Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гродзенцаў пазбавілі свята

На працягу дзесяці гадоў жыхары Гродна святкавалі 8 верасня - Дзень вайсковай славы. Звычайна свята праводзілася ля Каложы, на тым месцы, дзе стаіць памятны знак Пагоня на Грунвальд.

Але на гэты раз гарвыканкам не даў згоды на правядзенне святочнага мерапрыемства. І калі раней да Каложы прыходзіла каля двух тысяч гарадзенцаў, то ў гэтым годзе святкаванне ператварылася ў вузкую тусоўку сябраў БНФ, Маладога Фронта і некалькіх журналістаў з газет і радыё.

Пасля выставы карцін вядомага гарадзенскага мастака Дзмітрыя Іваноўскага, людзі, што прыйшлі на свята, рушылі да помніка Вітаўту Вялікаму, што ля Старога замка, каб ускласці кветкі. Потым пайшлі да Каложы, дзе адбыўся невялічкі канцэрт. У фарным касцёле і ў Каложы адбыліся набажэнствы за Абаронцаў Айчыны.

На выставе былі затрыманы два хлопцы, што распаўсюджвалі ўлёткі. Яшчэ міліцыянтам, відаць, не спадабаўся бела-чырвон-белы сцяг, які ў гэты час лунаў на вуліцы Савецкай. Хто яго павесіў, так і не высветлілі. Пазней, у размове з журналістамі, старшыня Маладога Фронту заявіў, што трохгадзіннае затрыманне хлопцаў не мела падстаў, паколькі ва ўлётках змяшчаліся толькі гістарычныя звесткі.

А ў далекім 1514 годзе пад Оршай сашліся войскі княства Маскоўскага і Вялікага Княства Літоўскага, у якім, дарэчы, былі і гарадзенцы. 30-тысячнае войска ліцвінаў пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разбіла тады 80-тысячнае войска з Масковіі. Па сённяшні дзень у еўрапейскай гісторыі гэта бітва служыць выдатным прыкладам добрай вайсковай тактыкі. Праўда, толькі ў еўрапейскай...

Дзмітрый ЯГОРАЎ

Назад