Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Тэатр

"Я атэіст, але без замарочак"

У абласным Драмтэатры з'явіўся галоўны рэжысёр. Нядаўна

ў Гродна прыехаў Сяргей Палішчэнкаў з Магілёўскага тэатра, што знаходзіцца ў Бабруйску. Ён і заняў пасаду, якая два гады тут па сутнасці пуставала.

"Ваяваць у тэатры не варта..."

Новае начальства (адначасова памяняўся дырэктар тэатра - ім стаў Рыгор Маркавец) змяніла склад Мастацкага савета. "Мая мара, - кажа спадар Палішчэнкаў, - ператварыць яго з фармальнага ў дзейны орган. Мастацкі савет не павінен быць пустагалосым". Зараз ў тэатральным рэпертуары - 34 п'есы. Гэта занадта шмат, бо "многія старэюць без праката". Таму сем з іх спісалі. Аднак некаторыя з такіх спектакляў маюць пэўную калекцыйную каштоўнасць, таму паводле новай палітыкі тэатра іх уключаць у рэпертуар для гастроляў і рэтраспектывы.

Цяпер у тэатры будзе з'яўляцца шэсць-сем новых спектакляў у год, а напрыканцы снежня - навагодняя казка. Прынамсі зараз грошай на гэта хапае. Паколькі ў Гродне толькі адзін драмтэатр - ён павінен быць шматстылёвым і шматжанравым. Малая сцэна стане пляцоўкаю для эксперыментаў. Па-першае, у дзіцячых камедыях збіраюцца папрацаваць з моладзевай стылістыкай мовы. Па-другое, галоўны рэжысёр збіраецца ставіць вадэвілі напачатку новага сезона: "Гэтага жанра даўно ўжо не было ў гродзенскім тэатры". Да таго ж, ён хоча стварыць "сямейны тэатр" - спектаклі, гледачамі якіх стануць адначасова і дзеці, і дарослыя. Першая спроба - гэта пастаноўка ў сакавіку п'есы "Лялька, зробленая з анучаў" Гібсана.

Акрамя гэтага, вясною можна будзе паглядзець "Татуіраваную ружу" Вільямса і "Апошнюю спробу" Задорнага.

"Тэатр у чарговы раз даказаў, што ён цікавейшы за кіно. Тэатр жывы, а кінатэатр стаіць пусты. Але палітыкай ён не павінен займацца. Ягоныя функцыі - забаўляць ды займацца асветаю. Ваяваць тут не варта".

Амбіцыйны горад

"Я разумею, што гродзенскі тэатр мае свае традыцыі. Я не заўзяты рэфарматар. Пакуль што хаджу ды гляджу спектаклі, праводжу кансультацыі з супрацоўнікамі. Вызначаю, якое месца займае тэатр у духоўным жыцці горада, - кажа спадар Палешчэнкаў. - У структуры горада зліліся каталіцтва і праваслаўе. Гэта ж таксама тэатр. Я, праўда, атэіст, але без замарочак. Гродна ўвогуле амбіцыйны горад. Хіба людзі без абмбіцый маглі пабудаваць такія храмы? Горад, канешне, шыкоўны".

"Граміце нас, як толькі можна"

Галоўны рэжысёр вельмі прыязна ставіцца да журналістаў: "Я б хацеў, каб нашыя з вамі адносіны развіваліся, а цікавасць гледачоў узрастала. Калі ласка, прыходзьце на мастацкія нарады. Мы гатовыя з вамі сустракацца ў момант "зачатия нового спектакля". Зрабілі мы нешта добра - любіце нас да самазабыцця, а калі кепска - дык граміце, як толькі можна. Заўсёды цікава пачытаць, калі нехта недзе цябе разнёс".

І.А.

P.S. Сяргей Палешчэнкаў нарадзіўся пад Смаленскам - "недзе паміж Бранскам ды Гомелем, або паміж Бранскам ды Магілёвам". Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Гомелі, Смаленску, Мінску, Брэсце, Мазыры. Апошнім часам - у Бабруйску, дзе паставіў "Залёты" Дуніна-Марцінкевіча ды спектакль паводле п'есы Горкага "Ягор Булычоў...".

Назад