КУЛIЧЫ, ВОБЫСКI I ПУШКIН

Велiкодныя святы

Першая частка красавiка прайшла пад знакам Велiкодных святаў. Свянцiлi кулiчы i каталiкi, i праваслаўныя. Але я заўважыла, што ў краме каля майго дому на каталiцкi Вялiкдзень выбар пiрагоў быў куды большы,чым на праваслаўны. Вiдаць, падыход да праваслаўных святаў у нас прасцейшы. Як кажуць, галоўнае, каб была чарка ды скварка. Вось якую размову пачула я на праваслаўны Вялiкдзень на рынку.

- Христос воскресе! - гаворыць сваiм знаёмым на рынку жанчына, складаючы апельсiны мне ў пакет. - 378 тысяч с вас.

- Воистину, - чую адказ. - А где Валя, уже пьяная валяется?

- Да нет, пошла куда-то.

- Отмечать, наверное. Мы сейчас тоже пойдём да выпьем.

- Конечно, в такой день грех да не выпить!

Сапраўды, чэргi ў аддзелы, дзе прадаюць спiрытусовыя напоi, выраслi яшчэ ў суботу. Хрыстос уваскрос - трэба ж адзначыць. Такое не кожны дзень здараецца. Дарэчы, народ наш дагэтуль блытае галоўныя хрысцiянскiя святы. Узгадваецца размова ў тралейбусе напярэданнi каталiцкiх Калядаў. Хлопец - дзяўчыне:

- Слушай, Пасха ведь скоро.

- Какая Пасха? Рождество, может?

- А, ну да. Перепутал.

- Ну моё-то Рождество ещё не скоро.

- А ты что, православная? Ну тогда нам с тобой не по пути...

Рэлiгiйнымi святамi ўлады не абмежавалiся. На каталiцкi Вялiкдзень яны арганiзавалi выбары. Я вырашыла пацiкавiцца, як жа прагаласавалi выбаршчыкi ў нашай акрузе нумар пяць. Аказваецца, кожны з трох кандыдатаў, што балатавалiся ў Гарадскi савет, набраў галасоў "супраць" куды больш чым "за".

Святы бываюць розныя

Як раз у святочныя днi некаторых жыхароў нашага горада выклiкалi то ў мiлiцыю, то ў пракуратуру. Чаму? Таму што яны хочуць правесцi прэзiдэнцкiя выбары паводле Канстытуцыi 1994году - у маi, як i павiнна быць, а не праз два гады, як некаму хочацца. Да таго ж пачалiся павальныя вобыскi. Нiчога важнага не знайшлi,затое дзесяткам сем'яў сапсавалi святочны настрой.

Прычым тут Пушкiн?

Як вядома, год таму прэзiдэнцкiм указам былi скасаваны як дзяржаўныя святы Вядiкодныя паняделкi ды каталiцкiя Дзяды. Затое ўлады прымушаюць нас святкаваць 200-я ўгодкi з дня нараджэння рускага паэта Пушкiна. Вось i ў Гродне ў выставачнай зале Саюза Мастакоў з гэтай нагоды арганiзавалi выставу. Iдучы туды я ўяўляла сабе партрэты з вялiзнымi бакенбардамi, урыўкi з вершаў i кампазiцыi на тэму "Петушок золотой гребешок". Што ж я ўбачыла? Некалькi дзесяткаў пейзажаў, беларускiя сувенiры з саломкi, выцiнанкi, ручнiкi. Прысвячэнне атрымалася вельмi штучнае. Сапраўды, чаму беларускiя мастакi павiнны ладзiць выставу да ўгодкаў паэта, якi шчыра радаваўся, калi царскiя ўлады душылi на Беларусi вызваленчае паўстанне 1830-31 гадоў?

Тэрэса Базылевiч

 

 
Реклама: