Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Шасцера смелых, альбо Як трэба любiць Радзiму

Чацвёра дзяўчынак, вучаніц 8 класа г.Гродна, былі затрыманы ў нядзелю міліцыяй пасля адбыўшагася на плошчы Леніна свята герба і сцяга. Дваім, яшчэ адной дзяўчынцы і хлопчыку, удалося ўцячы. Вучні прыйшлі на свята не з лукашэнкаўскай сімволікай, а з бела-чырвона-белымі павязкамі на галаве і бела-чырвона-белымі сцягамі, якія трымалі ў пакеце. Яны, зразумела, не належаць ні да адной з палітычных і грамадскіх арганізацый.

Амаль адразу, як вучні паказаліся на плошчы з сімволікай адметнай ад той, якую трымалі астатнія сагнаныя ў прыказным парадку навучэнцы і школьнікі горада, да іх падыйшоў міліцыянер і запытаў што ў іх за сцягі. На што вучні адказалі, што гэта не сцягі, а толькі павязкі. Міліцыянер запатрабаваў, каб дзеці паказалі, што ляжыць у іх у пакеце, аднак тыя адмовіліся гэта рабіць. Тады міліцыянер прыгразіў ім, што за імі будуць сачыць. Трохі пазней да вучняў падыйшоў дырэктар іх школы Ігар Андрэевіч Папоў і запатрабаваў, каб вучні знялі бела-чырвона-белыя павязкі, маўляў, не тое зараз свята. Потым, у школе, ён папракне дзяцей за тое быццам яны абразілі ветэранаў. Вучні не сталі ўваходзіць у канфлікт з дырэктарам, знялі павязкі, адыйшлі ў бок і зноў іх адзелі. Пасля мітынгу яны заўважылі, што за імі сочаць трое дарослых мужчын у цывільным. Дзеці схаваліся ад іх у аптэку, аднак убачылі там міліцыянера, спалохаліся і кінуліся наўцёк. На ўваходзе іх чакалі тыя самыя мужчыны ў цывільным. Яны паказалі свае дакументы і сказалі, што працуюць у міліцыі. Неўзабаве з'явіўся міліцыянер з аптэкі і пагрозліва пачаў задаваць пытанні: "хто вас паслаў і колькі заплацілі?". Вучні стараліся пераканаць людзей у цывільным, што іх ніхто нікуды не пасылаў і тым больш не плаціў ніякіх грошаў. Аднак гэтыя перакананні гучалі дарма - ім не верылі, пасля чаго запрапанавалі прайсці ў аддзяленне міліцыі. Двое з шасцёркі здолелі ўцячы, а чацвярых павялі ў пастарунак - "пазнаёміцца". Там пратрымалі каля 20 хвілінаў, не паведамлялі бацькам, а толькі запісалі прозвішчы і хатнія тэлефоны, пасля чаго адпусцілі.

Самае цікавае, аднак, пачалося на наступны дзень ў школе. Пасля таго як дырэктар выклікаў да сябе ў кабінет смельчакоў, увесь 8 "А" вырашыў ісці абараняць сваіх сяброў. Размовы не атрымалася. Праўда, адна з настаўніц на ўроку, абмяркоўваючы ўчынак сваіх вучняў, з жалем зазначыла, што "экзамены вы не здадзіце..."

Невядома што будзе далей з гэтымі вучнямі, але тое, што некалі іх імёны залатымі літарамі ўпішуць у гісторыю Беларусі - дакладна. Вольга, Кацярына, Надзея, Ірына, Антон, Марына...

Нічога не вартая хлусня, якую навязалі народу падчас рэферэндума - зразумела нават у восьмым класе. Дарэчы, адзін з іх аднакласнікаў, які таксама прысутнічаў на мітынгу, хоць і вучыцца пасрэдна, убачыўшы сваіх сяброў з бела-чырвона-белымі павязкамі, аддаў некаму лукашэнкаўскі сцяг, падыйшоў, стаў побач і сказаў: "я таксама хачу быць з вамі". Так будзе і далей, з кожным годам і з кожным пакаленнем, якое не хоча трываць хлусні пра гісторыю нашай краіны, народ, сцяг, герб... І нездарма гэтых шасцёх смелых маладых людзей віталі на мітынгу людзі старэйшага пакалення, якіх таксама прыгналі ў чарговы раз на плошчу па разнарадцы, але каторыя не здолелі адзець на сябе бела-чырвона-белыя павязкі. Як пісаў некалі вялікі рускі пісьменнік Леў Талстой: "Нет величия там, где нет простоты, добра и правды..." А ў нас жа па старынцы заганяюць людзей на плошчу па дзесяць чалавек ад класа ці навучальнай групы, сочаць. На гэтым мітынгу, дарэчы, не прагучала ніводнага выступлення на нашай нацыянальнай мове - беларускай, якая дадзена нам усімі былымі пакаленнямі. У трохсоттысячным Гродне няма ніводнай беларускай школы. З гэтым не хочуць мірыцца не толькі тыя, каго называюць апазіцыяй, з гэтым не хочуць мірыцца нават дзеці, якія заўтра стануць гаспадарамі гэтай краіны і не дазволяць болей, каб іх, як стада, зганялі на мітынгі.

Зрэшты, у Гродне па-сапраўднаму адбылася ўнікальная падзея і калі-небудзь гісторыкі аб гэтым скажуць. А што датычыць таго як нашы героі будуць здаваць экзамены, "БИ" пастараецца паведаміць не толькі нашым чытачам, але і будучым пакаленням беларусаў.

Л.ПАЛІТЫКА

Назад