Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гiсторыя

Беларускае адраджэнне і даследаванне нямецкіх вучоных беларускай культуры

На хвалі паслярэформеннага руху ў Беларусі, паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, спакваля прабіваліся заглушаныя царскім рэжымам кволыя парасткі нацыянальнага адраджэння. Крывавыя падзеі тых гадоў рэхам пракаціліся па Еўропе. Яны абудзілі цікавасць да лёсу беларускага народа, яго духоўнага свету не толькі сярод мясцовай інтэлігенцыі, навукоўцаў рускай і польскай арыентацый, але і далёка на Захадзе, дзе да гэтага часу не было пэўных уяўленняў пра Беларусь.

Тыя змены ў Беларусі, што адбываліся пад уздзеяннем народніцкага руху развіцця новай беларускай літаратуры, а пазней дзякуючы рэвалюцыйным падзеям 1905-1907 гг., ажыўленню беларускай прэсы, у значнай ступені садзейнічалі фармаванню беларускай інтэлігенцыі, развіццю нацыянальнай самасвядомасці народа, узнікненню тых фактараў, якія на пачатку XX ст. галоўным чынам і абумовілі даволі інтэнсіўны працэс беларускага нацыянальнага адраджэння. Дзякуючы гэтаму руху і спалучэнню шэрагу гістарычных акалічнасцей - такіх, як Першая сусветная вайна, палітыка немцаў у дачыненні да народаў ускраін, якраз і праявілася актыўная цікавасць да Беларусі з боку маладой нямецкай славістыкі.

Адраджэнне беларускай культуры, развіццё новай беларускай літаратуры, станаўленне ў Заходняй Еўропе славістыкі, працы польскіх, рускіх, а затым заходнееўрапейскіх вучоных пра Беларусь - вось тыя найбольш значныя фактары, якія садзейнічалі ўжо ў ХIХ ст. паступоваму пранікненню звестак пра беларускую культуру ў Нямеччыну. Друкаваліся яны ў часопісах "Альтпройзішэ монатшрыфт", "Глобус", "Ост унд Вест", "Славонка" і інш., але галоўным чынам у вядомым славістычным часопісе "Архів фюр славішэ філологі", заснаваным у 1875 г. у Берліне выдатным харвацкім вучоным В.Ягічам. Значная ўвага на яго старонках была ўдзелена пытанням старажытнай беларускай літаратуры. Да іх звярнуліся тады вядомыя славісты А.Брукнер, В.Ягіч,Р.Абіхт, М.Мурко, А.Лескін і інш. У "Архіве" рускімі і заходнееўрапейскімі вучонымі А.Весялоўскім, А.Брукнерам, М.Мурко былі прарэцэнзаваны лепшыя публікацыі таго часу па беларусістыцы: працы "Агляд гукаў і формаў беларускай мовы" Я.Карскага, "Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова" П.Уладзімірава, дэталёва прааналізаваны чэшскімі славістамі М.Мурко і Ю.Поліўкам найбольш папулярныя зборнікі беларускага фальклору "Гомельскія народныя песні" З.Радчанка, "Беларускі зборнік" Е.Раманава, "Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю'' П.Шэйна, першыя выпускі грунтоўнай этнаграфічнай працы М.Федароўскага "Люд беларускі на Русі літоўскай".

Нават кароткі агляд публікацый "Архіва" пераконвае нас, што на яго старонках разгледжаны шматлікія праблемы беларускай філалогіі. І хаця ў ім не знайшло адлюстравання развіццё новай беларускай культуры, тым не менш яго дзейнасць мела выключнае значэнне для знаёмства з беларусістыкай на Захадзе.

