Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Страчаная спадчына

Тры гісторыі Міхася Забэйды-Суміцкага

Міхась Забэйда-Суміцкі (1900 -- 1981) -- выдатны беларускі спявак, геніяльны тэнар, таленту якога стваралі авацыі слухачы прэстыжнейшых канцэртных залаў свету. Але ж мы ведаем, што на сцэне славутага італьянскага тэатру "La Skala", напрыклад, праездам выступаў расійскі спявак Фёдар Шаляпін, а вось пра тое, што ў трупе гэтага тэатру пэўны час стала працаваў наш зямляк Міхась Забэйда-Суміцкі - дык і ня чулі.

Гісторыя першая. Руйнаванне генія

Чаму так сталася, што дыскі беларускага генія шырока выдаваліся фірмамі грамзапісу Нямеччыны, Чэхаславаччыны, Польшчы, Канады, а на Радзіме пра іх нават згадкі не было? Дый самое імя таго, кім маглі ганарыцца, мы нават не ведалі.

Гэта не віна, а бяда. А мо нават і пакаранне за тое, што мы, насуперак волі паэта, "аддалі сваю святыню псам". Праўда, не без супраціву.

Напачатку 80-х я прыйшоў у маладзёжны друк Беларусі з дыпломам музычнага крытыка. І паколькі татальны прэсінг кампартыі не даваў тады шырока разгарнуць прапаганду нацыянальнага шоў-бізнэсу, пошукі сваіх рок-зорак даводзілася разбаўляць зваротам да класікі. Гэта была бяспройгрышная тэма: паколькі класіка - гэта святое, да таго ж праверанае часам, тагачасная цэнзура нават не кранала такіх матэрыялаў.

І вось улетку 1985 года мы падрыхтавалі кампілятыўную публікацыю (паводле артыкулаў з літоўскай, чэскай, польскай прэсы, залітаванай ужо цэнзарамі падсавецкіх рэжымаў) пра жыццё і творчасць Міхася Забэйды-Суміцкага. Якое ж было здзіўленне, калі набраны ўжо матэрыял быў зняты з газетнай паласы. Галоўліт вынес катэгарычнае табу: для Беларусі гэта ня пойдзе.

Гісторыя забароненай публікацыі - і якой: не пра скандальныя рок-гурты, а пра сусветную славутасць - мела такі розгалас у колах беларускай інтэлегенцыі, што неўзабаве я даведаўся, што гэта быў не адзінкавы выпадак. На той час ужо справіў "шуфлядную дзесяцігодку" арыгінальны артыкул Сяргея Панізьніка пра Міхася Забэйду-Суміцкага. Вядомы беларускі паэт яшчэ ўлетку 1975 года быў у Празе - месцы апошняга прытулку геніяльнага спевака - і асабіста сустракаўся з яшчэ жывым Міхасём Забэйдам-Суміцкім.

Пройдзе яшчэ пяць гадоў, і толькі 2 чэрвеня 1990 года нам удаецца апуб-лікаваць тыя архіўныя нататкі ў музычным дадатку да "Чырвонай змены" -- "Нотны аркуш". Публікацыя прысвячалася 90-годдзю з дня народзінаў спевака і мела загалоўкам сымбалічную цытату з ягонай споведзі - "Адгукніцеся, пакуль жыву".

Не адгукнуліся! Незадоўга перад тым, 22 снежня 1988 года у тым жа "Нотным аркушы" да сёмай гадавіны з дня смерці генія праскочыла праз цэнзарскае сіта рэцэнзія на выдадзены польскай фірмай "Muza" грунтоўны збор Забэйдавай спадчыны "Беларускія песні" ў акампанімэнце аркестру Эдварда Цюкшы. Публікацыя аказалася скандальнай, бо зруйнавала звыклы чужынскі мур вакол беларускай класікі. І быў працяг.

Гісторыя другая. Станаўленне генія

Міхась нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 года на памежжы Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны -- ў вёсцы Несцяравічы Ваўкавыскага павету. Двайное прозвішча ў яго ад бацькі -- Івана Андрэевіча Забэйды з вёскі Несцяравічы, і маці -- Аляксандры Феліксаўны Суміцкай з вёскі Шэйпічы. Пасля школы ў Галоўчыцах ён паступае ў Маладэчанскую настаўніцкую семінарыю, але першая сусветная вайна прыносіць у гэтую беларускую сям'ю нязвыклае дагэтуль паняцце - бежанцы.

1915 год - гэта пакутная дарога на ўсход, у глыб загніваючай ужо імпэрыі: Мінск, Смаленск, Тамбоўшчына, Пенза, Алтай. Яны шукалі паратунку ад агню чалавечага самавынішчэння , а трапілі толькі з вайны імпэрыялістычнай у вайну грамадзянскую, якая выпхнула будучага беларускага генія аж у далёкую Маньчжурыю.

Зразумела, для самавызнычэння юнай асобы час і ўмовы аж занадта неспрыяльныя. Ён яшчэ не паспеў адчуць у сабе Музыкі боскі дар, таму наступная навучальная ўстанова -- Харбінскі універсітэт, хоць ужо ёсць вопыт і пяяння ў дзіцячых хорах, і самастойнага авалодвання музычнымі інструментамі (скрыпка, гітара, мандаліна, балалайка, губны гармонік).

Цікава, што абедзьве стыхіі - навука і музыка - паспяхова развіваліся ў душы Забэйды -- Суміцкага, што нядзіўна для Богам пазначанага чалавека. Але надыходзіць час Сыбару. Яму прапаноўваюць аспірантуру ў Харбіне, а ён едзе ў Харбінскую оперу, салістам. Гэты выбар аказаўся лёсавызначальным: абранае рэчышча раскрыла ў ім сапраўднага генія.

Поспехі ў Харбінскім опэрным тэатры (М. Забэйда-Суміцкі выступаў на ягонай сцэне ў 15 ролях) дазваляюць пашырыць кругагляд маладога даравання. І, натуральна, ён трапляе ў сталіцу сусьветнай оперы - Мілан. Акурат тут, у тэатры "La Skala", ён знаёміцца з Собінавым, упершыню чуе Шаляпіна, вучыцца ў Фэрнанда Карпі.

Італьянская прэса хутка заўважыла новую зорку опернай сцэны: нашага земляка параўноўваюць з тагачасным кумірам Тыта Скіпам, з тым жа Собінавым, прадракаюць бліскучую сусветную славу. Вось толькі не ўлічылі замежныя прарокі, што лёс генія непарыўна звязаны з лёсам ягонай радзімы. А які лёс радзімы Міхася Забэйды-Суміцкага?

Ён толькі чуў на пакутных дарогах бежанства, што ягоная радзіма - Беларусь - абвесціла сваю незалежнасць (1918). Але калі ў 1935 годзе ён зноў становіцца перад кардынальным выбарам -- сусветныя бадзянні славутай зоркі або сыноўскае адчуванне радзімы-маці, - пытанне вяртання на радзіму вырашае ўжо іншая дзяржава. Польшча.

І Польшча дае дазвол. М. Забэйда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Берасьце, Горадня), па ўсёй Польшчы (Варшава, Познань) і далей, шырэй - Літва, Латвія, Чэхаславаччына …

У Празе М. Забэйду-Суміцкага запрашаюць на сталую працу ў Нацыянальны тэатр, і 12 кастрычніка 1940 года адбыўся ягоны першы канцэрт там.

"Спявак сусветнага маштабу", "сакавіты і гнуткі голас, віртуознае майстэрства", "талент проста непераўзыйдзены"… - стракацела захопленымі водгукамі абазнаная чэская прэса. А рэпертуар М. Забэйды-Суміцкага на той час ужо складала і сусветная класіка (Моцарт, Шуберт, Бетховен, Чайкоўскі, Манюшка), і творы чэскіх кампазітараў (Дворжак, Новак, Сметана), і сваіх суайчыннікаў (Галкоўскі, Аладаў, Туранкоў, Чуркін), і беларускі ды украінскі фальклёр. Ён спяваў на дзесяці мовах свету, сярод якіх родная займала прыярытэтнае мейсца. Забэйда-Суміцкі сваім талентам прымушаў захапляцца ёю дасціпных еўрапэйскіх адмыслоўцаў прафесійнага спеву. "Толькі такі мастак - артыст, як Забэйда-Суміцкі патрапіў вывесці беларускую народную песню ў шырокі культурны свет," -- пісаў яшчэ ў 1937 годзе ў заходнебеларускім часопісе "Калосьсе" знакаміты Рыгор Шырма.

Па вайне славуты геній сцэны застаецца жыць у Чэхаславаччыне, выступае з канцэртамі, запісваецца ў студыях, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Ён, беларус, ніколі ня меў савецкага грамадзянства, з-за чаго былі праблемы адчуць подых падсавецкай радзімы. І ўсё ж падчас Хрушчоўскай адлігі, ў 1963 -ім, яго, сусветную беларускую славутасць, нарэшце запрасілі ў Савецкую Беларусь. Гэта быў проста фурор: аншлагавыя канцэрты ў Мінску, Горадні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілеве, Гомлі… Дзесьці яго памятала публіка (Заходняя Беларусь), хтосьці адкрываў ягоны геній упершыню (Усход), але захапленне было аднолькавае.

Ён так і не згадзіўся прыняць савецкае грамадзянства, хоць марыў пра Беларусь. Мо патыхала мерцвячынай Савецкая Беларусь, якая захаплялася ягонымі спевамі, але сама ўжо забылася на родную песню. Забылася настолькі, што па сканчэнні тае адлігі дазволіла сцерці з сваёй памяці і гэтак славутае імя. Забэйда-Суміцкі памёр у Празе 21 снежня 1981 года, і на гэта не адгукнулася ніводная газета БССР.

Гісторыя трэцяя. Захаванне генія

Я прыйшоў у гэты свет свядома ўжо пасля таго хрушчоўскага раю, калі Савецкая Беларусь, згубіўшы нагавіцы (а ня толькі вопратку душы), неслася да камунізму. Што мог я ведаць пра Забэйду-Суміцкага, каб дастойна ўшанаваць яго ў сваёй душы: агульнасаюзная фірма гуказапісу «Мелодия» не выпусціла ніводнай кружэлкі хоць з адной ягонай песняй (ён жа быў і кампазытарам), а менскі "Сталінскі райпромкамбінат" які выпускаў тут кружэлкі раней, тыражаваў прадукцыю новых гаспадароў Беларусі (Кравцова, Лядова, Силантьева, Петрова і г.д.) Але першае прафесійнае спатканне з забаронай, якая ляжала на лёсе генія ў гэтай краіне, дало мне накірунак пошуку.

Бліжэйшы горад, дзе захаваліся сляды Забэйды-Суміцкага - польскі цяпер Беласток. Там, у галоўнай управе БГКТ, я і знайшоў першы дыск, дзе славуты тэнар спявае ў суправаджэнні аркестра (MUZA, 1965). Адрэцэнзаваўшы яго ў "Нотным Аркушы" N 125 (22.12.1988), я атрымаў шмат водгукаў, а сярод іх была і інфармацыя з Канады пра тое, што лонгплэй Забэйды-Суміцкага выдавала ў 60-х гадах яшчэ й тамтэйшая фірма "Pahonia-records". Гэта было, бадай, самае дыхтоўнае выданне - з выдатным гукам, у зграбнай кардонавай вокладцы.

Час ішоў, а гісторыя адкрыцця свайго Забэйды-Суміцкага не сканчалася. У пачатку 90-х малады бізнэсмен, заснавальнік і выдавец газеты "Беларускі калекцыянэр" пачуўшы Забэйду ў маім гіт-парадзе радыё "СВАБОДА" (1 мейсца песні "Малады дубочак" у табліцы N20 за чэрвень 1993 года Уладзімер Цярохін, прапанаваў пазнаёміцца з ягоным зборам дыскарарытэтаў. Аказваецца сам Міхась Забэйда-Суміцкі прэзентаваў самому Уладзімеру Караткевічу, а той - Станіславу Цярохіну, з рук якога спадчыну ўжо ўзяў сын Уладзімір, два выданні Забэйдавых спеваў ад чэшскіх фірм ("SUPRAFON", 1968). Адзін з іх (фармату grand) утрымлівае 6 гішпанскіх і 6 беларускіх народных песень, а другі (фармату giant) складаецца з 17 беларускіх песень і рамансаў, дзе захаваны таксама ўласны твор спевака на вершы Максіма Танка. На абодвух гэтых кружэлках нашаму земляку акампануе чэскі піяніст Альфрэд Голечак.

Гэта той нацыянальны скарб, да якога беларусы ў апошнюю чаргу падыйшлі, калі яго ўшанаваў ужо ўвесь свет. Не адгукнуліся, пакуль жыў, дык адгукніцеся, пакуль жывеце вы. Такія песні здольны вярнуць нам адчуваньне народа.

Вітаўт Мартыненка, музычны крытык

Назад