Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Сучасная беларуская архітэктура – з ідэямі, але без грошай

Беларускую архітэктуру напрыцканцы тысячагоддзя ацэньвалі сталічныя спецыялісты на фестывалі «Архітэктура – 2000», які праходзіў у Мінску. Ён быў прысвечаны Міжнароднаму дню архітэктара, 65-годдзю Беларускага Саюза архітэктараў і пачатку трэцяга тысячагоддзя. Заснавальнікі імпрэзы – Беларускі Саюз Архітэктараў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Беларускі Саюз Мастакоў, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

У межах фестывалю прайшло 5 конкурсаў і 6 выставаў, на якіх было прадстаўлена каля 500 работ з усёй Беларусі. Гродна прадстаўлялі рэстаўрацыйная майстэрня Вячаслава Шайко, Гроднаграмадзянпраект, малое прадпрыемства «Крыга» Юрася Мацко, фірма «Тэктон» Барыса Шмыгі ды Гроднасельбудпраект. Прызавое месца ў намінацыі «Дызайн у архітэктуры і малыя формы» заняў каваль Юрась Мацко. Ён падрыхтаваў 4 метровых стэнды фотаздымкаў з аб’ектамі, зробленымі за апошнія тры гады ў Беларусі і Польшчы. Сярод ягоных працаў – аздобленыя каванымі элементамі офіс «Гроднахлебапрадукта», катэдж у вёсцы Баранавічы і гатэль пад горадам Элк (Польшча).

Гроднаграмадзянпраект выставіў 9 планшэтаў. У намінацыі «Праект і выкананне спартыўных збудаванняў» перамог Гродзенскі лядовы палац. Лепшым будынкам установы аховы здароўя названы Абласны псіханеўралагічны дыспансер на 240 месцаў у раёне праспекту Касманаўтаў. Адзначана польская школа ў Ваўкавыску. Трэба дадаць, што грошы на Лядовы палац і дыспансер вылучыў беларускі ўрад, а ваўкавыская школа пабудавана за кошт польскай дзяржавы. Апрача гэтага, на планшэтах былі выявы жылых дамоў у Луцкаўлянах, піянерскага лагера ў Азёрах, лідскага касцёла і адрэстаўраванага цэнтра Навагрудка.

Уладзіміру Еўдакімаву, галоўнаму архітэктару Гроднаграмадзянпраекта, больш за іншыя пабудовы спадабаўся Палац рэспублікі, у якім адбывалася сама імпрэза. На пытанне, ці з’яўляюцца гэткія конкурсы стымулам для ўладаў даваць грошы на будаўніцтва і рэстаўрацыю, ён адказаў: «Грошай улады не маюць. А сэнс любога конкурса – убачыць саміх сябе і паказаць, чаго мы вартыя».

Інга АстраЎцова

1. Макет псіханеўралагічнага дыспансера ў Гродне

2. Гатэль пад Элкам (Польшча). Фрагмент.

3. Каваная спальня. Фрагмент ложка. Аўтар Ю.Мацко.

Назад