Імпрэза атрымалася беларуска-нямецкай. У канцэрце прынялі ўдзел Дытэр Калька (Лейпцыг), наш гродзенскі бард Віктар Шалкевіч і Алесь Камоцкі з Мінску. У якасці спецыяльнага госця выступіў Андрэй Мельнікаў. Людзей было няшмат. Дзякуючы гэтаму атмасфера ў прахалоднай кірсе была вельмі прыязная.
Назва канцэрту «Нябачны мур»сымбалічная і для немцаў, і для беларусаў. 10 год таму немцы пазбавіліся нямецкага муру, што з'яўляўся сымбалем падзелу Еўропы. Зараз беларусы не могуць пазбавіцца нябачнага муру, які паўстаў у іх свядомасці. Ён перашкаджае вызваліцца ад савецкай хваробы - непрыязні да Захаду і жадання вярнуцца ў камуністычнае мінулае. Карацей, атрымалася, што мур «перамясціўся» з Германіі на Беларусь.
Кожны слухач канцэрту атрымаў прыгожы ружовы буклет з партрэтамі ды біяграфіямі выканаўцаў. З радкоў пад здымкам Дытэра Калькі даведваюся, што ён быў выгнаны з ВНУ па палітычных матывах. Пасля слухаў лекцыі па літаратуры і псіхалогіі ў Лейпцыгу і Цюрыху. З 80-х — выканаўца ўласных песень і літаратар. Дытэр Калька выдаў тры зборнікі з прозай ды вершамі, пяць спеўных праграм і адну п'есу. Два гады таму ажаніўся з польскай пісьменніцай Агнешкай Хаўпэ, якая піша казкі. Таму сп.Калька валодае таксама і польскай мовай. Дарэчы, адчуўшы мясцовы каларыт, ён напісаў песню пра савецкае шампанскае, а таксама твор «Шалк, смейся», прысвечаны Віктару Шалкевічу. Корань прозвішча Віктара «шалк»перакладаецца з нямецкай мовы як «блазн».
Трэба дадаць, што мерапрыемства праводзілася ў рамках беларуска-нямецкага праекту культурных праграм пад патранажам Інстытута Гётэ ў Мінску. Выставы, лірычныя чытанні, прагляд нямецкіх фільмаў паводле праекту адбываюцца ў сталіцы, а таксама іншых абласных цэнтрах Беларусі. Гродзенскую сустрэчу бардаў побач з Гётэўскім інстытутам арганізавалі грамадскае аб'яднанне «Культурны праект» (Мінск) і гродзенская арганізацыя «Заходнебеларуская ініцыятыва». Грамадскае аб'яднанне «Ратуша», гродзенская лютэранская суполка, аб'яднанне «Дыярыюш» і фонд IDEE дапамаглі правесці канцэрт.
І. АстраЎцова