Асабліва хацелася б звярнуць увагу на нямецкамоўную спадчыну па беларускай філалогіі славутага польскага філолага А.Брукнера, які стала жыў у Берліне. Яго першай і найбольш значнай публікацыяй у гэтай галіне стаў разгляд выдатнага помніка старажытнага беларускага пісьменства "Беларускі „кодекс місцэлянэўс" з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані", куды ўвайшлі Літоўская хроніка, беларускія пераклады сярэдневяковых повесцей: "Аповесць пра Трышчана", "Аповесць пра Баву", "Гісторыя пра Атылу, караля ўгорскага". I хаця ўказаны кодэкс ужо ўпамінаўся О.Бадзянскім, аднак упершыню яго найболыш шырока і грунтоўна ахарактарызаваў якраз А.Брукнер, прыдаўшы яму такім чынам значэнне важнейшага помніка беларускай мовы і літаратуры. Акрамя таго, ён указаў на крыніцы перакладу і даў даволі падрабязную характарыстыку мове. Прааналізаваўшы мову кодэкса, Брукнер з упэўненасцю пісаў: "Нягледзячы на гэта, важнейшыя характэрныя рысы мовы (Познанскага кодэкса. - У.С.) у гуках, формах і словах - беларускія, яны пасрэднічаюць паміж мала - і велікарускімі, аднак ні з першымі, ні з другімі не супадаюць; калі б спатрэбілася, то можна было б толькі на аснове гэтага помніка пераканаўча даказаць самастойнасць беларускай мовы".

Пазней з'явіліся іншыя цікавыя даследаванні Брукнера па беларусістыцы: "Аповесць аб трох каралях-валхвах па-руску" і "Страсці Хрыстовы на польскай і рускай мовах". "Бачанне Тундала ў чэшскім і рускім перакладзе", "Польска-рускія інтэрмедыі XVII стагоддзя", "Руска-літоўская царкоўная унія і яе літаратурныя помнікі" і шмат іншых. І калі разгледжаныя ім "Страсці Хрыстовы" былі ўжо вядомыя рускім даследчыкам, то ў выпадку з "Тундалам" Брукнер быў адкрывальнікам рукапісу, што засведчыў Я.Карскі ў публікацыі "Аб мове так званых літоўскіх летапісаў", які кампетэнтна сцвярджаў, што гаворка тут ідзе пра рукапіс са збору Свідзінскага з бібліятэкі Красінскіх. Гэты тэкст быў пададзены не поўнасцю, а толькі ва ўрыўках. Усе звесткі пра яго беларускую версію, якія маюцца сёння, засноўваюцца на артыкуле Брукнера, і каштоўнасць яго павялічваецца, бо, як мяркуюць даследчыкі, рукапіс загінуў у час Другой сусветнай вайны. Яшчэ больш цікавым і значным сярод публікацый А.Брукнера стаў разгляд польска-рускіх інтэрмедый. У ім даследуюцца дзевяць пецярбургскіх рукапісаў са збору братоў Залускіх, дзе прадстаўлены камедыі, трагедыі, інтэрмедыі і вершы на польскай, беларускай, украінскай, літоўскай і іншых мовах. 3 разнастайных матэрыялаў даследчык выбраў пераважна школьныя інтэрмедыі, якія ўяўляюць сабой яркія ўзоры беларускай народнай мовы XVII-XVIII стст.

Нават пералік публікацый сведчыць, што Брукнер разгледзеў шматлікія праблемы старажытнай беларускай філалогіі: паказаў, шго ўжо ў XVI ст. у Беларусі існавала ўласная школа перакладу, перакладаліся іншаземныя творы не толькі з польскай, але і з лацінскай, чэшскай, сербскай, іншых моваў. Асаблівае значэнне мела тое, што "Брукнер з самага пачатку разглядаў беларускую мову не як рэгіянальны варыянт рускай ці нават польскай, а як самастойную, трэцюю ўсходнеславянскую мову побач з рускай і ўкраінскай, якая. мела ўласную старажытную літаратурную форму. Брукнер назваў характэрныя адзнакі беларускай літаратурнай мовы, што ўжо існавалі ў XVI ст. і якія адрознівалі яе ад велікарускай літаратурнай формы: гэта поўнае вызваленне ад царкоўнаславянскай - не толькі ў галіне лексікі, але і марфалогіі, ад многіх лексічных паланізмаў".

Калі ж далучыць да філалагічнай спадчыны А.Брукнера яго нямецкамоўную публіцыстыку, прысвечаную Беларусі, якая змяшчалася ў час Першай сусветнай вайны ў часопісах "Полен", што выдаваўся ў Берліне, "Польнішэ блетэр", які выпускаўся ў Вене, ці тое, што з'яўлялася асобнымі выданнямі, дзе вучоны не толькі абуджаў цікавасць да Беларусі, але і рэзка крытыкаваў Літву за яе прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі, паказваў, што Вялікае Княства Літоўскае па сваёй сутнасці беларуская дзяржава, а Літоўскі статут - помнік беларускай дзяржаўнай і юрыдычнай думкі, то становіцца яшчэ больш відавочным яго надзвычай плённы ўклад у беларусістыку, які, на жаль, да сёння па-сапраўднаму не вывучаны.

3 гэтай нагоды звернем увагу на выказванне вядомага нямецкага мовазнаўцы К.Гутшмідта, які пісаў: "Як вядома, гэта ён (Брукнер. - У.С.) выканаў дзеля гісторыі польскай мовы самую адказную падрыхтоўчую філалагічную працу. Значна менш вядомымі і ўсё яшчэ недастаткова ацэненымі з'яўляюцца яго здабыткі ў даследаванні старажытнай беларускай мовы і літаратуры. Ён быў не толькі першым славістам па-за межамі тагачаснай Расіі, а адным з першых славістаў наогул, які ўзняў беларускую мову, гісторыю беларускай літаратуры і культуры на ўзровень самастойнага прадмета даследавання і тым самым садзейнічаў развіццю гэтай галіны славянскай філалогіі".

Яшчэ больш значнае далучэнне нямецкай навуковай грамадскасці да гісторьіі нашага краю адбылося пазней, у час Першай сусветнай вайны, калі кайзераўскія войскі захапілі частку Беларусі. Тады, пасля многіх стагоддзяў забароны, нарэшце афіцыйна была прызнана (1916) беларуская мова, адкрыты першыя беларускія школы, праводзілася значная культурна-асветная праца. Нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым, Нямеччына ў пэўнай меры спрыяла развіццю нашай нацыянальнай свядомасці, асабліва сваёй палітыкай вызвалення "народаў ускраін". Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі тады нямецкія вучоныя прафесар Р.Абіхт, доктар А.Іпель, публіцыст В.Егер і інш.

Тады ж беларуская культура знайшла шырокае адлюстраванне ў нямецкіх перыядычных выданнях "Цайтунг дэр цэнтэ Армее", "Гродноер Цайтунг", "Дойчэ Крыгс-Цайтунг фон Барановічы", "Новогродэкер Крыгсцайтунг", "Пінскер Цайтунг", "Бялостокер Цайтунг", "Вільнаэр Цайтунг", "Дзі Вахт ім Остэн" і інш., што выдаваліся на акупаванай тэрыторыі. На іх старонках у раздзеле "Мясцовыя навіны" змяшчаліся шматлікія артыкулы, рэцэнзіі, паведамленні, эсэ, апавяданні, вершы, малюнкі, а таксама пераклады з беларускай літаратуры і вуснай народнай творчасці. Акрамя матэрыялаў пра тэатр ("Беларускі тэатр" В.Егера), кнігадрукаванне ("Першая беларуская Біблія", "Кнігадрукаванне ў Вільні" В.Студніцкага), мастацтва, гісторыю, рэлігію, этнаграфію, друкаваліся вершы ("Баранавічы", "Май у Баранавічах" Б.Веры), асобны паэтычны зборнік "Альбом паэзіі пра Шчару", проза (серыя апавяданняў "Ля Шчары") Паўля Цымермана, нарысы ("Пеўчыя птушкі Беларусі", "Кветкі Беларусі" Р.Геселя), успаміны ("Аб баях за Баранавічы"), малюнкі В.Фэста і Ф.Шорлінга. Чатыры аб'ёмныя выпускі былі прысвечаны жывёльнаму і расліннаму свету Белавежскай пушчы".

Найбольш значныя заслугі ў даследаванні беларускай культуры ў брэслаўльскага (вроцлаўскага) славіста Рудольфа Абіхта. У 1916 г., ва ўзросце 66 гадоў ён актыўна ўзяўся за вывучэнне беларускай мовы і хутка авалодаў ёй. Абіхт быў першым замежным вучоным, які ў 1916 г. распачаў у Брэслаўлі (Вроцлаве) чытанне універсітэцкага курса лекцый на беларускай мове для студэнтаў і чыноўнікаў нямецкай адміністрацыі ў Беларусі. А ў 1917-1918 гг. выкладаў яе для беларускіх навучэнцаў у настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1918 г. разам з Я.Станкевічам ён выдаў лемантар "Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным", які быў прызначаны для тых, хто хацеў хутка авалодаць беларускай мовай (вялікія літары ў ім дзеля адметнасці прапанавалася змяніць малымі).

Абіхт першым сярод нямецкіх вучоных усталяваў цесныя і шырокія кантакты з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, органамі беларускай прэсы. Яго пяру належалі шматлікія пераклады і артыкулы як на нямецкай, так і беларускай мовах, што публікаваліся ў "Гомане", у нямецкіх часопісах і газетах. Найбольш значны яго гістарычны агляд "Са старой і новай гісторыі Беларусі". Нямецкі славіст прасачыў у ім лёс беларускага народа ад часоў Кіеўскай Русі да 1918 г.

Абіхт таксама прыняў актыўны ўдзел у выданні першай на нямецкай мове кнігі пра наш край "Беларусь", падрыхтаваўшы для яе раздзелы "Духоўная культура", "3 беларускай літаратуры", "3 беларускай вуснай народнай творчасці", куды ўвайшлі таксама перакладзеныя ім мастацкія творы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Баршчэўскага, нізка беларускіх народных песень і падборка лепшых беларускіх казак. Акрамя таго, нямецкі славіст падрыхтаваў і меў намер выдаць на нямецкай мове беларускую граматыку і гісторыю беларускай літаратуры, аднак смерць (1921) перашкодзіла здзяйсненню намераў.

На жаль, беларусазнаўчая дзейнасць Р.Абіхта не знайшла да апошняга часу належнай ацэнкі ні ў беларускай філалогіі, ні ў заходняй славістыцы. Гэта справядліва падкрэслена ў "Новай нямецкай біяграфіі": "Усе працы высакароднага вучонага, дзякуючы іх дакладнасці, багаццю ведаў і глыбокім, самастойным, часам смелым думкам заслугоўваюць больш увагі, чым яны выклікалі да гэтага часу".

Не меншы ўклад у даследаванне беларускай культуры ўнёс і нямецкі мастацтвазнаўца Альберт Іпель. Менавіта ім былі арганізаваны не без дапамогі віленскіх беларускіх інтэлектуалаў дзве буйнейшыя выставы па беларускім мастацтве ў Вільні і Мінску, зроблены шэраг значных публікацый. Гэта серыя артыкулаў (болыш дзесяці) "Выстава Вільня-Мінск", прысвечаных мінскай краёвай выставе старасвеччыны і мастацтва, а таксама такія артыкулы мастацтвазнаўчага характару, як "Мінская краёвая выстава"', "Магілёўскі царкоўны музей", "Гомель". Акрамя таго, ім напісана і выдадзена некалькі значных даследаванняў: "Вільня-Мінск: Старасвеччына і мастацтва", у якім апісаны шматлікія творы беларускага старажытнага і народнага мастацтва, "Даведнік Мінскай краёвай выставы", што быў выдадзены на чатырох мовах (нямецкай, беларускай, польскай і рускай), і раздзел у кнізе "Беларусь" "Аб беларускім мастацтве". Артыкул Іпеля - першая спроба паказаць беларускае мастацтва ў еўрапейскім кантэксце і асабліва ў параўнальным супастаўленні з нямецкім і антычным. Гэтая публікацыя адыграла ў свой час прыкметную ролю ў гісторыі беларускага мастацтвазнаўства, не згубіла сваёй актуальнасці і да сёння, пра што сведчыць нядаўняя публікацыя В.Шматава ''Ля вытокаў". Нездарма праца нямецкага вучонага не раз перакладалася на беларускую мову, атрымала многія добразычлівыя водгукі ў беларускай прэсе 20-х гадоў. Першы раз яна была перакладзена ў 1921 г. М.Байковым і надрукавана ў часопісе "Вольны сцяг". У 1924 г. М.Каспяровіч выступіў з вялікім артыкулам "Беларускае мастацтва і яго даследчыкі", дзе высока ацаніў артыкул А.Іпеля і публікацыі іншых нямецкіх вучоных, асабліва прафесара П.Вебера, адзначаючы, што "ў цяжкіх абставінах вайны і акупацыі яны зрабілі вялікую працу збірання і распрацоўкі матэрыялаў у галіне беларускага мастацтва [...] 3 патрэбнаю эрудыцыяй і падрыхтоўкаю нямецкія вучоныя, асабліва Іпель, ставяць проста і аб'ектыўна пытанні беларускага мастацтва ..." А ў 1925 г. М.Каспяровіч і З.Грабавец у другі раз пераклалі артыкул Іпеля і выдалі асобнай брашурай, далучыўшы да яго змястоўную прадмову. Менавіта ў ёй яны і паспрабавалі акрэсліць ролю працы Іпеля ў беларускім мастацтвазнаўстве: "Артыкул Іпеля мае бясспрэчна выключнае значэнне, як першы, што асвятляе беларускае мастацтва ад яго пачатку ў сувязі з месцам яго развіцця і рознымі ўплывамі на яго. Затым ён павінен быць крыніцаю, адкуль можна чэрпаць першапачатковыя веды аб розных галінах беларускага мастацтва".

Але найбольш дасведчаная і кампетэнтная ацэнка як працы самога Іпеля, так і яе выдання на беларускай мове была дадзена вядомым беларускім мастацтвазнаўцам М.Шчакаціхіным: "Праца гэтая, нягледзячы на нязначнасць яе памераў і нават вядомую павярхоўнасць зместу, мае ў гісторыі вывучэння беларускага мастацтва асаблівае значэнне. Артыкул Іпеля з'явіўся ў свой час першым прыкладам цалкам аб'ектыўнага, пазбаўленага ўсякай тэндэнцыі падыходу да правільнай пастаноўкі праблемы беларускага мастацтва, прык-ладам тым болей цікавым, што ён належаў пяру чужаземца і да таго ж быў вынікам параўнальна кароткага і неглыбокага азнаямлення аўтара з адпаведным матэрыялам. Тым часам, аднак, не без удзелу, праўда, некаторых беларускіх культурнікаў, Іпель здолеў сур'ёзна і правільна намеціць шляхі даследавання гэтага матэрыялу і першы нават адважыўся ўвесці ў літаратуру раней невядомыя тэрміны: "беларускае мастацтва" і "беларуская школа малярства".

Хацелася б звярнуць яшчэ ўвагу на дзве значныя публікацыі таго часу - артыкул Ф.Куршмана "Беларусы: Абуджаная славянская сялянская нацыя" і кнігу публіцыста В.Егера "Беларусь". Першы з іх належыць пяру вядомага нямецкага славіста з Берлінскага універсітэта, які падобна прафесару Абіхту ў час Першай сусветнай вайны праявіў цікавасць да Беларусі, яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Будучы афіцэрам культурнага аддзела Обер Ост, ён не раз выступаў перад нямецкімі вайскоўцамі з лекцыямі, а ў прэсе з артыкуламі па беларускай этнаграфіі. Адной з першых значных яго публікацый стаў артыкул "Этнаграфічныя назіранні над матэрыяльнай культурай беларусаў", які раскрываў своеасаблівасць быту мала вядомага немцам народа. Аднак найбольш вядомая яго праца "Беларусы", у якой даюцца даволі падрабязныя і каштоўныя для свайго часу звесткі пра тэрыторыю, насельніцтва, палітычнае і культурнае жыццё Беларусі. Дэталёва ахарактарызаваны ў артыкуле беларускі перыядычны друк XX ст., раскрыты роля і значэнне беларускіх газет "Наша Доля" і "Наша Ніва".

Але, безумоўна, найбольш важнай працай таго часу стала кніга В.Егера "Беларусь" - першая на нямецкай мове кніга, цалкам прысвечаная нашаму краю. Яна ахоплівае значны перыяд гістарычнага развіцця Беларусі - ад старажытнасці да ўтварэння БНР. Шырокі і разнастайны дыяпазон праблем закрануты ў раздзелах "Край", "Насельніцтва", "Гісторыя", "Народная гаспадарка", "Духоўная культура", "Аб беларускім мастацтве", "3 беларускай літара-туры", "3 беларускай вуснай народнай творчасці".

Выдадзеная ў час бурных рэвалюцыйных падзей у Германіі кніга В.Егера не была заўважана нямецкай грамадскасцю, занятай вырашэннем вострых унутраных праблем. У Беларусі ж на выданне з'явілася некалькі водгукаў. Гэта паведамленне беларускага лінгвіста М.Байкова "Кніга аб Беларусі на нямецкай мове" і яго ж рэцэнзія ў часопісе "Вольны сцяг" пад той жа назвай, дзе кніга В.Егера разгледжана больш падрабязна. Тут прааналізаваны і гісторыя яе ўзнікнення, і структура, і змест, дадзена ацэнка ўсяго выдання: "Чаго-небудзь новага дзеля беларускага чытача, асабліва таго, каму вядомы творы Я.Карскага, П.Шэйна, Е.Раманава і інш., зборнік не прадстаўляе, аднак трэба аддаць справядлівасць немцам, яны старанна сабралі тое, што з'яўляецца найбольш прыкметным у розных галінах жыцця беларускага народа".

Значна пазней, у 1925 г., да кнігі В.Егера звярнуўся Я.Карскі. У артыкуле "Беларуская філалогія за апошніх дзесяць гадоў" ён пісаў: "Гэта кампіляцыйная, спехам складзеная пасля 1917 года праца, без каментарыяў. Вінеткі, узятыя з маёй "Палеаграфіі", у некаторых месцах надрукаваныя наадварот [...] Адсутнічае ў гэтай кнізе размеркаванне паміж агульнарускім, рускім і беларускім". Выказванне вядомага спецыяліста ў галіне беларускай філалогіі, як бачым, даволі крытычнае. Аднак з вывадамі Я.Карскага не зусім можна па-гадзіцца. Вучоны глядзеў на кнігу В.Егера як на працу, што павінна была стаць вышэйшай ступенькай у беларусазнаўстве наогул. Мы ж лічым, што яе неабходна разглядаць як папулярнае выданне, зыходзячы з таго намеру, якім кіраваўся пры ўкладанні сам аўтар: даць немцам агульнае ўяўленне пра "амаль зусім невядомы ім беларускі народ".

Нават беглы агляд далучэння нямецкай славістыкі, нямецкіх навукоўцаў да беларускай культуры ў перыяд ад заснавання першага славістычнага часопіса "Архів фюр славішэ філологі" да падпісання Рапальскага пагаднення паміж Беларуссю і Веймарскай рэспублікай (1875-1922, сведчыць пра абуджэнне ў нямецкіх славістаў цікавасці да Беларусі, да духоўнага жыцця яе народа, пра ўсталяванне першых сталых кантактаў у галіне культуры, нарастанне іх дынамікі. Гэтае супрацоўніцтва было адным з важнейшых фактараў развіцця беларуска-нямецкіх культурных сувязей.

Уладзімір СакалоЎскІ (Мінск) «Беларусіка»

Назад