Эліза Ажэшка.

Дапамога гродзенскім пагарэльцам 1885 года

Двадцаць дзевятага мая (па новаму стылю 10 чэрвеня) 1885 г.у Гродне адбыўся страшэнны пажар. Каля 9 гадзін раніцы загарэўся драўляны дом мешчаніна Кейхмана Бішковіча на Малой Траецкай вуліцы, у мясцовасці званай Школьны двор, густа забудаванай драўлянымі дамамі, крытымі цёсам. Моцны вецер і сухое надвор’е дазволілі агню хутка перакінуцца на суседнія будынкі і распаўсюдзіцца на ўсе цэнтральныя і лепшыя часткі горада. "З гэтай хвіліны,- піша відавочца,- пачаўся проста ад: дом за домам, квартал за кварталам ахопліваліся агнём і таялі ў ім, падобна дзіцячым картачным домікам, нягледзячы на тое, што менавіта гэтыя вуліцы ў пажарных адносінах здаваліся найбольш трывалымі, бо яны складаліся амаль з суцэльнай лініі вялікіх каменных дамоў, зрэдку перарываемай невялікімі цяністымі садамі."

Малюнак Янкоўскага

Пажар бушаваў да чацвёртай гадзіны ночы. Згарэлі ўшчэнт вуліцы Купецкая, Паліцэйская, Гарохавая, Брыгіцкая, Пясочная, Дваранская, Жандармская, Дамініканская, Палявая, Падвальная, Валадарская, Калажанская, Баніфратэрская, Сенная (дзе ў завулку быў дом Разэнбаўма, у якім жыла Ажэшка) і іншыя. Спалены былі ўсе гатэлі, некалькі яўрэйскіх малітоўных дамоў і дзіцячы яўрэйскі прытулак, дэпо земляробчых машын і майстэрня фабрыкі Лільполь і Раў з Варшавы, паперы дэпутацкага дваранскага сходу і апякунскага ўпраўлення. Захаваліся будынкі мясцовага аддзялення дзяржаўнага банка на Гарохавай, турма, размешчаная ў езуіцкім кляштары, Фарны касцёл (бо мурары хутка замуравалі вокны і іншыя адтуліны), мужчынская і галоўны корпус жаночай гімназіі, Брыгіцкі касцёл, у якога згарэлі толькі драўляныя купалы вежаў і абгарэла званіца.

Ад пажару пацярпелі 2392 сямейства з колькасцю душ 7105 чалавек. Памерла, відаць, усяго 3 чалавека, бо па справаздачы камітэта выдадзена на пахаванне 52 рублі 98 кап. Вільгельміне Бандзіні, Разаліі Вейс і Брадоўскай. Было спалена 139 каменных і 380 драўляных дамоў, 34 каменных і 331 драўляных халодных будынкаў - усяго такім чынам 884 пабудовы. Маёмасныя страты ўсіх пагарэльцаў склалі: у рухомасці - 1083428 руб.70 кап. і ў нерухомасці - 1857130 руб. - усяго агулам 2940558 руб.70 кап. Цяжкасці гродзенцаў павялічваліся і тым, што на працягу яшчэ некалькіх тыдняў адбываліся маленькія пажары. "Гродненские губернские ведомости" паведамлялі: "Так праз тыдзень пасля 29 мая пылалі яўрэйскія лачугі каля мяснога рынку, дня тры таму быў пажар на гарадскім беразе Нёмана, каля завода Кунца, учора гарэла занёманскае прадмесце горада; акрамя таго, учора ў горадзе бачна было зарава адначасова амаль двух пажараў: ляснога па гэты бок Нёмана, вярстах у 8-мі ад горада, і якогасці маёнтка па той бок ракі". Далей аўтар пісаў: "Учора быў моцны вецер: абгарэлы наш горад уяўляў у гэты час карціну пыльнай, нагрэтай афрыканскай пустыні. Страшна жыць у спустошаным горадзе: днём жыхары ацалелых дамоў і кватэр не адыходзяць далёка ад дому, баючыся раптоўнага пажару, а ноччу, кладучыся спаць, не ведаюць, ці будуць яшчэ спаць, а трымаюць усё напагатове. У многіх сямействах члены сям’ і арганізоўваюць самі начныя дзяжурствы. Малейшы шум і мітусня на вуліцы прыцягваюць агульную ўвагу - ці не пажар?"

18 чэрвеня Ажэшка напісала адозву і паслала яе пецярбургскаму выдаўцу часопіса "Край"("Кraj") Эразму Пілцу. Надрукаваць яе з-за цэнзурнай забароны аказалася немагчымым. Працытуем пачатак адозвы: "Некалькі дзён назад мой родны горад стаўся здабычаю полымя. Не была гэта такая вогненная бяда, якая нярэдка наведвае людскія пасяленні і пасля нанясення пэўных шкод хутка ў існаванні людзей і месцаў пройдзе. Была гэта адна з тых катастрофаў, якая ў некалькі гадзін шматтысячную грамаду пазбавіла жылля і хлеба, маёмасці і спакою, выкідваючы з уласцівых ім шляхоў жыцця, адбіраючы ім нават надзею лепшай будучыні".

Вогненная катастрофа закранула і саму Ажэшку. Рэчы з хаты дапамаглі вынесці мурары на чале з Янам Чарняўскім, рыбакі, шаўцы, рамізнікі, але потым складалі іх у чатырох месцах чатыры разы без коней і павозак - уцякалі ад агню. Таму вузлы развязваліся, шкляныя і фарфоравыя рэчы біліся, іншыя губляліся, псаваліся, кніжкі сыпаліся пад ногі натоўпу. З чатырохтамовай бібліятэкі захавалася толькі некалькі сот кніг. Загублены таксама два рукапісы: скончаная напярэдадні навэла "Германія"("Germania") і напалову напісаная аповесць "Ардэліон"("Ardelion"). Даследчык жыцця і творчасці Ажэшкі Эдмунд Янкоўскі пісаў, што яна страціла 5 тысяч руб. за адзін спалены дом, які не быў застрахаваны; 575 руб. выплачаных за кватэру, якая спалілася; 100 руб.каштавала выратаванне рэчаў; 525руб. было выдаткавана на набыццё новай кватэры. Невялікія ашчаднасці, укладзеныя на гіпатэках у дамах, прапалі, бо іх уладальнікі зруйнаваны.

Нягледзячы на тое, што амаль усё страціла сама, Ажэшка думала і тур-бавалася не за сябе,а займалася "выключна лёсам сваіх суграмадзян". R.A.D. бачыў пісьменніцу і ў сваёй карэспандэнцыі, змешчанай у "Краю", выразіў здзіўленне: "Загублена, словам, уся маёмасць і чакаемы заробак, і гэта тая нявеста, якой галаву сівізна ўжо пакрывае, мысліць толькі аб іншых і неахвотна гаворыць аб сваіх нястачах; калі яе пытаюць, спяшаецца накіраваць размову на няшчасны лёс іншых". Свайму былому супрацоўніку па Віленскай кнігарні Вацлаву Макоўскаму Ажэшка пісала 21 кастрычніка наступнае: "...Чалавек і да найгоршага прызвычаіцца можа, таму не так мяне гэта хвалюе, асабліва ў адносінах да агульнай цярплівасці, як бы хвалявала даўно і калі б сама адна цярпела".

Ажэшкі не было ў "Алфавітным імянным спісе", складзеным Камітэтам з тых, каму ён аказваў дапамогу. У лісце да Пілца 26 чэрвеня яна выказала падзяку невядомаму аўтару, які напісаў, што збірае грошы на яе бібліятэку. "Складкі для сябе,- пісала пісьменніца,- у час, калі публічная ахвярнасць так бязмерна патрэбны тысячам людзей, ні ў якім разе і акрамя найгарачай падзякі для яе ініцыятараў, прыняць мне не выпадае". На запрашэнне выдаўца Мэйета прыехаць на жыццё ў Варшаву Ажэшка адказвае: "Выехаць адсюль магу менш, чым калі-небудзь. Усе, каго люблю, церпяць і я з гэтага ваюючага з нядоляй палка дэзерціраваць не хачу". А далей працягвае: "На вёску хутка не выяду, бо ёсць тут асобы, якія патрабуюць маёй прысутнасці: пан Нагорскі, бедны, запрацаваны ў камітэце дапамогі, у гарадскім упраўленні, згрызены сваімі і маімі стратамі; (...). Тут і дзе-небудзь магу быць патрэбнай: тут рублем, там папільнаваць дзяцей, навогул хаця б пацісканнем і сумесным плачам".

