гісторыя і культура

Антоні Тызенгаўз

Антоні Тызенгаўз (1733-1.03.1785) паходзіў з старажытнага ліфляндскага дваранскага роду Тызенгаўзэнаў. Адпаведна герольдыі першы Тызенгаўз, Энгельбрэхт фон Тызенгаўзэн, быў шведскім рыцарам, які прыехаў у Трэйдзенскі форт "Апельдэрн" у 1138 г. Далей адбылося разгалінаванне рода. З галіны Дэтлофа Готгард-Ян Тызенгаўзэн быў кашталянам Ліфляндскім, а потым ваяводаю Дэрпцкім. Ён ажаніўся з дачкою Яна-Пятра Сапегі і ягоныя нашчадкі пасяліліся ў ВКЛ. Было гэта ў ХVІІ ст., а з цягам часу яны змянілі сваё прозвішча на Тызенгаўз.

Антоні Тызенгаўз вучыўся ў іезуіцкай школе пры Віленскай акадэміі, пазнаваў лацінскую мову, паэтыку, рыторыку, дыялектыку, логіку. Пасля школы яго паслалі ў Волчын - рэзідэнцыю канцлера вялікага літоўскага Чартарыйскага, каб рыхтаваўся да грамадскай службы. У гэты самы час тут знаходзіўся пляменнік Чартарыйскага Станіслаў Панятоўскі, які потым стане каралём. Аднолькавыя ўзростам, спосабам мыслення і забавамі хлопчыкі пасябравалі. Менавіта гэта сяброўства пазней паспрыяе цудоўнай кар'еры: першую пасаду (гродзенскага падстаросты) ён атрымаў яшчэ пры князі Масальскім, гродзенскім старосце і надворным літоўскім падскарбі. У 1765 годзе Тызенгаўз становіцца надворным падскарбіем літоўскім і гродзенскім старостаю.

"Інфлянцкі д'ябал", як называлі Тызенгаўза, задумаў у кароткі тэрмін стварыць у адсталай земляробчай краіне ўсе галіны прамысловасці, якія існуюць у іншых дзяржавах Еўропы. Для гэтага ў яго была ўлада (па сённяшняй тэрміналогіі - пасады міністра фінансаў і міністра дзяржаўных маёмасцяў), фінансы (кароль зрабіў пазыку ў 10 мільёнаў польскіх злотых у Галандыі), неабмежаваны давер караля.

Тызенгаўз кipaвaў брэсцкай, шавельскай i гродзенскай эканоміямі. Апошняя была самай значнай, што, відаць, пабудзіла яго зрабіць Гродна сваей рэзыдэнцыяй. Адсюль, дарэчы, было недалёка да радавога маёнтка Жалудка. Прадмесце Гродна, былая веска Гарадніца, вядомая з XVI ст., стала цэнтрам гаспадарчых i культурных рэформаў. Знойдзены два планы Гарадніцы, датаваныя каля 1780 г. Адзін план знайшла ў Цэнтральным ваенна-гістарычным apxiвe ў Маскве даследчыца А. Квітніцкая, другі - у Кабінеце гравюраў бібліятэкі Варшаўскага універсітэта apxітэктap У. Калнін. Большасць аўтараў, якія пішуць пра Тызенгаўза звяртаюцца да плана Квітніцкай, але, на наш погляд, план Калніна больш змястоўны, бо дае ўяўленне аб першапачатковай кампазіцыі ансамбля i прызначэнні асобных яго пабудоваў. У легендзе да плана шмат будынкаў маюць дзве назвы: адну - уяўную, другую - па рэальным выкарыстанні на той час.

Каля 1780 г. быў цалкам пабудаваны, акрамя некалькіх пакояў, палац Тызенгаўза . Ён знаходзіўся на месцы, дзе сёння стаіць помнік на брацкай магіле савецкім воінам i партызанам у цэнтральным парку культуры i адпачынку.

Пабудаваны быў i палац віцэ-адміністратара, дзе не было, праўда, падлогі, печаў i дзвярэй. Будынак захаваўся да сёняшняга часу, знаходзіцца па вуліцы Горкага, 2/2 i выкарыстоўваецца пад цэнтральную навукова-даследчую лабараторыю медыцынскага iнстытута.

На сённяшняй плошчы Тызенгаўза знаходзіўся яшчэ шэраг пабудоў: гасцінная афіцына, у якой цяпер размешчаны Нацыянальны apxiў РБ у Гродне, побач было закладзена памяшканне для варты, насупраць яе - тэатральная (або крывая) афіцына, побач - музычная афіцына, дзе часова у трох пакоях мясцілася варта. Не захаваліся будынкі рэзідэнцыйнай афіцыны і стайні не паказаны на плане дом лясной адмістрацыі (цяпер дом № 4б).

Каля палаца Тызенгаўза сёння знаходзіцца тэатр лялек. Лічыцца, што закладзены тэатр быў y 1772г. apxiтэктарамі Mёзepaм i Caкa. 3aлa ўяўляла сабою паўкруглае памяшканне з амфітэатрам i яруснымі галярэямі па яго перыметры. Былi 22 ложы ў два ярусы, партэр i сцэна з 5 планамі кулісных машынаў для перасоўвання дэкарацыяў.

Усе пералічаныя будынкі, а таксама: стайні, карэтная, кладовая цяпер па вул. Дзяржынскага, 1/1). Гандлёвы склад, дзе часова знаходзіўся архіў эканоміі, лядоўня адносяцца да адміністрацыйна-культурнай зоны Гарадніцы, у яе заходняй частцы. У цэнтральнай частцы знаходзілася навучальная зона: школа верхавой язды, медыцынская акадэмія, будынак якой меў у 1780 г. толькі сцены з дахам i камінамі, афіцына садоўніка з дзвюма аранжарэямі, лазарэтны сад, прагулачны сад (цяпер Стары парк імя Ж.-Э.Жэлібера), сажалка, замест якой зрабілі Швейцарскую даліну на беразе Гараднічанкі, абсерваторыя , якая не была пабудавана.

Ва ўсходняй частцы Гарадніцы знаходзілася вытворча-жыллёвая зона. Тут былі пабудаваны будынкі, якія занялі майстэрні i мануфактуры. Асаблівую ўвагу звярнуў Тызенгаўз на эканамічныя пераўтварэнні. Спачатку ён заняўся ўпарадкаваннем каралеўскіх эканоміяў, бо абяцаў каралю павялічыць прыбыткі са сталовых маёнткаў з 300 тысяч злотых да мільёна. Старая адміністрацыя была заменена на новую з лікy cвaix людзей. Праведзена генеральнае размежаванне эканоміі ад суседніх валоданняў шляхты, якая пры былой адміністрацыі захапіла частку каралеўскіх зямель у сваю маёмасць. Развітвацца з ёю добраахвотна яна не жадала, таму была створана каралеўская камісія. Гэтыя падзei нарадзілі Тызенгаўзу шмат ворагаў i ён стаў аб`ектам першых нападаў з боку шляхты. У 1765 г. адбылася ў эканоміях аграрная рэформа: грашовая рэнта заменена адпрацовачнай. Гэта быў крок назад, якi выклікаў у 1769 г. паўстанне сялян. Для паляпшэння гаспадаркі набыў у Германii коней, у Англіі - авечак, у Галандыі - кароў. Пачалася меліарацыя, пракладваліся дарогі.

Асноўную ролю у рэформах Тызенгаўза павінны былі адыграць мануфактуры. Па падліках розных даследчыкаў іх налічвалася звыш 20. У межах сучаснай тэрыторыі Гродна намі ўстаноўлена 16 прадпрыемстваў.

Што ж выраблялі на пералічаных мануфактурах? Самыя розныя рэчы. На панчошнай - шоўковыя, баваўняныя i ваўняныя панчохі. На суконнай - рознае сукно i камлот (ваўняная тканіна з дамешкам шоўкавай або баваўнянай ніткі), якія пастаўляліся каралеўскаму двару. На карункавай і залататкацкай мануфактуры плялі каштоўныя карункі, выраблялі залатую i срэбную ніткі, галуны, ордэны i рабілі некаторыя ювелірныя вырабы. На карэтна-экіпажнай мануфактуры працавалі сталяр з Галандыі і адзін з найлепшых парыжскіх майстроў экіпажаў, якога браты Бекю здолелі выцягнуць з Бастыліі. Яны майстравалі ''экіпажы накшталт парыжскіх".

Як бачым, acнoўнымi таварамі тызенгаўзаўскіх мануфактураў былi прадметы раскошы. Гэта было невыпадкова. Падскарбі разумеў, што пры натуральнай гаспадарцы ў салянскіх дварах i маёнтках yласнікаў выраблялася ўсе неабходнае: прадукты, вопратка, абутак, прылады працы, прадметы хатняга ўжытку. Магнаты i шляхта куплялі толькі каштоўныя рэчы, прычым замежнага паходжання. Тызенгаўз прапаноўваў сваё, часам лепшага гатунку, чым імпартнае, праўда, даражэйшае з-за высокіх цэнаў на замежную сыравіну i аплаты працы іншаземных майстроў.

