Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Народжаны поўзаць - лятаць не можа

У мінулыя выхадныя кожны жадаючы гродзенец мог падняцца ў неба на самалёце і паглядзець з вышыні на свой горад. Такую магчымасць прадстаўляла мінскае прыватная авіякампанія "Рэгул". Шэсць хвілін палёту на двухмесным нямецкім самалёце "Ікарус С 42" каштавала адзінаццаць тысяч рублёў. Самалёт падымаўся ў неба з старога аэрапорта Караліно, што побач з Юбілейным возерам. Трэццякласнік Саша Юшкевіч з школы-гімназіі №30, якога вы бачыце на здымку, стаў першым з гродзенцаў, хто рызыкнуў падняцца ў гэтыя дні высока ў неба.

На мінулым тыдні ў цэнтры горада на Савецкай вуліцы можна было бачыць прыгожага каўбоя, які раздаваў запрашэнні гродзенцам прыняць удзел у палётах. Ён выглядаў даволі вясёлым, хоць і без каня, што заранёў настройвала на свята. Тым не менш, у суботу раніцай усе аўтамабілі, пешаходы і раварысты міналі аэрапорт Караліно і накіроўваліся на дачы, капаць бульбу. У старым аэрапорце было не шматлюдна, ды і дабрацца туды даволі складана. Тым не менш ахвотныя палятаць знайшліся.

Аляксей Львовіч Адарэнка, старэйшы штурман, распавядае, што ў іх авіякампаніі існуе мара адрадзіць малую авіяцыю ў Беларусі. Іх авіякампанія налічвае цяпер толькі два самалёты нямецкай вытворчасці. У кожным самалёце акрамя пілота можа знаходзіцца толькі адзін пасажыр. Дарэчы, сам Аляксей Львовіч лічыць, што аплата за палёт не малая, але вялікіх барышоў кампанія на гэтым не мае, працуюць болей на будучыню, прапагандуючы сярод людзей сваю ідэю. На яго думку, новае пакаленне нашых грамадзянаў мала што ведае пра самалёты, паколькі практычна не лятаюць, таму і цікавяцца, не шкадуючы на палёт адзінаццаць тысяч рублёў.

Ужываны самалёт, падобны гэтаму, каштуе каля 50 тысяч даляраў. Прычым, ва ўсіх заходніх краінах падобная тэхніка знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, таму, калі яе набываеш, можаш быць цалкам спакойным за яе стан. Усе супрацоўнікі "Рэгула", былыя прафесійныя пілоты і да справы сваёй ставяцца сур'ёзна. Для адраджэння малой авіяцыі авіякампанія арганізавала школу прыватных пілотаў. Ёсць там і навучэнцы з Гродна, якія мелі магчымасць паказаць свой пілатаж у мінулыя выхадныя.

Цікава глядзець як падымаецца ў паветра гэты невялічкі самалёт. Яму хапае ста метраў для разгону, запраўляецца звычайным бензінам А-95, аўтамабільным, набірае хуткасць да 140 кіламетраў на гадзіну, можа знаходзіцца ў паветры сем з паловай гадзін і праляцець тысячу кіламетраў. Дарэчы, у Гродна яго даставілі на невялікім аўтамабільным прыцэпе. Самалёт вельмі зручны для патрулявання лясоў, апрацоўкі палёў хімікатамі, для кантролю за газапровадамі, праўда, беларуская дзяржава сабе такой выгоды дазволіць не можа. Тым больш, па сцвярджэнню пілота, у Беларусі існуе шмат пляцовак, якія можна выкарыстоўваць пад аэрадромы.

Памятаецца, некалі мы глядзелі замежныя фільмы і зайздросцілі людзям, якія маюць свае невялікія самалёты і могуць на іх лятаць, калі захочуць. У нас з'явіўся шанец падняцца ў неба, паляцець, але ў нашым жыцці ўсё так марудна мяняецца, што мы-паранейшаму едзем выхаднымі капаць бульбу.

Зрэшты, народжаны поўзаць - лятаць не можа.

М.КАРНЕВІЧ

Назад