Для дапамогі пагарэльцам распараджэннем гродзенскага губернатара А.М.Пацёмкіна ад 30 мая (11 чэрвеня) быў створаны часовы "Комитет, уч-реждённый для сбора пожертвований и вспомоществования лицам, пострадавшим от пожара 29 мая 1885 года в гор.Гродне". У склад яго ўвайшло 36 чалавек, а ўзначаліў іх віцэ-губернатар I.Ф.Iскрыцкі. Ажэшка ў сваіх лістах называе гэты камітэт "камітэтам панаў (мужчын)". Відаць, у адрозніванні ад "дамскага камітэта", створанага на чале з жонкай губернатара Аўгустай Юльеўнай Пацёмкінай. Актыўным сябрам гэтага камітэта была Ажэшка (Елизавета Венедиктовна Ожешко). Яна выконвала абавязкі віцэ-старшыні і, нават, месяц (снежань 1885 - студзень 1886 г.) замяшчала Пацёмкіну, калі тая выехала ў Маскву.

Аляксандр Свентахоўскі ў той час пісаў у "Праўдзе": "Ніхто не радзіць, ніхто не думае аб бедных пагарэльцах Гродна, акрамя адной вялікага сэрца жанчыны, Элізы Ажэшкі. Колькі яна моцы, нястомных намаганняў і слёз выліла на раны свайго любімага горада! Так, слёз! Плакала раней над ягоным няшчасцем, а цяпер плача над не спраўджанай надзеяй выратавання".

Працоўны дзень Ажэшкі быў вельмі напружаным. Зранку яна разам з Марыяй Семашка раз’язжала па свайму раёну Гродна, Падолу - ад касцёла і кляштара Бернардынцаў да Нёмана, шукаючы па дамах, доміках і хатках пагарэльцаў, выслухоўвалі іх просьбы і скаргі, запісвалі іх патрэбы. Варшаўскім выдаўцам Роберту Вольфу і Густаву Гебетнеру Ажэшка пісала 14 кастрычніка 1885 г.: "Я ў сваёй частцы горада маю сваіх бедных да 200 сямей, а і ў іншыя раёны часта прыходзіцца заглядаць, бо ў гэтым Гродне ўсе знаёмыя, часта блізка і здаўна". I гэтыя паходы ажыццяўляліся, не гледзячы на тое, што ў пісьменніцы былі хворыя ногі. Усе сабраныя звесткі заносіліся ў рэестры, якія прадстаўлялі ў "мужчынскі" камітэт, каб атрымаць грошы, а ў "дамскі" - на выдачу бялізны, вопраткі, гарбаты, лякарства і ўрача. Кожны трэці дзень адбывалася сэсія "дамскага" камітэта на некалькі гадзін, ішоў падзел неабходных рэчаў і харчу, якія потым кожны сам развозіў па свайму раёну.

Ажэшка вяла вялікую карэспандэнцыю. Таму ж Пілцу яна пісала: "Аднак не магу знесці ў гэты час сядзення са складзенымі рукамі і таму пішу-пішу, што толькі і да каго толькі магу, малю, заклінаю". Янкоўскі падлічыў, што ў гэты перыяд Ажэшка атрымала 500 лістоў з розных бакоў Расійскай імперыі: Бесарабскай, Уфімскай, Кацярынаслаўскай, Херсонскай, Саратаўскай, Аранбургскай і іншых губерняу, Закаўказскага краю, Заходняй Сібіры, Якуцкай акругі. Ажэшка пісала да дзеячоў культуры, заклікала іх да дапамогі пагарэльцам. Напрыклад, у лісце да Мэйета ад 16 чэрвеня просіць перадаць разам надасланы ліст спеваку Мержвінскаму, у якім просіць таго выступіць у Варшаве для гродзенцаў, а даход ад канцэрту выслаць на яе адрас.

Ажэшка скардзілася Пілцу на тое, што ў Варшаве нічога аб Гродне пісаць не дазваляюць, а ёй ужо пішуць лісты, у якіх абвінавачваюць у маўчанні. "Ведаю добра аб гэтым сваім абавязку, - піша літаратка далей,-але чаго urbi et orbi аб’яўляць не магу, дык для таго ж, тры маіх ліста, які я да "Kuriera Codziennego" і "Klosow" напісала пагразлі ў цэнзуры". Яна мае на ўвазе адну з шматлікіх адозваў, якія пасылала ў перыядычны друк Варшавы, Пецярбурга і іншых гарадоў. Вось і Мэйета просіць: "Зрабі ўсё магчымае, каб гэта адозва аказалася і ў якім-небудзь перыядычным выданні, бо сцягнула бы на сябе ганьбу, калі не зрабіла бы нічога ў гэтыя хвіліны для майго роднага горада, а пры гэтым агульным здранцвенні ў гэтай страшнай нядолі нешта добрае учыніць". Ажэшка прыдумала як раздрукаваць сваю новую адозву і распаўсюдзіць яе. У лісце да Мэйета ад 28.06.1885 яна пасылае разам з адозваю 20 падпісаных ёю бланкаў і просіць на іх надрукаваць адозву і перадаць таму, каму палічыць патрэбным. "Каб такім чынам,- піша Ажэшка,- пранікнуць у фінансавы свет! Каб наколькі магчыма гэтую ізаліруючую палітыку падкапаць!"

Вось, што пісала пісьменніца ў адозве, якую не змог надрукаваць у Пецярбургу Пілц: "Пагроза і небяспека акружаюць нас паўсюдна; калі шырокі свет не прыйдзе нам з дапамогаю, горад з руін сваіх не ўстане, жыхары яго пераўтворацца ў адну з гэтых груп жабрацкіх, якіх існаванне становіцца цяжарам як для іх саміх, так і для грамадства.

...Упадак аднаго з большых нашых гарадоў не будзе толькі ягоным упадкам, але і публічнай стратаю; фізічная бяда і зразумела вынікаючыя з яе маральныя ўпадкі не адзіным вострым і калечачым звонам адзавуцца не толькі ў пачуццях, але і ў грамадскіх справах.

...Таму адважваюся да людзей і суайчыннікаў скласці вялізную скаргу і гарачую просьбу майго роднага горада: прыходзьце да нас няшчасных з эфектыўнай і хуткай дапамогаю!" Познімі вечарамі і ноччу пісала Ажэшка свае "Успаміны. З пажару". У лісце да Пілца яна пыталася: "Калі ласка, паведаміце мяне, ці жадаеце сабе далейшых маіх Успамінаў, якіх некалькі ўжо маю ў маёй галаве і якім і хачу адзначыць пахаванне гэтага горада, у сценах якога праплыла значная частка дзяцінства і зрэлага веку. Гавару: пахаванне, бо мала верагодна, каб яно паўстала з руінаў". Пілц жадаў - "Успамінаў" было семь. Таленавітым пяром Ажэшка апісала "разбураныя гнёзды" Яна Чарняўскага, Кантлера, "уладальніка белых нарцысаў", "думнага шаўца" Фларэнція, сяброўкі дзяцінства Меланні. Усе гэтыя і іншыя гродзенцы марылі аб "ладным, ціхім, вясёлым" доме-гняздзе, а страшная катастрофа перакрэсліла і змяніла карэнным чынам жыццё, выкінула са звыклай каляіны на абочыну.

Яшчэ і сёння нельга без замірання сэрца чытаць гэтыя "відарысы з пылаючага Гродна". Немагчыма было заставацца абыякавым. Афіцыялісты фабрыкі цукру з Дзюнкова зрабілі фантавую латарэю і пісалі Ажэшцы, што "добрым пажаданням нашым прыйшлі на дапамогу Успаміны пані, таму і вынік нашых намаганняў амаль падвойны, бо калі перавесці на грошы ўсе дары, дык збярэцца рублёў дзвесце". Рудольф Трушкоўскі з Нова-Украінска Адэскай губерні прызнаваўся: "Пара ўспамінаў Пані, апублікаваных у "Kraju" не некалькі грошаў, але кошту для нас не маюць, гэта бурштыны пачуццяў і памкненняў". З Варшавы тэкст ліста быў кароткі: "Сто рублёў у скарбонку няшчасных г.Гродна за "Успаміны". З Iгумена Мінскай губерні паведамлялі: "Карткі з жыцця, друкаваныя ў "Kraju" пабуджаюць да нясення ахвяры. Таму разам з мужам высылаем 100 рублёў".

У афіцыйнай справаздачы Камітэта дапамогі напісана, што Ажэшка здала па падпісцы сабраных 13436 руб.16 кап. Максіміліян Абрэнбскі падлічыў, што на імя пісьменніцы прыйшло 19507 руб. з перыядычнага друку, розных устаноў, сабраных прыватна і рознымі асобамі, дасланых Яну Чарняўскаму і іншым асобам. На выказаную кімсці прапанову раздаваць гэтыя грошы толькі католікам абураная Ажэшка сказала: "...здаецца мне гэта і незусім слушным, нават, шкодным. Неслушным, бо яўрэі як гродзенскія, так і загарадныя, прымаюць у складках значны ўдзел, а з сум, якія ўносяць, роўна католікі, як і яны карыстаюцца і карыстацца будуць; шкодным, бо дало б гэтае повад да няроўнасці і пратэкцыі, якіх да гэтага часу ў абодвух камітэтах няма". Акрамя грошаў, Ажэшка дапамагала прадуктамі харчавання і рэчамі. Праз яе пасрэдніцтва, па дадзеным справаздачы камітэта, паступіла 88 мяхоў хлеба, 17 - мукі, 2 - крупы, 1 - сала, 3 фунта чаю, скрыня і 66 штук вопраткі і бялізны, з Ковенскага камітэта - 84 пуда вопраткі і бялізны, прысылалі матэрыял (сіцец, бавоўну, холст). Асабіста ад сябе Ажэшка дала 216 штук бялізны і 5 пар чаравікаў. Купец Вартман з Варшавы прыслаў праз яе 40 пудоў цукру, адтуль жа Майзнер - 3 цюка вопраткі, 1 скрыню чаю, па аднаму меху мукі і сахарнага пяску.

Вельмі турбавалася Ажэшка аб гімназістах - з надыходам халадоў ім будзе патрэбна вопратка. У лістах да Пілца ад 13 і 16 верасня яна прасіла, каб ён у лісце да камітэта напісаў, што грошы дасылае дамскаму камітэту на патрэбы гімназістаў: на набыццё 150 ложкаў, кніг, вопраткі. "Гэтыя дзеці, за якіх заплаціць трэба,- пісала Ажэшка,- цяпер мой жах".

Асабліва цёплыя адносіны праявіла Ажэшка да муляра Яна Чарняўскага. Яна турбавалася аб ім, бо ён не лічыўся пагарэльцам, пастрадаўшым непасрэдна ад пажару. У час яго Ян праявіў сябе вельмі мужна пры выратаванні ад агню брыгітскага кляштара. Пры гэтым упаўшая бэлька пашкодзіла яму грудную клетку. Ажэшка прысвяціла Чарняўскаму другі нарыс сваіх "Успамінаў", а пазней аб’явіла збор складак для ягонай сям,і. У лісце да Пілца ад 22 ліпеня яна пісала, што атрымала для Чарняўскага 150 рублёў, што забяспечыць яго сям’ю на даволі доўгі час ад бяды.

Фельетаніст Віктар Гамуліцкі, які бачыў Ажэшку ў час пасля пажару, пісаў пра яе наступнае: "Смела можна сказаць, што Ажэшка была душою ўсёй выратавальнай акцыі, якая разгарнулася для няшчаснага Гродна ў цэлай правінцыі і ў краі. Паблізу ўрадавага камітэта (які таксама залічваў яе да дзейных сяброў) яна найболей для пагарэльцаў зрабіла як ініцыятар, пасрэднік, сястра міласэрнасці і лекарка душ, голад якіх і галізна цяжэй бывае, чым ад голаду і галізны цела. Дапамагала, суцяшала і з упадку падымала, не пытаючы нікога аб веравызнанні, народнасці і сацыяльным стане. А выконвала справу міласэрнасці так ціха, што амаль ніколі па-за гарадскімі рагаткамі (межамі) звесткі аб ёй не вышлі..."

Але гродзенцы не забыліся пра Ажэшку. На пахаванне ў 1910 г. са-бралася да 15 тысяч чалавек. Мы, сучасныя жыхары Гродна, памятаем пра яе таксама - сцежка да могілак не зарастае, і кветкі свежыя ляжаць заўсёды.

В.ШВЕД, гісторык
Фотаздымак з архіва аўтара

 
Реклама: