гісторыя і культура

Гродзенскае гета. 1943 год

Аўтар дадзенага артыкула - гісторык архітэктуры, а таму доўгі час у яго не было такой нагоды, каб пацікавіцца, куды знікла ў 1944 годзе палова насельніцтва Гродна згодна з перапісам 1939 года. Нам неаднаразова даводзілася праводзіць гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні помнікаў архітэктуры Гродна, якія звязаны з імёнамі знакамі-тых гродзенскіх яўрэяў - Фрумкіным, Браўдэ, Відгочыкам, Шэрашэўскімі і г.д. Цалкам натуральна, што цікавасць наша пашыралася, паколькі ў рэшце рэшт ўдалося прасачыць лёсы галоўных гродзенскіх яўрэйскіў сем'яў да 1943 года.

Так выглядала ў 20-я гады будучае гета №1.

Наогул напісана аб гродзенскім гета шмат, праўда не ўсё даступна, паколькі не перакладзена з іўрыта. Тым не менш англамоўныя выданні накшталт "Documents concerning the Murder of 29000 Jews of Grodno... Tel-Aviv 1989", "Grodno, edited by Dov Rabin. Jurusalem 1973" і іншыя даюць дастаткова інфармацыі па гісторыі гродзенскага гета.

Пасля захопу Гродна нямецкімі войскамі летам 1941 года большая частка гродзенскіх яўрэйскіх сем'яў засталася на месцы (ад'ехалі толькі партыйныя і савецкія работнікі). У верасні 1941 года на захопленых тэрыторыях адбылася адміністратыўная рэформа і Гродна ўключылі ў Беластоцкі округ нямецкага Рэйха. Напачатку шэфам гродзенскага СД быў маёр Gross, затым, напрыканцы 1941 года - палкоўнік Errelis. Нам вядомы прозвішчы супрацоўнікаў гродзенскага СД напачатку вайны: Gross,Schott, Wiese, Streblow, Sandhop, Schulz.

Гета было арганізавана ў Гродне ў верасні 1941 года, а дакладней гэта былі два гета. Адно з іх вядома гродзенцам па шыльдзе на вуліцы Замкавай. Яно займала тэрыторыю так званага "Школьнага Двара", ахоплівала раён вуліцаў Вялікай і Малой Траецкіх уключаючы тэрыторыю старых яўрэйскіх могілак. Другое гета было арганізавана ў раёне цяперашняга аўтавакзала (тады Скідальскі рынак). Да 1 лістапада 1941 года практычна ўсе гродзенскія яўрэі былі сагнаны ў два гэтыя гета. Сюды ж пазганялі яўрэяў і з навакольных вёсак. Тэрыторыя абодвух гета была агароджана высокім драўляным плотам паверсе якога цягнуўся калючы дрот. У свой час аўтару не ўдалося набыць даволі рэдкі здымак вуліцы Замкавай 1942 года на якім відаць, што агароджа гета стаяла паміж тратуарам і праезджай часткай вуліцы.

У гета немцы арганізоўвалі самакіраванне: паліцыю, узброеную палкамі, управу, санітарна-медыцынскую службу і г.д. Старшынёй самакіравання гета быў гродзенскі доктар Бравер. Вядомы таксама імёны некалькіх членаў праўлення: адвакат Шулькес і купец Бас. Абодва засталіся жывыя. Функцыю начальніка паліцыі выконваў вядомы гродзенскі капіталіст Ноах Срэбрнік. Гэта была найбольш складаная фігура ў сістэме самакіравання гродзенскага гета. Яго дзейнасць часта выходзіла за межы дапусцімага супрацоўніцтва з фашыстамі. Ноах Срэбрнік у рэшце рэшт загінуў у канцэнтрацыйным лагеры. Дарэчы, яго ненавідзелі практычна ўсе вязні гродзенскага гета.

Галоўная гродзенская сінагога. 1578 г. Архітэктар Санці Гучы.

Жыхары гета працавалі як на сваёй тэрыторыі, так і па за яе межамі. Іх выводзілі асобнымі брыгадамі ў горад, дзе часцей за ўсе яны выконвалі будаўнічыя работы, шылі абутак для нямецкіх салдатаў, збівалі яшчыкі для патронаў і снарадаў. Пабегаў з гета практычна не было нават у 1943 годзе, калі ўжо шмат хто разумеў чым усё павінна скончыцца.

Яўрэйская паліцыя ў гета праіснавала нядоўга. 2 лістапада 1942 года гестапа яе ліквідавала. З гэтага часу на тэрыторыі гета ўжо нельга было сустрэць чалавека ў спецыяльнай шапцы, з павязкай на руцэ і палкай. З самага пачатку знешнюю ахову гета несла гарадская паліцыя. Прычым, калі ў 1941-1942 гадах у ёй служылі ў асноўным гродзенскія палякі, то ў 1943 годзе ў ёй налічвалася больш беларусаў. Дарэчы, у Навагрудку гета ахоўваў літоўскі батальён у функцыю якога ўваходзілі і растрэлы. Некаторы час гродзенскай гарадской паліцыяй кіраваў капітан Osterode. У функцыі паліцыі ўваходзіла выдача прапускоў, знешняя ахова, транспартыроўка грузаў у гета і адтуль. Паліцэйскія, за магчымасць пранесці ў гета харчы, бралі ў яўрэяў залатыя і сярэбраныя рэчы. Гестапа такі варыян не задавальняў і з лістапада 1942 года ахову гета сталі несці нямецкія салдаты. Пасля гэтага практычна цалкам знікла магчымасць мець нейкія стасункі з жыхарамі горада. Дарэчы, насельніцтва Гродна памятала пра супрацоўніцтва яўрэяў з бальшавікамі ў 1939 годзе і адносілася да іх даволі прахалодна. Зрэшты і сярод вязняў гродзенскага гета не назіралася спробаў актыўнага супрацоўніцтва, стварэння падполля і г.д. Сітуацыя яўна рознілася ад таго, што назіралася ў Варшаве, Беластоку, Навагрудку. А калі быць зусім аб'ектыўным, невялікая падпольная арганізацыя ў гродзенскім гета ўсё ж узнікла напачатку 1942 года. У яе ўваходзілі Шая Хмельнік, Эліяш Танкус, Мірыям Папко і іншыя. Сябры гэтай групы займаліся зборам інфармацыі, кантактамі з гета ў Беластоку, але спробаў актыўнага супрацоўніцтва не прадпрыймалі. Нават добра арганізаваная ў перадваенныя гады яўрэйская моладзь - харцэры з Хашамер Хацаіра - ніяк не праявілі сябе ў адрозненні ад беластоцкіх аднагодак.

2 лістапада 1942 года пачалася першая дэпартацыя яўрэяў з гродзенскага гета ў канцэнтрацыйныя лагеры. Каля двух тысяч чалавек з гродзенскіх гета і лагера Калбасіно былі вывезены ў Асвенцым. Да канца 1942 года яўрэяў з Гродзенскага гета №2 і канцлагера ў Калбасіно цалкам вывезлі ў Асвенцым і Трэблінку, дзе практычна ўсіх знічтожылі. Праўда, прыкладна 1000 вязняў гета №2 перавялі ў гэты перыяд у гета №1, а прыкладна каля тысячы старых людзей, жанчын і дзяцей з гета №1 перавялі ва ўжо апусцеўшы лагер у Калбасіно, а затым вывезлі ў Трэблінку.

У студзені 1943 года пачалася масавая дэпартацыя ў канцлагеры жыхароў гета №1.Спісы першай партыі складалі сумесна начальнік СД Wiese і член самакіравання гета Шулькес. Адабраных для адпраўкі яўрэяў замыкалі ў галоўнай сінагозе, дзе любімым заняткам немцаў было практыкаванне ў стральбе ў жывыя мішэні. Вязні Мотэль Капельман, Нахум Кравец, Каплан і Гурэвіч раздабылі пісталет і спрабавалі напасці на Streblow'a, але спроба аказалася няўдалай - усе яны былі забіты аховай гестапаўца. Падчас лютаўскай дэпартацыі вязні гета, якіх сабралі ў галоўнай сінагозе, збунтаваліся і спрабавалі ўцячы, але большасць іх усе ж не падтрымала. Праўда, некаторым бунтаўшчыкам усе ж удалося ўцячы.

Напрыканцы студзеня 1943 года ў беластоцкае гета прыбыў доктар Браўдэ, які ўцёк з Трэблінкі і распавядаў праўду аб канцлагерах. Інфармацыя дайшла і да Гродна. Праўда, кіраўніцтва яўрэйскага самакіравання і былы кіраўнік яўрэйскай паліцыі Н.Стрэльнік спрабавалі абмануць вязняў, маўляў, вязняў гета вывозяць толькі на новыя месцы працы, і што пры гэтым ніхто не пацярпеў. Урэшце рэшт "галоўны агітатар - доктар Бравер, быў немцамі забіты.

Апошні транспарт з гродзенскага гета - прыкладна тысяча вязняў, перш за ўсё работнікаў высокай кваліфікацыі - вывезлі з Гродна ў Трэблінку ў другой палове лютага 1943 года. У той самы час два члены Арміі Краёвай - капітан "Лось" і падхаружы "Страла" адбілі, пераапрануўшыся ў нямецкую форму, трох спецыялістаў па радыётэхніцы якраз падчас іх пагрузкі. У сярэдзіне сакавіка ў гета засталося трохі больш тысячы чалавек, у асноўным членаў яўрэйскага самакіравання. Іх вывезлі ў Трэблінку апошнімі. Праўда, з гэтай групы ўдалося збегчы 15 вязням. Вясной 1943 года ў Гродне засталося не больш за 20 яўрэяў.

Вось такая страшная гісторыя нашых гродзенскіх яўрэяў. У Гродна яўрэі пасяліліся вельмі даўно, хутчэй за ўсё яшчэ ў часы Гедэміна. Пачынаючы з ХУІ ст. яны складалі палову насельніцтва горада.Аб укладзе яўрэйскага насельніцтва ў нашу культуру размова асобная. Навукоўцы, медыкі, купцы, выдатнейшыя краўцы, кавалі, ганчары і г.д. - усе яны стагоддзямі жылі разам з беларусамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў у нашым горадзе. Фашызм практычна беззваротна сцер з зямлі каштоўнейшы пласт культуры і гістарычнай спадчыны.

Ігар ТРУСАЎ, гісторык архітэктуры.

Здымкі выкарыстаны з асабістага архіва І.ТРУСАВА

Удакладненне

У артыкуле "Мэрыя - 2000", які быў надрукаваны ў №12(57) 25 сакавіка 1999 года дапушчана недакладнасць. Аўтарам праекту "Мэрыя - 2000" з'яўляецца Уладзімір Качан, а былы мэр, Генрых Крупенка, толькі падтрымаў яго ідэю.

Реклама: