Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

17 канфесій - усе жывуць і дзейнічаюць

У Гродзенскім аблвыканкаме адбылася прэс-канферэнцыя з старшынёй Савета па справах рэлігій і нацыянальных меншасцяў Міхаілам Піліпавічам Кантаровічам. У цэлым працу з рэлігійнымі канфесіямі Міхаіл Піліпавіч ацаніў як станоўчую.

На Гродзеншчыне зарэгістравана 17 рэлігійных канфесій, прычым, акрамя традыцыйных - каталіцкай, праваслаўнай і такія малавядомыя для нас канфесіі як - БАХАІ, Хрысціяне поўнага евангелля, Свядомасці крышны, Іаганская царква і іншыя. Такую сітуацыю М.Кантаровіч ахарэктарызаваў, як унікальную, непростую, але ў той самы час і як спакойную. Існуюць, вядома, праблемы і з парушэннямі заканадаўства, асабліва замежнымі святарамі, якія прыязджаюць да нас у краіну па звычайных запрашэннях, а потым без дазволу праводзяць богаслужэнні, пры гэтым праводзяць агітацыю супраць існуючай улады, а таксама вывешваюць на храмах сімвалы замежных краінаў, што цалкам недапушчальна. У такіх выпадках даводзіцца ўмешвацца ў іх дзейнасць. У прыватнасці, з нашай вобласці за парушэнне заканадаўства было выдалена каля 20 місіянераў. Што цікава, практычна ўсе рэлігійныя канфесіі звяртаюць свой погляд на школы. Так не аднойчы даводзілася праводзіць гутаркі з святарамі праваслаўнай і баптысцкай царквы. Дарэчы, М.Кантаровіч зазначыў, што ўлады ў асноўным усё ж стараюцца працаваць з непаслухмянымі веруючымі метадам пераканання.

Як сур'ёзны канфлікт, пазначыў Міхаіл Піліпавіч тое, што адбываецца ў мястэчку Пагранічны Бераставіцкага раёна. Маўляў, мясцовы бацюшка Спасюк хоча зарэгістраваць аўтакефальную Беларускую народную царкву і перайсці пад патранаж амерыканскай царквы, якая быццам бы не прызнана ў свеце, а яе мітрапаліт чуць ці не самазванец. Аднак цікава, што наш карэспандэнт быў раней у Бераставіцы і бачыў на свае вочы, што на службу да бацюшкі прыходзяць мясцовыя людзі, служба вядзецца па-беларуску, нядаўна там быў закладзены камень пад будучую царкву. Міхаіл Піліпавіч адрэагаваў на гэта так, што ў малебны дом, які арэндуюць вернікі, збіраецца толькі некалькі старэнькіх бабулек, і хутка ўпраўленне Беларускай чыгункі перадасць традыцыйнай праваслаўнай царкве будынак былой сталоўкі пад царкву і гэта вырашыць усе праблемы. Ён лічыць, што да айца Яна ў «незарэгістраваную» царкву больш ніхто хадзіць не будзе.

Трэба заўважыць, што многія рэлігійныя арганізацыі займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, пастаўляючы ў нашу вобласць гуманітарную дапамогу. Найбольш у гэтым накірунку дзейнічае каталіцкая арганізацыя "Карытас". Яны па-сапраўднаму праводзяць вялізную работу па дапамозе шматдзетным сем'ям, малазабяспечаным і сталым адзінокім людзям.

Звярнуў увагу Міхаіл Піліпавіч і на тое, што незаўсёды дарэчы выдзяляюцца месцы пад будаўніцтва храмаў. У прыватнасці ён прывёў прыклады будаўніцтва храма 50-нікаў па вуліцы Цітова ў Гродне, касцёла ў Скідзелі, Зэльве. Аднак паправіць такія памылкі вельмі складана. Пра сябе Міхаіл Піліпавіч паведаміў, што ён не веруючы, але хрысцілі яго ў праваслаўнай царкве.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад