НАЦЫЯНАЛЬНАЯ IДЭЯ НА ВАКЗАЛЕ

17-18 красавiка ў Гродне адбылася мiжнародная канферэнцыя, прысвечаная беларускай нацыянальнай iдэi. Абмяркоўвалi яе ў рэстаране на чыгуначным вакзале, паколькi ўлады нiдзе больш апазiцыi збiрацца не дазваляюць.

Мерапрыемства арганiзаваў каардынацыйны камiтэт грамадскiх арганiзацый "Гродзенская iнiцыятыва". Дакладна тры месяцы назад у гэтым жа рэстаране адбылася абласная Асамблея дэмакратычных арганiзацый. У канферэнцыi, па словах яе арганiзатара--члена Прэзiдыума ВС 13-га склiкання С.Домаша, удзельнiчалi амаль усе апазiцыйныя партыi, апроч ПКБ i ЛДП.

У рэстаране прагучала некалькi дзесяткаў выступаў. Цiкава, што на тэму нацыянальнай iдэi паступiлi рэфераты з усiх абласцей Беларусi, акрамя Магiлёўскай. Замежжа было прадстаўлена больш сцiпла: прагучалi два даклады навукоўцаў з Беластоцкага унiверсiтэта--Г.Глагоўскай i Я. Мiрановiча, а таксама быў зачытаны дасланы факсам рэферат акадэмiка М. Жулiнскага з Кiева адносна украiнскай нацыянальнай iдэi. Вядомы фiлосаф прафесар У.Конан з Мiнска падкрэслiў, што мы павiнны змагацца за захаванне трох фундаментальных каштоўнасцяў--"суверэннай дзяржавы, роднай мовы i нацыянальнай культуры, спрадвечнай сiмволiкi".

Сяргей АСТРАЎЦОЎ

 

 
Реклама: