Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

"Заходнерусізм" і беларускі нацыянальны рух

Заканчэнне. Пачатак ў № 2 (99)

Зрабіўшы выснову аб тым, што 60-70-я гады XIX ст. былі апошнім этапам у развіцці "заходнерусізму", А. Цвікевіч недаацаніў прынцыпова важны момант у эвалюцыі апошняга, а менавіта - усё больш выразнае размежаванне ў канцы XIX - пачатку XX ст. паміж "заходнерусамі" - палітыкамі і вучонымі. Маю на ўвазе іх адносіны да каталіцкай часткі беларускага насельніцтва і трактоўку паняццяў "беларускі народ", "беларуская культура". К. Гаворскі і М. Каяловіч (апошні - з пэўнымі ваганнямі) галоўнай прыкметай рускага этнасу лічылі праваслаўнае веравызнанне і на гэтай падставе не адносілі беларусаў-католікаў да "рускіх", лічылі іх палякамі. Такой пазіцыі ў 50-60-х гадах XIX ст. прытрымліваліся многія расійскія даследчыкі - спецыялісты па этнічных пытаннях. У той час толькі Павел Баброўскі выступіў супраць такога погляду. У аснову вызначзння этнасу ён браў родную мову, традыцыі і звычай насельніцтва і на гэтай аснове рашуча сцвярджаў, што беларусы-праваслаўныя і беларусы-католікі складаюць адзін народ. Пазней да гэтага погляду далучыліся I. Насовіч, П. Шэйн, Е. Раманаў, М. Дзмітрыеў, Ю. Крачкоўскі, А. Семянтоўскі, Я. Карскі, М. Нікіфароўскі, М. Янчук, У. Дабравольскі, М. Доўнар-Запольскі, А. Багдановіч, А. Сапуноў, В. Стукаліч і іншыя вучоныя-"заходнерусы".

Паказальнай для гэтых вучоных у канцы XIX - пачатку XX ст. уяўляецца пазіцыя гісторыка А. Сапунова, дэпутата III Дзяржаўнай думы, прыхільніка фракцыі акцябрыстаў. Выступаючы ў Думе 30 мая 1909 г., ён заявіў, што "беларускае племя" - гэта не толькі беларусы-праваслаўныя, але і беларусы-католікі. "Дробная шляхта і сяляне-католікі, - гаварыў ён, - у хатнім быце размаўляюць звычайна па-беларуску і амаль нічым не адрозніваюцца ад сваіх сабратоў - праваслаўных беларусаў. Адносіць да палякаў гэтых беларусаў толькі таму, што яны католікі, гэта ўжо не што іншае, як, з дазволу сказаць, этнаграфічны грабеж". Як відаць, па ўзнятым пытанні А. Сапуноў не толькі не падзяляў, але і ўскосна выступаў супраць палітыкі ўрада П. Сталыпіна, які афіцыйна, у законе, далучаў беларусаў-католікаў да палякаў.

Тым не менш віцебскі гісторык заставаўся ў палоне расійскай вялікадзяржаўніцкай ідэі. У публічнай лекцыі "Беларусь і беларусы", прачытанай у Віцебску ў 1910 г., ён гаварыў: "У цяперашні час усе, нават дробныя народнасці, імкнуцца да нацыянальнага самавызначэння; неабходна самавызначэнне і нам, беларусам. Самавызначыцца, зразумела... не з мэтай якога-небудзь сепаратызму. Не, беларуская ж народнасць - адна з асноўных народнасцей рускага племя... Узмацненне нацыянальнай самасвядомасці сярод беларускай масы, несумненна, павядзе да больш цеснага яднання з астатняй Руссю". І пры гэтым - адзначаная выснова: "Асаблівасці мовы беларускай, іх [беларусаў] норавы і звычаі, багатая народная літаратура і г. д. пераканаўча даказваюць існаванне асобнага беларускага племя'':. Ад гэтай высновы да нашаніўскай пазіцыі заставаўся толькі адзін крок.