Звярнуў увагу Тызенгаўз i на шляхі зносінаў. Будаваліся новыя дарогі. Напрыклад, Гродна - Беласток, абсаджаная дрэвамі, шырокая, брукаваная, з кюветамі. Рамантаваліся старыя гасцінцы, paбіліся насыпы, узводзіліся масты i плаціны. Францішак Мілікант Нарвойш тры гады расчышчаў русло Нёмана ад камянёў: ад Гродна да Віліі было расколата або ўзорвана каля 3 мільёнаў буйных камянёу. Быў пабудаваны Каралеўскі (з 1846 г. Днепра-Бугскі) канал, які дазволіў заходнім губерням адпраўляць сваю прадукцыю да партоў Каспійскага i Чорнага мароў.

Другой складанай часткай рэформаў Тызенгаўза былі пераўтварэнні ў асвеце i культуры. Паколькі адбываўся будаўнічы бум, відаць, адной з першых створаных школаў была будаўнічая. Кіраваў ёю галоўны архітэктар ВКЛ італьянец Джузепэ (Юзаф) Сака. Чатыры ''прафесары'' вучылі 11 вучняў матэматыцы (2 гадзіны ў дзень), архітэктурнаму малюнку (4гадзіны), рахункаводству (1 гадзіна), каліграфіі. Заняткі ішлі з 5.00 да 20.00 з перапынкамі па 1 гадзіне на абед i вячэру. Сур'ёзную ўвагу ўдзялялі практыцы: 6 гадзін вучні праводзілі каля "каменнай сцяны" і аглядалі фабрычныя працы, а зімою працавалi ў майстэрні на вырабе мадэляў.

Развіцце эканомікі патрабавала адкрыцця цэлага шэрагу школаў. Бухгалтарская школа пад кіраўніцтвам Барановіча рыхтавала рахмайстроў, кантралёраў, пісараў, рэгістратараў. Яшчэ былі школы землямераў, каморнікаў, чарчэння і малюнка.

У 1775-1781 гг. у Гродне дзейнічала медыцынская школа (акадэмія) пад кіраўніцтвам французскага прафесара анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі Жана-Эмануэля Жылібера (1741 - 1814). Адбылося тры выпускі ўрачоў, а пасля адхілення Тызенгаўза яна была пераведзена ў Вільню, дзе стала асновай фармавання медыцынскага факультэта універсітэта.

У 1774 - 1780 гг. у Гродне існавала музычная школа. Яна знаходзілася ў музычным флігелі (Крывой афіцыне). У трох класах былі сабраны музычна адораныя дзеці прыгонных сялян i мяшчан васьмі-дзесяці гадовага ўзросту. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў (пісьмo, арыфметыка, малюнак, французская i італьянская мовы, рукадзелле, этыкет), ix вучылі іграць на музыкальных інструментах (скрыпцы, флейце, фагоце, альце, трубе i іншых), спяваць, танцаваць, нотнай грамаце, кампазіцыі i тэорыі музыкі. Свае веды i ўменні перадавалі вучням скрыпач i капельмайстар Л.Сітанскі (кіраўнік школы), музыканты i артысты капэлы, вакальнай i балетнай труп Гродзенскага тэатра, у тым ліку італьянцы: кампазітар i капельмайстар К.Абатэ i харэограф Г.Пецінеці.

Тызенгаўз планаваў адкрыць у Гродне астранамічную абсерваторыю. Нарвойш быў пасланы ў Галандыю, Германію, Aнглію для закупу абсталявання. Але з адхіленнем Тызенгаўза ад працы абставіны змяніліся i яна створана не была. Па гэтай самай прычыне не адкрылася Акадэмія навук, хоць была ўжо складзена праграма, збіраліся адукаваныя людзі, папаўняліся кнігасховішчы i натуральныя кабінеты. Не адбыўся пераезд на Гродзеншчыну французскага асветніка, пісьменніка i кампазітара Жан-Жака Русо, з якім Тызенгаўз пазнаёміўся ў Парыжы ў 1778 г. Вялікі філосаф ужо згадзіўся ехаць у Белавежскую пушчу, але нечаканы выпадак з палякам - авантурыстам Вянжэвічам, які яго падмануў, сарваў пераезд.

