Царква шануе, улада не рэабілітуе
Для таго, каб перайменаваць вуліцу Савецкую на вуліцу Ларысы Геніюш у Зэльве, на радзіме паэткі, мясцовы выканкам вырашыў правесці апытанне жыхароў горада. Справа ў тым, што ў жніўні, калі святкаваўся Дзень народзінаў паэткі, творчая інтэлігенцыя Беларусі звярнулася ў Зэльвенскі райвыканкам з прапановай аб наданні адной з вуліцаў імя славутай беларускай паэткі. І вось цяпер прыйшоў адказ ад старшыні райвыканкаму, што ў сувязі з дадзеным пытаннем праводзіцца "вывучэнне грамадскага меркавання".
Тым часам у Свята-Троіцкай царкве, што ў Зэльве, упершыню ў гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі ўстаноўлены мемарыяльны знак ад удзячных нашчадкаў у гонар 90-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Фундатарамі выступілі землякі-прадпрыймальнікі. Сакратар Гродзенскай епархіі Анатоль Ненартовіч, падчас урачыстасці адзначыў, што Ларысу Геніюш Праваслаўная царква ўзносіць не толькі як паэтку Зямлі Беларускай, але і як хрысціянку, якая пастаянна брала ўдзел у набажэнствах у гэтай царкве, як духоўна багатага чалавека. Яна перадавала людзям свае духоўныя багацці праз напісаныя творы.
Ларыса Геніюш - адна з тых прадстаўніц беларускай літаратуры, чыё імя да апошняга часу знаходзілася пад прэсам палітычнай цэнзуры.Лёс паэткі больш чым драматычны - восем гадоў сталінскіх лагяроў, пераслед і цкаванне на радзіме.І праз 40 гадоў пасля гэтага выдатная беларуская паэтка мае ярлык "ворага народа". Дарэчы, пасля таго як у мінулым годзе нарэшце быў адкрыты доступ да архіваў КДБ, Беларускі Хельсінскі камітэт хадайнічаў аб вынясенні пратэсту на прыгавор судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР ад 7 лютага 1949 года ў адносінах Івана і Ларысы Геніюш з мэтай яго адмены, паколькі хоць якіх-кольвек доказаў аб іх злачыннай дзейнасці няма. Аднак...
Зроблены некалькі гадоў таму помнік Ларысе Геніюш улады так і не дазволілі паставіць на радзіме - ён дагэтуль знаходзіцца ў доме літаратара. Падчас святкавання 90-х угодкаў Л.Геніюш удзельнікі літаратурнай вечарыны пісьмова звярнуліся да мясцовых уладаў надаць адной з вуліц райцэнтра імя Ларысы Геніюш, стварыць музей яе імя, назваць школу у яе гонар. Але ўлады маўчаць.
Пётр ЖЭБРАК
|