Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Эмиграцыя

А жыць хацелася дома…

Трэцяга лютага Васіль Быкаў разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай ад'ехаў у Германію. Ён толькі што вярнуўся з Фінлядыі, дзе два гады знаходзіся ў вымушанай эміграцыі. І вось цяпер ізноў…, ад'ехаў таксама ціха, як і прыехаў. Не здолеў пісьменнік цярпець чарговую траўлю, якую распачаў супраць яго беларускі рэжым.

Яшчэ ў Маскве, атрымаўшы расійскую прэмію "Триумф", ён заявіў журналістам, што не можа вярнуцца ў Беларусь, паколькі там створаны невыносныя ўмовы для жыцця і працы. Праўда, у Мінск ён усё ж прыехаў, але прабыў тут менш месяца. Сустрэўся з сябрамі, калегамі, хварэў, перадаў Рыгору Барадуліну напісаныя ў Фінляндыі творы для друку ў часопісе "Полымя". Менавіта ў гэтым часопісе па дамоўленнасці з рэдактарам друкуюцца ўсе новыя творы Васіля Уладзіміравіча.

Узгадваецца той эфір на беларускім тэлебачанні 15 студзеня, калі "господа" Казіятка і Сеўрук спрабавалі перамываць костачкі народнаму пісьменніку. Адзін з іх ужо на працягу 35 гадоў нападае на творчасць Васіля Быкава, другі - здольны вучань, толькі адточвае майстэрства. Праўда, ніводнаму з іх і ў галаву не прыходзіць, што абодва не варты нават мізінца знакамітага пісьменніка, творы якога пераведзены на ўсе развітыя мовы свету, чый высокі талент ацэнены ва ўсім свеце.

З лістом на адрас віцэ-прэм'ера - міністра замежных спраў Беларусі Урала Латыпава звярнуўся прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Фраймут Дуве. Ён задаў кіраўніку знешнепалітычнага ведамства шэраг пытанняў. Ці праўда, што кампанію супраць В.Быкава ўзначальвае Уладзімір Сеўрук, якога характарызуюць як паборніка жорсткай лініі? Ці праўда, што Сеўрук ужо амаль 35 гадоў нападае на Васіля Быкава? Ці праўда, што БТ абрала Быкава ў якасці аб'екта для ганення, ці праўда, што напрыканцы 80-х гадоў Васіль Быкаў быў вядучым прыхільнікам галоснасці, а Уладзімір Сеўрук спрабаваў з галоснасцю змагацца? Ці сапраўды сп-р Сеўрук цяпер працуе ва ўрадзе Беларусі? У заключэнні прадстаўнік АБСЕ папрасіў Латыпава разабрацца ў гэтай справе і, калі ўдасца, знайсці аргументы супраць сцвярджэнняў Быкава, выказаных ім у інтэрв'ю газеце "Известия" ад 26 студзеня 2000 года (маецца на ўвазе выказванне: "Сёння ў Беларусі мы маем спрыяльныя ўмовы для вяртання да ідэалогіі, якая дамінавала ў савецкія часы").

Зрэшты, Васіль Быкаў ужо недзе на нямецкай зямлі, магчыма сядзіць за сталом і піша. Праўда, перад ад'ездам ён сказаў Рыгору Барадуліну, што "жыць трэба дома".

М.КАРНЕВІЧ

Назад