Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Выбары-2000

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Па выніках першага тура выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнальнага сходу РБ у мінулы панядзелак у Гродзенскім аблвыканкаме адбылася прэс-канферэнцыя.

Згодна з папярэднімі вынікамі галасавання ў Гродзенскай вобласці прыняло ўдзел звыш 67% выбаршчыкаў. Гэта самы высокі паказчык па Беларусі. Выбары адбыліся ва ўсіх 13 акругах вобласці. Самымі масавымі яны сталіся ў Лідскай сельскай выбарчай акрузе - прынялі ўдзел 82,3% выбаршчыкаў. Самы нізкі паказчык актыўнасці па Лідскай гарадской акрузе, дзе прагаласавала 50,3% выбаршчыкаў.

Па 13 выбарчых акругах вобласці абрана шэсць дэпутатаў. Сярод іх адстаўны генерал Валерый Фралоў па Гродзенскай сельскай акрузе №54, дэпутат былой Палаты Мікалай Дуніч - па Іўеўскай акрузе №55, старшыня абласной кантрольнай палаты Марыя Праташчык па Навагрудскай акрузе №59, загадчык аблздраўаддзела Роберт Часнойць па Смаргонскай акрузе №61, Уладзімір Семянюк, дырэктар Шчучынскага лясгаса - абраны ў Шчучынскай акрузе №62 і Міхаіл Орда, ІІ сакратар ЦК БПСМ - абраны ў Лідскай сельскай акрузе №57. На думку Мікалая Прысады, начальніка Упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама, узровень самасвядомасці выбаршчыкаў у вобласці аказаўся на належным узроўні, нягледзячы на намаганні апазіцыі байкатаваць выбары. На яго думку, меншая актыўнасць у гарадах якраз і звязана з тым, што паўсюдна па вобласці існуюць розныя структуры апазіцыйных сілаў, якія праводзяць актыўную работу. Яшчэ адной прычынай малой актыўнасці выбаршчыкаў у гарадах М.Прысада вызначыў тое, што чалавек у горадзе больш залежны ад узроўня заработнай платы. А менавіта у горадзе склалася больш яркае размежаванне грамадства на багатых і бедных. Па праўдзе кажучы, гэтая думка М.Прысады не вельмі зразумелая.

На мінулым тыдні і нават за гадзіну да пачатку прэс-канферэнцыі да нас у рэдакцыю званілі людзі і скардзіліся, што начальства збірала рабочых і прымушала ісці на выбарчыя ўчасткі, прычым рабілася гэта з пагрозамі, маўляў, калі не пойдзеш, пазбавішся прэміі, выганім з працы, выганім з інтэрната... Званілі з прадпрыемстваў энергетыкі, транспарту, сувязі, устаноў культуры. Спадар Прысада адказаў на гэта, што ў вобласці зафіксаваны толькі адзін падобны выпадак, калі старшыня Ашмянскага райвыканкама разаслаў кіраўнікам арганізацый ліст, у якім "патрабаваў забяспечыць ад кіраўнікоў прадпрыемстваў яўку выбаршчыкаў". За гэта, маўляў, яго пакаралі выгаварам. Дзіўна выглядае, паколькі ў Крымінальным кодэксе РБ ёсць артыкул 130 ч.1 згодна якога прадугледжваецца крымінальная адказнасць да двух гадоў пазбаўлення волі альбо прыцягненне да папраўчых работ за падобныя дзеянні.

У пятніцу, калі спадар Прысада выступаў па мясцоваму тэлебачанню, таксама былі званкі падчас прамога эфіра з падобнымі скаргамі, але, маўляў, людзі не прадстаўляліся, а таму іх скаргі выглядалі непераканаўча. Больш таго, па яго словах, ніхто ў кабінку для галасавання за руку не зацягваў і там не стаяў. Зноў такі дзіўна, таму што ў нашай краіне ўжо даўно адноўлена практыка разгляду ананімных скаргаў. Але тут, відаць, не той выпадак.

Наогул, М.Прысада ўзгадаў і пра грамадзянскі абавязак, маўляў, дзяржава мае права нагадаць свайму грамадзяніну ягоны абавязак... Астатнім Прысада папросту не верыць, паколькі кожны жыхар Беларусі мае права напісаць заяву ў пракуратуру супраць любога начальніка, які прымушае яго ісці галасаваць на выбары. Сказана вельмі пераканаўча.

Яшчэ той жа М.Прысада прыводзіў прыклад Аўстрыі, дзе згодна выбарчага заканадаўства, кожны грамадзянін абавязаны прыняць удзел у выбарах і яму ставяць пячатку ў пашпарт. Дарэчы, такі самы закон існуе і ў Бельгіі. Але гэтыя аргументы гучаць зусім непераканаўча, таму што там перад законам усе роўныя, маюць сапраўдны доступ да СМІ, а не так, як у нас па пяць хвілінаў эфірнага часу, парламент мае сапраўдныя паўнамоцтвы, там не знікаюць бясследна прадстаўнікі апазіцыі. Зрэшты, там няма датэрміновага галасавання, як у нас, на якое ганялі людзей з прадпрыемстваў, інтэрнатаў, воінскіх частак. Дарэчы, на адным з участкаў па вуліцы Лідскай у Гродне, дзе размешчаны толькі працоўныя інтэрнаты і воінская частка, датэрмінова прагаласавала 53% выбаршчыкаў. Ці гэта не факт? У дзень галасаваня мне яшчэ ўдалося спаткацца на выбарчым участку і паразмаўляць з салдатамі, якіх прывялі туды строям. Яны распавядалі, што начальства загадвала абавязкова прыйсці на выбарчы участак, праўда, канкрэтнага загаду за каго галасаваць не давалі.

Што датыць замежных наглядальнікаў, яны таксама былі ў нашай вобласці - з Польшчы і з Расейскай думы. М.Прысада запэўніў, што наглядальнікі не зрабілі ніякіх заўвагаў, наадварот ім вельмі спадабалася арганізацыя выбараў у Беларусі. Праўда, пазней прадстаўнікі гродзенскага БХК, якія сустракаліся з польскімі назіральнікамі, што прыязджалі з Беласточчыны, патлумачылі, што ніводзін з іх не арыентаваўся ў выбарчым заканадаўстве РБ. Дакладна не ўдалося ўстанавіць хто іх накіроўваў назіраць за выбарамі ў Беларусь. А польскія ўлады зрабілі спецыяльную заяву, што нікога з наглядальнікаў на беларускія выбары не накіроўвалі. У панядзелак БТ паказвала прэс-канферэнцыю з замежнымі наглядальнікамі, якія таксама станоўча выказаваліся аб выбарчым працэсе ў нашай краіне. Зрэшты, ім цяжка запярэчыць, паколькі ў нядзелю і сапраўды выбары праходзілі ў асноўным спакойна. Але, відавочным было і іншае: ніхто з іх не арыентаваўся ў палітычнай сітуацыі ў нашай краіне, у якой адбываліся гэтыя выбары.

І самае цікавае. Па выніках датэрміновага галасавання ў нашай вобласці ўзяло ўдзел 16% выбаршчыкаў. Як вядома, у дэмакратычных краінах не існуе ніякага датэрміновага галасавання. А калі адняць гэтыя 16 % ад 67, то атрымліваецца цікавая лічба - 51. І гэта, дарэчы, у той вобласці, дзе выбарчая актыўнасць аказалася самай высокай. Наглядальнікі ад Беларускага Хельсінскага камітэта толькі ў Гродне склалі каля 150 актаў парушэнняў выбарчага заканадаўства падчас выбараў.

Наступны тур выбараў адбудзецца 29 кастрычніка. Апазіцыя заявіла, што будзе працягваць акцыю "Байкот 2000".

М.КАРНЕВІЧ

P.S. У аўторак, калі пісаўся гэты матэрыял, у наш дом прыйшлі слесара. Сказалі, што будуць адключаць ацяпленне ў кватэрах. Адна з жанчын пацікавілася - да якога часу? Яны з усмешкай адказалі: да наступных выбараў.

На фото:

1. Акцыя апаз?цы? супраць правядзення парламенцк?х выбараў у Беларус?. М?нск, 14 кастрычн?ка 2000г.

2. Салдаты беларускай арм?? галасуюць падчас парламенцк?х выбараў у м?нулую надзелю.

3. У Беларус? галасуюць нават не выходзячы з хаты...

Фото IREX/ProMedia

Назад