Палякі не здадуцца

У мінулую суботу некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі выйшлі на чарговы гэтым разам несанкцыянаваны пікет перад сваёй сядзібай у Гродне. У руках яны трымалі плакаты з ужо добра знаёмымі лозунгамі: "Прэзідэнт Лукашэнка выканай дадзеныя нам абяцанні", "Адаму Міцкевічу было б вельмі прыемна, каб на яго Радзіме была польская школа"... Праз гадзіну да пікетоўшчыкаў пад'ехаў аўтобус, з якога выскачылі каля дзесятка АМАПаўцаў у бронекамізэльках, якія хуценька адабралі плакаты, ускочылі ў аўтобус і адразу ад'ехалі. Пікетоўшчыкі супраціву не аказалі. У гэты час старшыня СПБ, Тадэвуш Гавін, ужо знаходзіўся ў судзе Ленінскага раёна Гродна.

Як патлумачылі пікетоўшчыкі, мерапрыемства было не санкцыянаваным па прычыне таго, што гарадскія ўлады двойчы адмаўлялі ў яго правядзенні. Прычым, на думку арганізатараў - незаконна. Першы раз гродзенскі гарвыканкам спаслаўся на тое, што быццам бы заява на правядзенне акцыі была пададзена запозна. Тым часам прадстаўнікі СПБ сцвярджаюць, што занеслі заяву ў тэрмін, а ў гарвыканкаме яе зарэгістравалі на тры дні пазней. З гэтай нагоды было нават арганізавана расследаванне, але ўлады быццам ніякага парушэння не знайшлі.

Другім разам уладам не спадабалася мейсца, дзе пікетоўшчыкі прасілі дазволу правесці сваё мерапрыемства. А гэта ў цэнтры горада, насупраць будынкаў гар і аблвыканкамаў, а таксама на вуліцы Савецкай. Праўда, па заведзенай звычцы, у нас не дазваляецца праводзіць падобныя мерапрыемствы ў тых мейсцах, дзе можна найбольш прыцягнуць увагу грамадскасці, а таксама таго самага чынавенства да сваіх праблемаў.

Што цікава, гэтым разам удзел у акцыі бралі пераважна маладыя людзі, якія перакананы, што канстытуцыйныя правы польскай нацменшасці ў нашай краіне парушаюцца. Тыдзень таму Навагрудскі райвыканкам зноў адмовіў у будаўніцтве польскай школы аргументуючы гэта практычна адным словам - "нецелесообразно". Па словах старшыні СПБ Тадэвуша Гавіна і ягонага намесніка Тадэвуша Малевіча, пікеты будуць працягвацца да таго часу, пакуль яны не дамогуцца свайго. Гэта, дарэчы, не толькі будаўніцтва школы ў Навагрудку, а і абяцанае ўладамі друкаванне польскамоўных падручнікаў для школак і польскамоўных класаў. Гэта і будаўніцтва другой школы ў Гродне за кошт беларускай дзяржавы і г.д.

У той час, калі АМАПаўцы адбіралі плакаты ў пікетоўшчыкаў старшыня СПБ, Т.Гавін, знаходзіўся ў судзе Ленінскага раёна. У гэты ж дзень яму прынеслі павестку ў суд за парушэнні закона, якія быццам бы мелі месца на мінулым пікеце, што адбываўся ў сакавіку. Гродзенская пракуратура палічыла, што мінулым разам тэкст плаката "Замяталін, Бірукова, Ліс душаць польскую мову" абражае гонар і годнасць службовых асобаў. Дарэчы, гэта можа пагражаць спадару Гавіну штрафам, альбо нават 15 суткамі арышту. У той дзень суд не адбыўся па прычыне таго, што Т.Гавін запатрабаваў адваката. Працэс павінен быў адбыцца ўчора ў 15 гадзін. На жаль, па тэхналагічных прычынах мы не змаглі паведаміць аб яго выніках ужо сёння. Дарэчы, Т.Гавін прасіў перанесці суд на май, паколькі ў сераду яму патрэбна ад'язджаць у Варшаву, дзе ён павінен браць удзел у канферэнцыі АБСЕ па Правах чалавека. Суд адмовіў.

М.КАРНЕВІЧ

 
Реклама: