- Аляксандр Уладзіміравіч, я разумею, што ад нашых уладаў можна чакаць чаго заўгодна, але абвінаваціць вас, аднаго з тых, хто аднаўляў гэты самы герб у 1990 годзе, быццам бы ў нейкіх парушэннях пры выкарыстанні… Зрэшты, я нават не магу зразумець сэнсу гэтага папярэджання. Можа вы здолееце мне патлумачыць?
- Яшчэ ў 1990 годзе, калі мы займаліся распрацоўкай герба, то мелі на мэце зафіксаваць канкрэтныя памеры, кшталты, колеры кожнага з элементаў, каб у далейшым, тыя, хто будзе карыстацца выявай, не скажалі яго эстэтычныя вартасці. Але ні ў якім выпадку мы не планавалі забараняць карыстацца сімволікай. Больш таго, з мэтай прапаганды прасілі, каб яе размяшчалі на тралейбусах, таксоўках і г.д.
Сёлета ж, наша грамадская арганізацыя, напружана прайшоўшы перарэгістрацыю, не паспела перарэгістраваць сімволіку. Мы звярнуліся ў абласное ўпраўленне юстыцыі з лістом, каб супольна з імі выдаць невялічкую кніжачку аб зарэгістраваных на Гродзеншчыне арганізацыях. І на гэтым фірмовым бланку якраз і быў наш лагатып з элементамі герба Гродна, але толькі з элементамі, а не з самім гербам. У адказ на нашу прапанову мы і атрымалі папярэджанне.
- Крута… Відавочна, наш гарвыканкам "прыватызаваў" аленя святога Губерта, які выкарыстоўваецца не толькі на нашых цыгарэтах, школьных сшытках і дзённіках, але і на гербах шмат якіх гарадоў Францыі, Італіі,Бельгіі, Іспаніі? Гэта па меншай меры смешна?
- Дарэчы, раней некаторыя неразумныя рашэнні ўлады выклікалі пратэсты. Сёньня, калі я паказваю ўзгаданае паведамленне вышэйшых службовых асоб горада шматлікім наведвальнікам "Ратушы", то яны заходзяцца ад смеху. Гэта вялікі прагрэс у працы з насельніцтвам. Рашэнне гарвыканкама палітычнае, а не эстэтычнае ці геральдычнае. Самае цікавае ў гэтай сітуацыі, што сёння невядома хто на самрэч мае права на гарадскі герб - гарвыканкам, гарадскі Савет. А можа, наогул, трэба звяртацца да біскупа ў горад Льеж, дзе ў мясцовым катэдральным саборы пахаваны св. Губерт?
- Тады лепш звярнуцца ў часы Магдэбургскага права.
- Сапраўды, магчыма, варта было б запытацца згоды ў караля Аляксандра, што надаў гэты герб нашаму гораду. Зрэшты, не лішнім было б абзваніць мэраў усіх еўрапейскіх гарадоў, якія на сваім гербе маюць выяву аленя.
- Справа сур'ёзная, напэўна, трэба даслаць лісты і туды.
- Я, сапраўды, над гэтым падумаю.
- І ўсё ж, Аляксандр Уладзіміравіч, калі сур'ёзна, на вашым фірмовым лісце не гродзенскі герб, а толькі яго элемент - алень святога Губерта. І, дарэчы, гэта не самы галоўны элемент герба.
- Сапраўды, яшчэ прафесар Ткачоў некалі лічыў, што адным з галоўных элементаў з'яўляецца менавіта агароджа, ад якой і пайшла назва горада. Але пра гэта няма сэнсу гаварыць.
- Цікава, Аляксандр Уладзіміравіч, як вы самі лічыце - каму належыць гэты герб?
- Зразумела, ён належыць усім, і нам з вамі, і тым, хто не менш за нас любіць і шануе гісторыю Гродна.
- Усё б гэта выглядала зусім смешна, калі б не тое, што грамадскую арганізацыю могуць закрыць пасля двух папярэджванняў, а ваша ўжо адно мае…
- Мы, вядома, хочам быць законапаслухмянымі і сімволіку сваю цяпер часова выкарыстоўваць не будзем. Аднак і спыняцца на гэтым не станем - пададзім ў суд. І не толькі таму, што нам няма больш чым заняцца, а таму, што мы лічым гэта абаронай правоў чалавека. Думаю, што гэта будзе надзвычай цікавы працэс. Мушу дадаць, што ў бліжэйшы час мы плануем стварыць маніторынг па парушэнню правоў грамадскіх арганізацый на тэрыторыі нашай вобласці, які перададзім уладным структурам і міжнародным арганізацыям. Паверце, іх набралася ўжо даволі шмат. Асабліва яны парушаюцца ў маленькіх гарадках, дзе людзі найменш абаронены.
- Аляксандр Уладзіміравіч, сёння ўлады забаранілі выкарыстоўваць элемент герба, а што яны могуць зрабіць заўтра, на вашу думку?
- Я разам з Вамі буду сачыць за гэтым неабмежаваным палётам фантазіі.
Гутарыў М.КАРНЕВІЧ