Нямала зpaбiў Тызенгаўз i ў галіне культуры. У 1765 - 1780 гг. у Гродне грала капэла - найбольш буйны i высокапрафесійны калектыў у ВКЛ. У яго склад уваходзілі італьянскі кампазітар i капельмайстар К.Абатэ, чэхі Эндерле i Геранім, мясцовыя музыканты: капельмайстар i першы скрыпач Л.Сітанскі. Т.Вежбаловіч, Д.Пташынскі, Я.Насулевіч, С.Швед i іншыя. У 1779 г. налічвалася 30 музыкантаў i 7 "хлопцаў з капэлы" (вучняў). У рэпертуары капэлы былі араторыі, ciмфонii, мессы, бытавая музыка (серэнады, танцы, дывертысмент), музыка да сцэнічных твораў. Напрыклад, капэла выконвала оперу А.Грэтры "Цудоўны", сімфонію І.Гайдэна, суправаджала камедыі "Севільскі цырульнік" П.Бомарше, "Вясковы балет" i "Балет пекараў" Г.Пецінеці.

У будынку езуіцкай калегіі Тызенгаўз заснаваў у 1775 г. каралеўскую друкарню i быў да 1785 г. яе арэндатарам. Відаць, упершыню ў Рэчы Паспалітай запpaciў ён сюды людзей, якія маглі paбіць штампы на матрыцы i ліць літары. Адсюль бралі ix літоўскія i варшаўскія друкарні. У гродзенскай друкарні выдавалі падручнікі, польскія i лацінскія малітоўнікі, рэчы дэпутатаў гродзенскіх сеймаў, бухгалтарскія кнігі, рэкламныя праспекты, афішы, аб'явы, бланкі. У 1776 - 1783 г. выходзіла першая на тэрыторыі Беларусі газета "Газета Гродзенская", а ў 1776 - 1800 IT. - "Каляндар гаспадаркі Літоўскай". Абодва выданні былі на польскай мове. Выдавалася таксама арыгінальная навукова-папулярная і мастацкая літаратура - усяго каля 100 кніг. Напрыклад, прыгаданыя намі "Флора Літвы" Жылібера (у 1781 г.), "Усходняя гісторыя аб задзігу" Вальтэра (1776 г.), "Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі" К.Барэцкага (1776 г.).

Aнтонi Тызенгаўз меў характар самаўладны i дэспатычны - да мэты iшoў простым шляхам, не зважаў на перашкоды, вызначаўся працавітасцю і не вычарпальнай крыніцай задумкаў. Спаў відаць не больш як тры - чатыры гадзіны. За пятнаццаць гадоў свайго староства ў Гродне Тызенгаўз зрабіў многае, але нажыў вopaгaў. Мы ўжо ведаем пра незадавальненне шляхты, у якой забралі зямлю пасля выверкі межаў эканоміяў. Жыхары эканоміяў, у якіх забралі дзяцей на працу на мануфактурах, або вучыцца у школах, называлі Тызенгаўза д'яблам. Кансерватыўныя магнаты, старапольская партыя, лічылі яго вар`ятам, бо баяліся, што рэформы прывядуць да ліквідацыі тагачаснага палітычнага і грамадскага ладу. Патрыёты адхіліліся ад Тызенгаўза, бо бачылі яго паслухмянай зброяй караля, чалавекам, які выконвае для яго самую брудную палітычную працу.

Пасля адстаўкі Тызенгаўз, гледзячы на пагібель сваёй працы, страціў розум, але быў вылечаны. Памёр Тызенгаўз 31 сакавіка 1785 года ў Варшаве. Відаць, апошнім цвіком у накрыўцы яго труны была навіна, якая дайшла да Рэчы Паспалітай у жніўні 1784 г. аб адмове саксонцаў даць Станіславу Панятоўскаму крэдыты для тызенгаўзаўскіх мануфактураў.

Злы рок не пакідаў Тызенгаўза і пасля смерці: спачатку ён быў пахаваны ў фамільным склепе кармяліцкага кляштара м.Жалудка, а потым два разы перазахаваны. Сёння ў склепе касцёла Ўшэсця ёсць пяць умураваных у сцяну белых мармуровых дошак. На адной з іх надпіс: “Тут спачываюць астанкі сяброў роду графаў Тызенгаўзаў з XVIII ст., перанесеныя з трунаў старога касцёла ў гэтую святыню. Вечны спакой дай ім, Гасподзь.” Сярод гэтых астанкаў пакоіцца і рэфарматар Антоні Тызенгаўз.

В.ШВЕД, гісторык

 

 
Реклама: