Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Новы Саюз. Правiльны?

Прыпыненне кантактаў з дэмакратычнай беларускай апазіцыяй і супрацоўніцтва выключна з уладай – так выглядае цяпер новая праграма Саюза палякаў Беларусі, найбуйнейшай у краіне недзяржаўнай арганізацыі.

"Падчас падзелаў Польшчы палякі працавалі ў прускім Рэйхстагу і расійскай Думе", – патлумачыў новую канцэпцыю СПБ, абраны ў суботу, новы старшыня арганізацыі Тадэвуш Кручкоўскі. Юзаф Парэцкі, якога на гэтую пасаду жадалі абраць большасць дэлегатаў, расплакаўся і ўцёк з залы. У суботу і нядзелю ў Гродне адбываўся надзвычайны пяты з'езд СПБ.

Менавіта "справа Парэцкага" прыспешыла правядзенне надзвычайнага з'езду СПБ. "БИ" паведамляла аб тым, як у ліпені з пасады старшыні адыйшоў Тадэвуш Гавін. Ён быў адным з заснавальнікаў СПБ і на пасадзе старшыні прабыў больш 10 гадоў. Праўда, як пазней аказалася, адыйшоў ён са скандалам. Яшчэ тры месяцы таму яго намесніку – Ю.Парэцкаму, якога Гавін і рыхтаваў на пасаду новага кіраўніка арганізацыі, польскія пагранічнікі паставілі ў пашпарт пячатку, якая забараняе яму ўезд у РП на пяць гадоў. Перад сябрамі арганізацыі паўстала пытанне – як магло так атрымацца? Думкі падзяліліся: адныя пачалі падазраваць Ю.Парэцкага ў супрацоўніцтве са спецслужбамі, другія перакананыя, як і сам Парэцкі, што гэта правакацыя з боку недабразычліўцаў СПБ. На пытанне "БИ" патлумачыць сітуацыю, Ю.Парэцкі прапанаваў нам звярнуцца да тых, хто ставіў гэту пячатку. Дарэчы, па словах Т.Гавіна, ягоны намеснік абяцаў разам з ім пакінуць сваю пасаду, але адразу гэтага не зрабіў.

Тым часам "Wspolnota Polska" практычна цалкам прыпыніла фінансаванне СПБ. На з'ездзе адзначалася, што зараз арганізацыя мае доўг у 20 тысяч даляраў. Два месяцы супрацоўнікі не маюць заробку і пад пагрозай выпуск газеты "Glos znad Niemna". Такога, як сцвярджаюць самі сябры арганізацыі, раней ніколі не было. Гэтыя праблемы, а таксама абранне новага кіраўніцтва і павінен быў разрашыць надзвычайны пяты з'езд СПБ.

Форум аказаўся сапраўды прадстаўнічым, у ім брала ўдзел звыш 250 дэлегатаў, прысутнічаў амбасадар РП у Беларусі М.Машкевіч, генеральныя консулы з Гродна, Брэста і Мінска, госці з Варшавы і Беластока. Дыягназ СПБ самімі ж дэлегатамі быў пастаўлены несуцяшальны: "Zwiazek jest tak chory, iz potrzeba calego konsylium lekarskiego, by go uratowac". Дарэчы, сярод дзесяці кандыдатаў на пасаду старшыні былі прапанаваны два лекара, якія, праўда, пазней знялі свае кандыдатуры. Большасць залы патрабавала аднак не лекара, а Ю. Парэцкага, гісторыка па адукацыі. "За што паставілі пячатку, ці ён вазіў гарэлку альбо цыгарэты праз граніцу? – звярталіся выступоўцы з канкрэтным пытаннем да польскіх дыпламатаў. – А можа мы для вас болей ужо не палякі?"

Сам Парэцкі тройчы мусіў звяртацца да залы і тлумачыць, што ён здымае сваю кандыдатуру, паколькі старшыня СПБ павінен, на яго думку, мець нармальныя кантакты як з беларускімі, так і з польскімі ўладамі. Зрэшты, ён нават заплакаў і пакінуў залу. Гэта аднак не засмуціла ягоных прыхільнікаў: "Юзаф, вярніся!" – скандавалі і грукаталі аб падлогу нагамі дэлегаты.

Як высветлілася з выступленняў дэлегатаў, іх не задавальнялі шмат якія рэчы ў арганізацыі. Адныя казалі, што пара самім зарабляць грошы, другія скардзіліся, што былое кіраўніцтва мала ўвагі надзяляла аддаленым ад Гродна аддзелам СПБ, абвінавачвалі былое кіраўніцтва ў тым, што паменшылася колькасць польскіх класаў. Аднак сапраўдны шквал незадаволенасці выліўся на рэдакцыю газеты "Glos znad Niemna". "Навошта нам такая газета, якая піша аб Беларусі – заявіла сябра мясцовага "Саюза Сібіракоў" Галіна Якалцэвіч. – Пра Беларусь я магу паслухаць і тое, што кожны дзень кажуць у радыёкропцы, а газета павінна быць польскай. Трэба больш пісаць пра біскупа, аб нашым хоры, які паехаў у Гданьск!" Галоўны рэдактар А.Кусельчук спрабаваў тлумачыць, што газету імкнуліся рабіць такую, каб чытач разумеў, што жыве ў іншым свеце, не такім як паказваюць яго дзяржаўныя СМІ. Зрэшты, з панядзелка рэдакцыяй кіруе ўжо новы рэдактар...

У гэтай сітуацыі не меў ніякіх шансаў на абранне старшынёй намеснік старшыні СПБ Т.Малевіч, які ў сваёй перадвыбарчай праграме прапаноўваў захаваць курс арганізацыі і ўдасканальваць яе дзейнасць. Зала без энтузіазму слухала яго прамову. Граф Аляксандр Прушынскі, які мае грамадзянства Польшчы і Канады, і вядомы тым, што выстаўляў сваю кандыдатуру падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі, толькі пацешыў залу сваім выступам. За яго прагаласавала шэсць дэлегатаў. Новым старшынём СПБ быў абраны дагэтуль малавядомы нават у самім Саюзе палякаў Тадэвуш Кручкоўскі, 39-гадовы выкладчык гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы. За яго аддалі галасы 174 дэлегаты з 251. Падліковая камісія абвясціла вынікі тайнага галасавання ў 23.15. У сваім перадвыбарчым выступе Т.Кручкоўскі заявіў, што калі б Парэцкі не зняў сваю кандыдатуру, то ён бы не выстаўляў сваёй кандыдатуры, а галасаваў за яго. Ён таксама запэўніў прысутных, што будзе працаваць разам з Парэцкім.

Згодна заяваў новага старшыні, дзейнасць СПБ павінна змяніцца радыкальна. Т.Кручкоўскі зазначыў, што арганізацыя скасуе свае кантакты з дэмакратычнымі беларускімі арганізацыямі і будзе кантактаваць непасрэдна з уладай, прычым незалежна ад таго, хто пры ёй будзе – Лукашэнка, Пазняк ці Домаш. Ён таксама заявіў, што некаторыя сябры беларускіх арганізацый не прызнаюць мясцовых палякаў за палякаў, а лічаць іх беларусамі-каталікамі. Дарэчы, на маё пытанне канкрэтызаваць такія арганізацыі і такіх людзей, Кручкоўскі адказаў, што гэта часткова прадстаўнікі БНФ і "Краёўцы". Дарэчы, новы старшыня лічыць, што з-за таго, што СПБ падтрымліваў кантакты з беларускай апазіцыяй, у арганізацыі былі праблемы з адраджэннем польскай культуры і школьніцтва. "Мы павінны супрацоўнічаць з уладамі і змагацца за свае правы, а не займацца палітыкай" – заявіў Т.Кручкоўскі.

Што датычыць былога старшыні СПБ Т. Гавіна, у суботу яго абралі ганаровым старшынём арганізацыі, але ў нядзелю прозвішча выкрэслілі з кандыдатаў у заканадаўчую Раду. Пасля гэтага Т.Гавін дэманстратыўна пакінуў залу. Былы старшыня заўсёды паўтараў, што мясцовыя палякі знаходзяцца ў адных шэрагах з апазіцыяй з тым, каб будаваць Беларусь дэмакратычнай дзяржавай. Аднак з гэтым у суботу было скончана, засталося толькі супрацоўніцтва з уладай, у даным выпадку з Лукашэнкам. Што ж, жыццё пакажа, як гэта будзе адбывацца.

М.КАРНЕВІЧ

Назад