Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Правільныя бізнесмэны

"Предпринимательство является движущей силой во многих странах мира. В Беларуси малый бизнес делает первые шаги. Но какие! В этом году малых предприятий стало на 155 % больше, чем в прошлом... Да, результаты впечатляют! И все благодаря государственной поддержке",

- гучала са сцэны лялечнага тэатра. У мінулую пятніцу тут сабраліся прадпрымальнікі, каб атрымаць узнагароды за ўдзел у конкурсе "Лепшы бізнесмен года", які праводзіў Гродзенскі гарвыканкам.

Бізнесмены запоўнілі дзве трэці невялічкай тэатральнай залы. Мужчына пад матылем і ў смокінгу побач з кабетай у летуценна-ружаватай сукенцы голасам спартыўнага каментатара савецкіх часоў распавядаў пра эканамічныя дасягненні ў нашай краіне.

Журы складалася з прадстаўнікоў гарадскіх уладаў і Саюзу прадпрымальнікаў. Ацэньвалі паводле велічыні прыбытку, капіталаўкладанняў і заплачаных падаткаў. Выбіралі лепшыя фірмы ў сферы малога бізнесу і вытворчасці, грамадскага харчавання, лепшых экспарцёраў і стваральнікаў працоўных месцаў. Спадар Зылькоў з малога прадпрыемства "Сведравіна", якое стала лепшым у сферы будаўніцтва, адзіны з прысутных размаўляў па-беларуску. "Дзякуй уладам, што сабралі нас тут упершыню за дзесяць год. Але дужа мала нас прыйшло, - пачаў ён. - А цяпер некалькі заўваг пра нашыя законы, адносна падаткаабкладання. Здаецца, што яны такія заблытаныя ды створаны для таго, каб толькі нас задушыць. Многія прадпрыемствы з-за гэтага збанкрутавалі. А я за тое, каб нам лепш жылося"... Апладысменты.

Вядучыя нават прыдумалі цікавую рэч - знайшлі даты заснавання кожнага прадпрыемства, паводле іх вызначылі для кожнага знак задыяку і расказвалі пра характэрныя рысы кожнай фірмы. Але бізнесмены ўсё адно трошкі нудзіліся, напэўна, у чаканні банкету. Тут на сцэну запрасілі "космических девушек группы ZET". Нечакана святло пагасла. Пад музыку з'явіліся дзяўчыны ў чорных лаксаваных касцюмах з чырвонымі ды аранжавымі далонямі, вышытымі на бюсце ды іншых нечаканых месцах.

Другі прыз у намінацыі "Лепшы прадпрымальнік - падаткаплацельшчык" заняў Генадзь Купершмідт са "Светатэхнікі" - былы лётчык: "Я лятаў і быў шчаслівы... Нават над чарнобыльскім рэактарам. Але хутка аказаўся на пенсіі. Думаў, што ўсё страціў. Зараз, дзякуй Богу, я знайшоў сваё месца ў жыцці - заняўся бізнесам...". Яго ўзнагароджваў спадар Масквічоў з гарвыканкама, які ўспомніў стары лозунг "У кожны дом - лямпачку Ільіча!" і пажадаў, каб хутка з'явіўся наступны: "У кожны дом - лямпачку Купершмідта!".

Дыпламантамі сталі ўсе ўдзельнікі конкурсу, апрача тых, хто панеслі страты. Атрымалася, што ў кожнай намінацыі вылучылі па дзве фірмы, адна з якіх заняла першае месца, наступная, адпаведна, - другое. І ўсім раздалі прызы. Спачатку кожны атрымліваў на сцэне грамату і каляровы пакунак. Аж у сярэдзіне цэрымоніі Валянціна Лаўцаль з гарвыканкама, якая ўзнагароджвала бізнесмэнаў, спахапілася: "Давайце пакажам народу падарункі!" і разгарнула вялікую крышталёвую вазу шклозавода "Нёман". Толькі ў намінацыі "Лепшы прадпрымальнік з замежнымі інвестыцыямі" быў адзіны ўдзельнік - сумесная аўстрыйска-беларуская фірма "Теста".

Акрамя гэтага канверты ад уладаў атрымалі яшчэ 13 прадпрыемстваў - "мэтраў малога бізнесу", якія ўжо даўно замацаваліся на рынку. Прадстаўнікі ўладаў выказалі надзею, што "кожны прысутны ў зале знайшоў сваё месца". Пасля заканчэння цэрымоніі бізнесмэны разнеслі падарункі па сваіх машынах, якія, між іншым, вельмі някепска выглядаюць, і рушылі на банкет.

І.А.

Назад