеных, быў толькі завоз. Праўда, у 1940 годзе чалавек 250 аслеплых пасадзілі на акіянскі параход "Джурма", які ў Ахоцкім моры з людзьмі гэтымі і патануў. Чэкісты пусцілі пагалоску, што яго патапілі японскія дыверсанты. На такія байкі яны былі штукары, гэтага ў іх не адымеш.

(Яшчэ раней пры праходжанні праліва Лаперуза на гэтай жа Джурме здарыўся пажар. Японцы прапанавалі дапамогу, але каманда, задраіўшы люкі, адмовілася ад дапамогі. Ужо ў Ахоцкім моры трупы ўчадзелых пасажыраў былі проста выкінутыя за борт. А. Салжаніцын. Архіпелаг ГУЛАГ, кніга 5. чстка 2, гл.3.)

І вось, агледзеўшы трупярню, мы зноў з'явіліся на вахту, і сам начальнік павёў нас паказваць могілкі. Яны знаходзіліся метраў за 700 ад лагера, за трасай, у парослым сланнікам яры.

Пасля палудня, узяўшы санкі, матрацы, рыдлёўку і вяроўку, мы папляліся да штабялёў торфу. Насыпалі поўныя матрацы торфу, паскладалі іх на санкі, прывязалі вяроўкай, упрагліся і павезлі на могілкі. Там мы расчысцілі ад снегу грунт, па габарыту магілы расклалі вогнішча і зноў паехалі па торф. Праз пару гадзінаў касцёр прагарэў, і мы выбралі адталы грунт. Адтала сантыметраў 20. Ізноў расклалі ў ямцы новае вогнішча, ізноў пайшлі па торф. Стала ясна, што пры самай інтэнсіўнай працы мы не зможам забяспечыць магіламі ўсіх памерлых. Пра гэта я і сказаў Мікалаю.

- Не хвалюйся, кіруха, усё прадумана і ўзважана, - адказаў ён.

Мне заставалася слухацца і падпарадкоўвацца, але я ўсё яшчэ не разгадаў яго задумкі.

- Пайшлі да начальніка, - сказаў ён.

На раніцы (было 10 гадзінаў) начальнік уваходзіў у зону лагера. Мікола падышоў і папрасіў яго агледзець выкапаную магілу. Начальнік здзівіўся, убачыўшы нашу працу, і іранічна заўважыў, што мы, як краты, рыем хутка. На вахце ён распарадзіўся выпускаць нас за зону ноччу для выканання пахаванняў.

- Вось цяпер, Кіруха, гэты пёс смярдзючы намі куплены. А далей: убачыш - зразумееш. Пайшлі паспім, нам уставаць у гадзіну ночы.

А другой гадзіне ночы мы былі ў трупярні. Тым часам наш "полк" атрымаў папаўненне: замест пяцярых, ляжала ўжо сем мерцвякоў. Палажылі мы на санкі два трупы, прывязалі, каб не згубіць па дарозе. Усё ж ноч, дый неба зацягнута хмарамі. На прахадной вахцёр палічыў трупы, і мы павезлі іх на могільнік.

Канец лістапада і снежань суправаджаюцца на Калыме снежнымі заносамі. Мы ледзь знайшлі выкапаную магілу, яна была поўнасцю засыпаная снегам. Але за-мест таго, каб ачышчаць дол ад снегу, Мікалай, на маё здзіўленне, развязаў вяроўкі, узяў адзін труп, узваліў яго на плечы, мне загадаў браць другі, і панёс яго прэч ад магілы. Аднёсшы метраў за сорак, ён засунуў труп пад галінкі сланніка ў снег. Тое ж самае зрабілі мы і з другім трупам.

- Вось і ўсе пахароны! - аб'явіў ён.

Так пачалася дзейнасць нашай пахавальнай каманды. Мы капалі пацёмкінскія магілы сантыметраў на 40-50, мёртвых хавалі пад галіны сланніка, пасля гэтага ямку тую засыпалі, надаючы ёй выгляд магілы.

На другі дзень за пахаванне двух трупаў выдалі нам 200 грамаў хлеба дадаткова да 400 грамаў пайковых, а таксама 50 грамаў тытуню на дваіх. Тут мы і ажылі, бо ў штрафняку зэкам табак не выдаваўся. І хоць абодва мы курылі, аднак вырашылі ўсё ж палову табаку выменяць у повара на алей і соль: іншых прадуктаў кухар не меў. Што гэта была за раскоша! Мы макалі хлеб у алей, пасыпалі соллю, а падмацаваўшыся, закурылі! Як кажуць блатары, мы былі "сверх грабежа".

Наша сумесная "дзейнасць" працягвалася 64 дні да 2-га лютага. У той дзень нарадчык аб'явіў, каб я збіраўся да адпраўкі ў цэнтральны лагер. Ніхто, акрамя мяне і майго сябра Мікалая, не ведаў, чаму мяне адпраўляюць. Мікалаю да яго вызвалення заставалася яшчэ 25 дзён. І ён паспеў вызваліцца да вясны, пры яшчэ прыхаваных зімой выніках дзейнасці нашай пахавальнай каманды. У душы я быў на сёмым небе: жыццё было выратавана дзякуючы Мікалаю і тым маім сябрам па няшчасці, якім не наканавана было дажыць да такога дня. Я ім усім і па сённяшні дзень глыбока ўдзячны.

Цёпла развітаўшыся з сябрам, пажадаўшы яму шчасліва дажыць да светлых дзён волі, я, як "ганаровы грамадзянін", з асабістай аховай, пад штыкамі і пры сабаку адбыў у цэнтральны лагер.

Прайшла доўгая калымская зіма з яе моцнымі маразамі і завеямі. Быў пагодны жнівеньскі дзень запалярнага лета, адзін з тых дзён, якія радуюць душу, нягледзячы ні на што. Я быў ужо вызвалены і працаваў. Па справах, звязаных з працай, я паехаў у пасёлак Ягаднае, раённы цэнтр Паўночнага горнага ўпраўлення, і там сустрэў аднаго знаёмага вальняшку з лагера на 40-м кіламетры. І вось што я ад яго даведаўся.

Прыйшла нарэшце вясна. У канцы мая пачаў раставаць снег, і ў штрафняку адбылося ЧП. На могілках сталі вытайваць непахаваныя трупы. Карціна была жахлівая. Аказалася, што памерлых выкінулі за лагер, не пахаваўшы. Начальнік проста звар'яцеў. Да таго ж перад самым ЧП яго маладая жонка, з якой ён жыў, па старой завядзёнцы камуністаў, не рэгіструючы шлюб, абакрала яго пад каток і знікла ў невядомым кірунку. Грозны чэкіст быў страшны і грымеў пярунам і ўсё пагражаў, што як зловіць Мікалая, то ўласнаручна павесіць яго, а калі Папова - то расстраляе, таксама ўласнаручна.

І вось выкараскаўся я з гэтага лагера смерці. Адвялі мяне ў цэнтральны лагер Таскан-1, які знаходзіўся за 5 кіламетраў. Там далі мне даведку, што я свой тэрмін скончыў, і адправілі ў цэнтр атрымваць дакументы. А цэнтр быў у пасёлку Ягаднае, а да Ягаднага ад лагера было 60 кіламетраў - дабірайся як хочаш.

Папоў Расцiслаў Мiхайлавiч (1914-1998)

Назад