Аднак ні А. Сапуноў, ні Я. Карскі, ні Е. Раманаў, ні В. Стукаліч, ні іншыя вучоныя "заходнерускай" арыентацыі такі крок не зрабілі, з "Нашай Нівай" як галоўным органам беларускага нацыянальнага руху ў 1906-1915 гг. не супрацоўнічалі і падтрымкі ёй і яе патрабаванням не аказвалі. На аддаленні трымаліся яны і ад "заходнерускіх" палітыканаў кшталту Бывалькевічаў, Кулакоўскіх, Кавалюкоў і Саланевічаў. ад іх органаў друку ("Окраины России", "Крестьянин", "Минское слово". "Северо-западная жизнь" і інш.). Галоўным у іх жыцці была навука - беларусазнаўства. Іх шматлікія працы з'явіліся важкім укладам у абгрунтаванне высновы аб існаванні самастойнага беларускага этнасу. Вучоныя-"заходнерусы" любілі свой народ, высока цанілі яго арыгінальную шматвяковую культуру, выступалі ў абарону нацыянальнай годнасці беларусаў, супраць спроб публічнага ахайвання ў расійскай і мясцовай літаратуры і публіцыстыцы нацыянальнага характару, традыцый і звычаяў карэннага насельніцтва Беларусі.

Але пры ўсім тым нават уздым беларускага адраджэнцкага руху ў нашаніўскі перыяд не падштурхнуў названых вучоных да адмаўлення ад песімістычных ацэнак будучыні беларускага народа, яго мовы і культуры. Яны па-ранейшаму (як і Каяловіч) лічылі, што Беларусь з прычыны сваёй слабасці (у параўнанні з суседнімі Расіяй і Польшчай) не можа выбраць шлях самастойнага развіцця, што гістарычны лёс наканаваў ёй растварыцца ў Расіі і ў расійскай культуры, таму фактычна падтрымлівалі русіфікатарскую палітыку ўладаў. Паказальна, што акадэмік Я. Карскі нават пасля звяржэння царызму (вясной 1917 г.) выказаўся за навучанне ў школах Беларусі на агульнадзяржаўнай расійскай мове, дапускаючы беларускую мову - пры наяўнасці жадання бацькоў - толькі ў першым класе пачатковай школы.

А. Цвікевіч адрозніваў "заходнерусаў"-культурнікаў ад палітыкаў і прывёў у сваёй кнізе нямала адпаведных фактаў. Тым не менш у першым раздзеле яго кнігі дадзена агульная, не дыферэнцыраваная ацэнка "заходнерусізму" ў цэлым - і палітычнага і навукова-культурніцкага. Паводле слоў аўтара, "заходнерусізм" - гэта "адмоўны бок агульнага працэсу гісторыі культуры на Беларусі". Думаецца, што дадзеная ацэнка патрабуе істотнай карэкцыі. У 50-70-я гады XIX ст. "заходнерусізм" сапраўды выступаў як нешта цэльнае ў дзвюх іпастасях - навуковай і палітычнай. Пазней, і асабліва ў пачатку XX ст., "заходнерусы" - палітыкі і вучоныя - істотна разышліся, іх прадстаўлялі розныя людзі, прычым сярод палітыкаў вядомых вучоных ужо не было і да сферы культуры яны дачынення амаль не мелі. Палітычная іх дзейнасць вызначалася крайнім шавінізмам і была несумненна рэакцыйнай. 3 другога боку, прыведзеную негатыўную ацэнку нельга адносіць да паслядоўнікаў "заходнерусіз- му" сярод вучоных-беларусазнаўцаў, праца якіх аб'ектыўна мела вялікае станоўчае значэнне.

Выклікае нязгоду выснова А. Цвікевіча аб творчасці такіх пачынальнікаў беларускага адраджэння, як Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля, А. Кіркор, В. Дунін-Марцінкевіч. На думку аўтара, яна была занадта моцна прасякнута польскім зместам і не выклікала ў беларускіх масах пачуцця асобнасці іх ад палякаў. Названыя пісьменнікі, - сцвярджаў А. Цвікевіч, - імкнуліся адарваць Беларусь культурна і палітычна ад Расіі для Польшчы. У гэтых адносінах ён адзначаў істотную розніцу паміж імі і беларусафіламі расійскай культуры, якія "адрывалі Беларусь ад Расіі для Беларусі" (як П. Шпілеўскі). "Ні беларускі Шаўчэнка, ні беларускі Драгаманаў з шэрагаў шубраўцаў, філаматаў... і ўсяе плеяды віленскіх работнікаў у 40-50-х гадах выйсці не маглі", - сцвярджаў А. Цвікевіч". Але, дабавім мы, менавіта з гэтай плыні грамадскага руху ў Беларусі ў 1862-1863 гт. выйшаў К. Каліноўскі, а ў 70-90-я гады - выдатны беларускі паэт і ідэолаг нацыянальнага руху Ф. Багушэвіч.

У канцы сваёй кнігі А. Цвікевіч адзначыў, што ў барацьбе з беларускім нацыянальным рухам у пачатку XX ст. заходнерусы", нягледзячы на падтрымку расійскіх уладаў, "не маглі пахваліцца перамогай: беларускі нацыянальны рух, праследаваны, афіцыйна зганены, да смешнага бедны на матэрыяльныя сродкі, паволі, але немінуча пашыраўся і захапляў усё новыя пазіцыі". У сувязі з гэтым даследчык канстатаваў, што "заходнерусізм", звязаўшы свой лёс з царызмам, "не меў перад сабой будучыні". "Расійскі царызм, канаючы сам, - пісаў А. Цвікевіч, - цягнуў за сабою і "западно-русскую" ідэалогію. Узгадаваны на пакланенні адзінай, недзялімай Расіі, "западно-руссизм" мусіў памерці ў момант, калі пыха гэтае імперыі была пастаўлена пад удар".

3 гэтай высновай таксама нельга пагадзіцца. "Заходнерусізм" пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. не толькі не знік, але, перафарбаваўшыся ў ліберальныя і дэмакратычныя колеры, значна пашырыў сваю сацыяльна-палітычную базу. Адвяргаючы патрабаванні беларускіх нацыянальных партый аб прызнанні права Беларусі на дзяржаўна-палітычнае самавызначэнне свайго лёсу (у 1917 г. - аўтаномія ў складзе Расійскай Федэратыўнай рэспублікі, з 1918 г. - незалежная рэспубліка), расійскія лібералы (кадэты), а таксама дэмакраты (эсэры, меншавікі, бальшавікі) выкарыстоўвалі аргументы з арсеналу "заходнерусізму" аб адсутнасці самастойнага беларускага этнасу, аб беларускай мове як "дыялекце" рускай мовы і інш.

3 такіх пазіцый, у прыватнасці, зыходзілі кіраўнікі Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі РКП(б) В.Кнорын, А.Мяснікоў, К.Ландар і інш., якія ў кастрычніку 1917 г. захапілі ўладу на неакупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. У 20-я гады ў БССР бальшавіцкімі ўладамі з чыста тактычных меркаванняў праводзілася палітыка т. зв. беларусізацыі, а ў 1930 г. пачаліся масавыя арышты нацыянальных дзеячаў, якія кіравалі гэтым працэсам.

3 таго ж часу праблемы гісторыі "заходнерусізму", як і гісторыі беларускага нацыянальнага руху, на доўгія дзесяці- годдзі былі практычна выключаны з беларускай савецкай гістарыяграфіі. Вядучыя гісторыкі - прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцы: (У.Ігнатоўскі, А.Цвікевіч і інш.) - сталі першымі ахвярамі таталітарнага рэжыму, а іх працы трапілі ў спецсховішчы. Тады ж гвалтоўна ў савецкай гістарыяграфіі было ўстаноўлена манапольнае панаванне марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванай расійскай вялікадзяржаўніцкай канцэпцыяй гісторыі Беларусі, блізкай да "заходнерусізму". Мадэрнізацыя, уласна, звялася да замены ў славутай увараўскай "трыядзе" двух першых элементаў: праваслаўе замянілі марксізмам-ленінізмам у мадыфікацыі Сталіна, самадзяржаўе - дыктатурай пралетарыяту; народнасць засталася (для Беларусі - у трактоўцы "заходнерусаў").

Такі метадалагічны гібрыд вырас, узмацнеў і канчаткова аформіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Ён цалкам адпавядаў устаноўкам ідэолагаў КПСС-КПБ на зліццё моваў, культур народаў і стварэнне ў СССР рускамоўнага, выхаванага ў камуністычна-імперскім духу "савецкага народа" як новай гістарычнай супольнасці людзей. Нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці і арыенціры былі амаль цалкам выкінуты з айчыннай гісторыі. Грубая фальсіфікацыя гісторыі нашага народа разам з русіфікацыяй сістэмы народнай адукацыі, фактычнай ліквідацыяй нацыянальнай школы прывяла да страты некалькімі пакаленнямі беларусаў нацыянальнай гістарычнай памяці і самасвядомасці, садзейнічала надзвычай шырокаму распаўсюджанню ў Беларусі нацыянальнага нігілізму.

Задачу гісторыкаў Беларусі я бачу ў распрацоўцы гісторыі Айчыны з нацыянальна-дзяржаўных, патрыятычных пазіцый, у аднаўленні сапраўднай гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці шырокіх масаў насельніцтва. Адной з важных праблем у гэтых адносінах з'яўляюцца далейшае вывучэнне гісторыі "заходнерусізму" і яго ролі ў гісторыі беларускага народа.

Міхась БІЧ, гісторык

Назад