Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Каб нiколi болей

На мінулым тыдні ў Гродне адбылася прэзентацыя кнігі «Ніколі болей». На Гродзеншчыне гэта першае выданне, у якім адлюстраваны ўспаміны вязняў камуністычных рэпрэсій. Многія з іх у гэты вечар знаходзіліся ў зале гарадскога Дома культуры.

Сабралі і падрыхтавалі ўспаміны людзей адседзяўшых у сталінскіх лагерах прадстаўнікі абласной асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій і выкладчык замежнай мовы ГрДУ імя Я.Купалы Міхал Патрэба. Яны зрабілі па-сапраўднаму каласальную працу. Досыць сказаць, што ў архіве КДБ па Гродзенскай вобласці захоўваецца пад грыфам «хранить вечно» 15 тысяч справаў на асуджаных судовымі і несудовымі органамі па палітычных абвінавачваннях у 1939-1941 і 1944-1953 гадах. Усе справы цяпер перагледжаныя ва ўстаноўленым законам парадку, у выніку чаго рэабілітавана звыш 50 тысяч чалавек, з іх большасць – пасмяротна. І гэта толькі ў нашай вобласці...

Колькі былых вязняў дажылі да сённяшняга дня, невядома. У абласной асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій знаходзіцца на ўліку толькі 300 чалавек. Усе яны пажылыя ці нават старэчага веку, успаміны якіх натуюцца для нашчадкаў на памяць, напамін і перасцярогу.

Далёка не ўсе згаджаюцца падзяліцца сваімі ўспамінамі. Адны ўсё яшчэ баяцца, калі не за сябе, то за блізкіх, іншыя не хочуць верадзіць душэўныя раны. Трэція ўжо не ў стане прыпомніць. Тым большую вартасць уяўляюць успаміны тых, якія згадзіліся іх зафіксаваць. Кожны з гэтых успамінаў не проста лёс чалавека, гэта нешта большае, незвычайнае. Цяжка ўявіць, як такое можна было перажыць зусім маладым, ды і сталым людзям: голад, холад, здзекі, прыніжэнні, быць «ворагамі народа»... У кнізе змешчана 20 успамінаў розных людзей, ёсць слоўнікі імёнаў, паказальнік назоваў вытворных ад геаграфічных, слоўнік скаротаў, застарэлай, іншамоўнай і гулагаўскай лексікі.

Гартаючы кнігу, мне ўзгадалася камындыроўка ў Свіслач на мінулым тыдні. Там мясцовыя ўлады збіраюцца ставіць бюст Сталіну, ад якога пацярпелі героі гэтае кнігі і тыя 50 тысяч, што ў яе не ўвайшлі. Якія, дарэчы, не ў чым не павінныя людзі. Хай бы пагарталі гэтую кнігу тыя, хто прымае падобныя рашэнні... Зрэшты..., кніга выйшла накладам толькі ў 300 экземпляраў – гэта таксама аб нечым гаворыць, паколькі дзяржава не прычынілася да яе выдання.

Цяпер у Гродне вядзецца збор сродкаў на помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Усе жадаючыя могуць дапамагачы, пералічыўшы грошы на рахунак:

Р/р 3015003100013 у АКБ «Белпрамбудбанк» г.Гродна МФА 152101 код 335.

Варта было б і уладам задумацца над лёсам і памяццю нашых суграмадзян, якія пацярпелі аб бальшавісцкага тэрору. І, дарэчы, не толькі ў Свіслачы.

М.КАРНЕВІЧ

Назад