Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Сёння мiжнародны дзень музеяу

Буйнейшы музей Францыі

У галоўным Напалеонаўскім двары архітэктурна-гістарычнага гонару Парыжа - палацы Луўр - у апошні час можна бачыць даволі дзіўныя збудаванні. З некалькіх нацягнутых канатаў была складзена гіганцкая піраміда, вярхушку якой трымала сталёвая рука ўстаноўленага побач пад'ёмнага крана. А вуглы асновы былі замацаваны на ўкапаных у зямлю вялізных круках. Мэтай гэтай імітацыі было праверыць на месцы і наглядна паказаць парыжанам, як будзе выглядаць вялізная шкляная піраміда, якую плануецца ўзвесці тут у недалёкім будучым.

Па запэўніваннях абаронцаў праэкта, прапанаванага амерыканскім архітэктарам У.М. Пеем, і адобраным французкімі ўладамі, хаця ён і не выклікаў аднадушнага адабрэння ў парыжан, яго ажыццяўленне дадасць музею Луўра новыя зручныя ўваходы і выхады для бясконцага патоку наведвальнікаў. З'явяцца таксама і новыя прасторныя памяшканні для запаснікаў і рэстаўрацыйных майстэрняў, якіх цяпер ён практычна пазбаўлены.

Крытыкі праэкта, прызнаюць рэальнасць і сур'ёзнасць праблемы, адказваючы, што вырашыць яе цалкам магчыма і іншым мадэрнісцкім спосабам. Рэзка геаметрычныя формы піраміды, па іх перакананню, стануць моцна кантраставаць з агульным архітэктурным стылем помніка даўніны.

Спасылкі на неабходнасць беражлівых адносін да старых рэліквій гучаць, аднак, для парыжан, не вельмі пераканаўча. Узвялі ж тут некалькі год таму пасярод аднаго з самых даўніх і прыгожых кварталаў Цэнтр культуры імя Жоржа Пампіду - па знешняму выгляду жудасную сумесь нафтаперагоннага завода з нечым накшталт танкера, перавітую таўшчэзнымі ці то каналізацыйнымі, ці то вентыляцыйнымі трубамі. І нічога: стаіць сабе, і нават карыстаецца ў парыжан, гасцей з правінцыі і з-за мяжы вялікай ўсерастучай папулярнасцю. Не ўпускаюць прыхільнікі піраміды таксама выпадку спаслацца на гістарычны прэцэдэнт: супраць будаўніцтва вядомай Эйфелевай вежы таксама, маўляў, была ў свой час узнята хваля пратэстаў, пры гэтым адным з яе ініцыятараў быў не хто-небудзь, а вядомы пісьменнік - Эміль Заля, які лічыў, што вежа моцна псуе воблік Парыжа. І што? Менавіта Эйфелева вежа з гадамі стала свайго роду эмблемай французскай сталіцы.

Таму праціўнікі лічаць за лепшае карыстацца аргументамі больш практычных уласцівасцяў. У моцна забруджаным парыжскім паветры - кажуць яны - шкляныя грані піраміды адразу страцяць першасную чысціню і празрыстасць. Перад наведвальнікамі паўстане не асляпляльны крыштальны палац, а хутчэй малаэстэтычнае падабенства старога заводскага склада, пакрытага завадскім брудам і пылам.

Так гэта ці не - пакажа час. Пакуль жа ў двары Луўра рыюць абшырны катлаван, у якім плануецца змясціць асноўную частку будучага збудавання. Будаўнічыя работы вельмі хутка ператварыліся ў археалагічныя раскопкі - вельмі ўжо многа цікавага наслаілі мінулыя стагоддзі ў гэтай адной з самых старажытных частак Парыжа. Пачатак Луўру быў пакладзены ў ХІІІ стагоддзі. Пазней і аж да нашага часу, практычна ўсе французкія дынастыі, усе рэжымы ўнеслі сваю лепту ў яго збудаванні і перабудову. У якой толькі ролі яму не давялося пачаргова выступаць у гэты час? І крэпасцю, і турмой, і рэзыдэнцыяй каралёў, і музеем, і нават да нашых дзён - адміністрацыйным будынкам, паколькі ў адным крыле да гэтага часу месціцца міністэрства фінансаў. З перыяду французскага Адраджэння Луўр уяўляе сабой гарманічны архітэктурны ансамбль, адзін з самых прыгожых на свеце.

Ідэя ператварыць Луўр у музей з'явілася ў ХУІІІ стагоддзі, яшчэ пры Людвіку ХУ. Але кароль яе аправергнуў, зусім не жадаючы дзяліцца са сваімі падданымі правам любавацца сабранымі там унікальнымі творамі мастацтва. Дыкрэтам Канвента ў 1793 годзе ў Луўры быў устаноўлены "Цэнтральны музей мастацтваў". Пры Напалеоне, які бессаромна рабаваў гістарычныя і культурныя каштоўнасці заваяваных краін, яго калекцыя стала адной з багацейшых у свеце. Пасля краху імперыі ў 1815 годзе значная частка награбленых каштоўнасцяў была вернута іх сапраўдным уладальнікам, але многае засталося ў Луўры, а затым яго багацці працягвалі несупынна папаўняцца.

Па рашэнню французскага ўрада на адной з акраін Парыжа будзе пабудаваны новы будынак міністэрства фінансаў, што дазволіць Луўру нарэшце стаць толькі музеем.

Ю. ШАСТАК

P.S. Рэдакцыя газеты "БИ" віншуе ўсіх супрацоўнікаў музеяў нашай вобласці з прафесійным святам. Поспехаў вам у нялёгкай музейнай працы і асабістым жыцці.

Назад