Даніна памяці паўстанцам
У мінулую нядзелю ў Свіслачы адбыўся Ўсебеларускі фэст, прысвечаны памяці нацыянальных герояў Беларускага вызвольнага руху 1863-64 гадоў.
Моладзь з самых розных гарадоў Беларусі з'ехалася ў Свіслач, каб ускласці кветкі да адзінага ў краіне помніка Кастусю Каліноўскаму і да помніка аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута. Была ўшанавана магіла Віктара Каліноўскага, старэйшага брата Кастуся. Віктар не дажыў да паўстання год, але менавіта ён быў натхняльнікам Кастуся Каліноў-скага, які пазней узначаліў паўстанне. Удзельнікі фэсту наведалі вёску Якушоўка, дзе знаходзяцца падмуркі сядзібы Каліноўскіх. Дарэчы, улады так і не здолелі аднавіць былую сядзібу, дзе даўно планавалася адкрыць музей. У мінулым годзе сябрамі Грамады і Беларускага народнага фронту быў усталяваны памятны крыж, дзе сёлета і прагучала некалькі прамоваў. Сярод выступоўцаў прамаўляў і старшыня Каардынацыйнай рады «Рэгіянальная Беларусь», сябра Прэзідыума ВС 13 склікання Сямён Домаш. Напрыканцы фэсту ў Белавежскай пушчы адбыўся канцэрт бардаў, у якім узялі ўдзел В.Шалкевіч, З.Бартосік, А.Мельнікаў і Д. Калька.
Магчыма гэты фэст стане традыцыйным і ў наступным годзе каля магілаў нашых нацыянальных герояў збярэцца яшчэ больш людзей пад бела-чырвона-белымі сцягамі.
М.К.
|