Як у Гродне святкавалі ўгодкі ЧарнобыляУ мінулую нядзелю ў Гродне падчас правядзення несанкцыянаванага шэсця, якое было прысвечана 13-ай гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбыліся небывалыя для нашага горада сутычкі з міліцыяй. Падзеі адбываліся прыблізна каля дзевяці гадзін вечара. Каля 50-ці маладых людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі і паходнямі ў руках ад помніка Вітаўту, што побач са Старым і Новым замкамі, рушылі ў накірунку вуліцы Савецкай. У асноўным гэта былі маладыя людзі практычна з усяе Беларусі, якія вучацца ў Мінску. Яны моўчкі ішлі па вуліцы разам з гродзенскай моладдзю, без скандзіравання якіх-небудзь лозунгаў, неслі ў руках паходні - сімвалы скорбі па ахвярам Чарнобыля. Увесь гэты час іх суправаджалі міліцыянеры, якія прасілі разысціся і папярэджвалі, што акцыя несанкцыянаваная. Аднак маладыя людзі не звярталі на іх увагі. Урэшце на скрыжаванні вуліц Савецкай і Ажэшкі адбылася сутычка паміж дэманстрантамі і міліцыяй. На дапамогу міліцыянтам прыбыў АМАП. Па словах відавочцаў гэта была даволі жорсткая бойка, паколькі дэманстранты адбіваліся паходнямі. У аднаго з АМАПаўцаў была зламана сківіца. Маладым людзям удалося прарвацца да аблвыканкама. Міліцыянты прымянілі слезацёкавы газ і дубінкі. У некаторых стражаў парадку былі аўтаматы.14 чалавек было затрымана. Сярод іх - чатыры непаўналетніх. Прычым, усе за выключэннем аднаго хлопца, былі прыезджыя. Гродзенец, які патрапіў у аддзяленне міліцыі, як высветлілася пазней, не меў дачынення да акцыі, а папросту аказаўся на месцы здарэння выпадкова, ды яшчэ на падпітку. Ён атрымаў штраф у памеры аднаго мільёна рублёў і быў адпушчаны. Па словах відавочцаў з затрыманымі праводзіліся разборкі ў Ленінскім РАУС горада Гродна на вуліцы Тэльмана. У аднаго з маладых людзей зламаны нос, і ён знаходзіцца ў шпіталі. Яшчэ дваіх з месца здарэння забрала хуткая дапамога, але потым іх прывезлі назад у пастарунак. У панядзелак у судзе Ленінскага раёна адбыліся судовыя працэсы. Чатырох хлопцаў атрымалі па двое сутак, яшчэ дваіх - трое сутак арышту і дваім прысудзілі па чацвёра сутак арышту. Чатырох непаўналетніх на гэты момант застаюцца ў прыёмніку-размеркавальніку пакуль за імі не прыедуць бацькі. Аналітыкі, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што напярэдадні самміту Беларусі і Расіі, які павінен адбыцца ў Гродне 10-11 траўня, тэмпература ў нашым горадзе нарастае. Наш кар. |
Реклама: