Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

ПЕРАХОД «БЕРАСТАВIЦА БАБРОЎНIКI» - ДРУГАЯ СПРОБА

Сёння павінна адбыцца ўрачыстае адкрыццё праезда легкавога транспарту на памежным пераходзе "Бераставіца-Баброўнікі". Гэта падзея была запланавана яшчэ на мінулы чацвер, аднак у самы апошні момант была адменена.

Прыехаўшае 20 ліпеня а адзінаццатай гадзіне на памежны пераход Бераставіцкае начальства з старшынём выканкама спадаром Захарчуком, каб перарэзаць чырвоную стужку, а таксама фальклорныя калектывы ў нацыянальных строях вымушаны былі вяртацца ў Вялікую Бераставіцу без святочнага настрою. Як патлумачыла намеснік старшыні выканкама спадарыня Ганчарова, у апошні момант, калі яны ўжо былі на мяжы, загад прыйшоў ад памежнікаў з Менску. Пракаментаваць прычыны пераносу ўрачыстага адкрыцця пераходу спадарыня Ганчарова адмовілася, але сказала, што ўрачыстасць пераносіцца на 27 ліпеня. Беларускія грамадзяне хутка раз' ехаліся, а палякі, якія патрапілі на пераход, спрабавалі нешта даказваць міліцыянтам.

А восьмай гадзіне раніцы ўсё выглядала больш аптымістычна. Да сустрэчы наплыву легкавога транспарту рыхтаваліся міліцыянты. Яны адпраўлялі легкавыя аўтамабілі ў чаргу, перад мястэчкам Пагранічны, за шэсць кіламетраў ад пераходу. Там выстраілася чарга з трыццаці легкавікоў. Машыны яшчэ пад' яжджалі. Людзі ў новай чарзе вясёла жартавалі са спадзяваннем на тое, што сёння яны апынуцца ў Польшчы. Распавядалі, што праз Брузгі праехаць немагчыма, маўляў, АМАПАўцы, якія там дзяжураць, запісвалі іх ужо ў 128 спіс, у кожным з якіх, як найменш, па 50 аўтамабіляў. Урэшце самі міліцыянты на памежным пераходзе жартавалі, што трэба лепш запаркаваць свае аўтамабілі, паколькі будзе шмат людзей і могуць паскручваць колы.

Нягледзячы на тое, што прычыны адмены ўрачыстасці ніхто не патлумачыў, яны былі відавочныя не ўзброеным вокам. На мяжы не створана інфраструктура. Аказваецца, да гэтага наогул ніхто не рыхтаваўся. За суткі тут праязджала да 90 фураў, якія чаргі не стваралі. Толькі ў дзень адкрыцця пераходу для легкавога транспарту сюды назганялі трактароў, якія разграбалі кучы пяску, дарожнікі пачалі біць асфальт і рабіць рамонт. Натуральна, што дарогу трэба пашыраць, асабліва гэта стане адчувальна, калі ў Брузгах зачыніцца пераход з першага жніўня і ўвесь транспарт накіруецца праз Пагранічны. Цікава, што на пераходзе мы пабачылі толькі адну прыбіральню, адсутнічае стаянка для аўтамабіляў, працавала толькі адна кавярня. Але, бадай, самае страшнае, што не створаны ўмовы для саміх памежнікаў і мытнікаў: ім завезлі вагончыкі, якія непрыстасаваны для такой працы. У той час, з польскага боку ўзвышаюцца прыгожыя будыніны з чырвоным дахам.

Мясцовыя міліцыянты мне распавядалі, што і на працягу ўсяго астатняга часу ніхто на мяжы не рыхтаваўся да гэтага дня. Адзін з іх нават звярнуў увагу на тое, што пераход назвалі Бераставіца, а знаходзіцца ён за мястэчкам Пагранічны, якое, дарэчы, было некалі пераназвана і знаходзіцца трохі больш чым у дзесяці кіламетрах ад Вялікай Бераставіцы, што таксама збівае людзей з панталыку, асабліва палякаў, якія не арыентуюцца ў мясцовай геаграфіі, і круцяцца па В.Бераставіцы ў пошуках пераходу.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад