|
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!У пасхальнай радасці лікуе свет Божы, бо пройдзены вузкі шлях Вялікага посту, адчынены вароты, якія вядуць у жыццё (Мф.7:14), і смутак Страснога тыдня расквітнеў светлай радасцю аб Уваскрэслым Госпадзе. У гэтыя дні вера, на якую здольныя нашы сэрцы, любоў, якую мы можам знайсці ў сабе і явіць перад Богам і людзьмі, змяшчаюцца ў двух словах, якія ляжаць у аснове жыцця :“Хрыстос Уваскрэс!”Калі мы хрысціяне не толькі па назве, то мы пакліканы Госпадам абвяшчаць радасць вечнага жыцця нашым бліжнім і дальнім - усім, хто пакутуе і патрабуе суцяшэння, хто азлоблены і хто ў адчаі, хто ў журбе і хто спустошаны стыхіямі свету гэтага. Мы заклікаем кожную сям’ю і ўсіх тых, хто працуе на ніве навучання і выхавання маладога пакалення: вучыце дзяцей любові адно да аднаго, бо Гасподзь даў нам запаведзь, “каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго” (1 Ін. 4:20). І ратным людзям зямлі нашай накіроўваем мы радаснае Пасхальнае вітанне, нагадваючы словы Хрыста Збавіцеля: “Гэта запаведзь мая, каб любілі адзін аднаго, як Я ўзлюбіў вас. Няма большай за тую любоў, калі хто аддасць душу сваю за сяброў сваіх” (Ін. 15:12-13). Мы заклікаем і тых, хто кіруе нашым народам, каб служылі людзям паводле запаведзі Госпада, бо Ён сказаў: “‘Хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою” (Мк. 9:25) і “не май злобы на сыноў народа твайго, але любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Лев. 19:33).Узлюбленыя браты і сёстры! Мы жывем напярэдадні 2000-годдзя Ражджаства Хрыстовага, і гэты вялікі юбілей патрабуе ад нас напружання ўсіх нашых духоўных сіл. Таму што ўсведамленне чалавечым родам збавіцельнага подзвігу Сына Божага Іісуса Хрыста залежыць менавіта ад нашага з вамі асабістага вызвання веры, ад нашага асабістага ладу жыцця. І калі мы будзем ні халоднымі, ні гарачымі ў веры і справах любві да Бога і чалавека, то мы пазбавім людзей, якія навокал нас, нават слабога проблеску надзеі на справядлівасць, любоў і спачуванне. Таму малітоўна жадаю ўсім, хто носіць імя Хрыстова, жыць у любові да Госпада і адзін да аднаго. Яшчэ і яшчэ віншуючы ўсіх вас са светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, спадзяюся і веру, што “радасць ваша будзе дасканалай” (Ін. 15:11), а ў сэрцах вашых нямоўчным гімнам перамогі жыцця будзе гучаць Пасхальнае вітанне: “Хрыстос Уваскрэс!”Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі |