|
памяці паэта
"Бывайце
сябры. Я паехаў. Сьляды пацалуйце мае…"
Якраз сёння мінула чатыры гады з
таго часу, як паехаў у іншы свет паслядоўнік
Дыягена, апошні кінік, наш добры сябра, Андрэй
Пяткевіч.
Паехаў, не пакінуўшы,
на жаль, ніводнага друкаванага зборніка.
Захаваліся толькі вершы ў лістах да сяброў і ў
нешматлікіх падборках у газетах і часопісах -
Андрэй лічыў, што друкуючы вершы, прадаеш іх,
здраджваеш Духу, які дыктуе святыя радкі. І
наогул, Ён быў незвычайным, часта нават
парадаксальным як чалавекам так і паэтам. Яго
нядоўгае жыццё ўяўляла калейдаскоп, які Андрэй
круціў у розныя бакі, складаючы
самыя неверагодныя ўзоры і малюнкі. Ніхто так як
ён не мог адначасова і радавацца гэтаму жыццю і
змагацца з ім, шукаць прыгоды, знаходзіць верных
сяброў і нажываць сабе ворагаў. Ніхто як ён не мог
так плаўна пераходзіць з адной крайнасці ў іншую
- зусім супрацьлеглую. На ўсё гэта трэба было мець
талент. І ён меў гэты глыбокі талент, які
рэалізоўваў на ўсю моц - Андрэя цяжка было
застаць у стане флегматыка, у стане
разгубленасці і абыякавасці. Ён імкнуўся ахапіць
неахопнае, і здаецца, яму гэта
нават удавалася.
Андрэй пісаў не толькі вершы. У яго
былі таксама апавяданні і нават пачаты
фантастычны раман.
Магчыма гэта наша суб'ектыўная думка,
але мы лічым, што гэта быў адзін з лепшых паэтаў
сучаснай Беларусі. Тыя вершы, якія мы сёння
прапаноўваем вам, шаноўныя чытачы, толькі
маленькая кропелька таго, што за свой кароткі век
стварыў Андрэй. Спадзяёмся, што яны зробяць на
вас уражанне і вы адпаведна ацэніце яго талент.
На жаль, людзі цяпер вельмі мала цікавяцца
паэзіяй - напэўна такія часы.
Так, Андрэй пражыў вельмі мала, як і
вядомыя нам са школы класікі паэзіі, але за
кароткі адрэзак часу ён прайшоў доўгую сцяжыну і
пакінуў пасля сябе яркі след, які ўсе мы яшчэ
абавязкова пабачым.
Вечная табе памяць, сябра!
Анатоль БРУСЕВІЧ, Міхаіл КАРНЕВІЧ
Андрэй
Пяткевіч
|
|
***
Вершы вечныя вечарам пішуцца.
Накрываю свой дах чарапіцаю.
Слоў каштоўных і велічных слоў.
Тут схаваю сябе ад аслоў. Сьпеюць мудрасьці
чорныя ягады.
Што прыйшлі з недарэчнага захаду.
Плынь нясе дум маіх карабель.
Паплыве ён ці сядзе на мель?
***
Не крычы на чырвоную птушку -
Гэта куля у сэрцы тваім.
А здаецца, якаясь калючка:
Толькі тоне над раніцай дым.
Не крычы на чырвоную птушку -
Не залечыць твой схованы боль.
Ў дамавіну не змесціш дзярушку,
Зло і мудрасць ляжаць на якой.
***
Вось і мінулі гады залатыя,
Зьніклі ў безлічы шэранькіх дзён.
Толькі над возерам елкі сівыя
Памятаць будуць казачны сон.
Плачуць хмурыны дожджыкам ціхім
Летнія вогнішчы сьпяць у душы.
І адляцела у вырай дзяцінства,
Ў пушчы пустыя стаяць шалашы.
***
Жыве душа, а зь ёй - надзея,
Што я сказаць яшчэ пасьпею
Сваё - таму Сьвятое - слова,
І што ня маю ў сэрцы Бога.
Але я веру - перамога
Запаліць вогнішча у цемры,
Дзе шчэ жывуць пачвары-цені.
***
Пачуў зязюлю. Сто рублёў ў кішэні.
Багатым стану і патраплю ў рай.
Зноў шчасьце буду чэрпаць поўнай жменяй
І раздаваць, хто прыйдзе ў Чорны Край.
Пачуў зязюлю. Значыцца на носе
Грыбное рэха, салаўіны сон.
А летні дзень спыніўся на парозе
І сонечны раскінуў парасон.
***
Пачатак лета. Так прыгожа
І так шчасьліва на душы.
Старой бабуляю Каложа
Стаіць ля Нёмна на мяжы.
А над Гародняй вежы-краны
Вартуюць сонечны прамень.
Нібы жаўрук, прачнуўся ранак.
А горад сьпіць - глухі, як пень.
***
А сёньня мне ўсьміхнуўся Дыяген -
Славуты кінік з доўгай барадою.
І я падняўся з схіленых кален,
Пайшоў, так як і ён, на волю.
Узяў ліхтар з яго старэчых рук
І запаліў, хоць сонейка сьвяціла.
А нада мной праклён гарланіў крук,
Але я ведаў - ёсьць другая сіла.
Сярод бяды і зорных прамянёў -
Атрутных прамянёў - я сьмела крочыў.
На сьцежцы - чалавечых чарапоў
Ляжала горба і глядзела ў вочы.
А потым я памёр між чорных сьцен,
За кратамі, ў крыві ўвесь і у болю.
Зь нябёсаў мне ўсьміхаўся Дыяген -
Славуты Кінік з доўгай барадою.
***
А тут жыве шчасьлівы Тагасьвет,
Ён піша вершы і чытае кнігі;
Мінулае разьбіў на крыгі,
І крочыць далей, гэты моцны дзед.
Няхай цячэ гарэлка і распуста,
Ізноў палітыка буяе у народзе
А Тагасьвет у маленькім агародзе
Вырошчвае выдатную капусту.
А Тагасьвет сьмяецца з дуракоў.
З прадажных графаманаў і паэтаў.
Вітае ён сваё пустое лета
І тчэ дыван з адчыненых шляхоў.
***
Гудуць у полі тэлеграфныя слупы -
Вятрыска грае на самотнай ліры.
Глядзіць у кнігу вечную сьляпы,
Бо зрок грахі вялікія пакрылі.
Дыміць дарога горкім палыном,
Паўзуць па ёй адчыненыя дзьверы.
І ўсё збываецца вар'яцкім нейкім сном,
Сном, у які мы несупынна верым.
***
Дваццаць чатыры - так шмат і так мала,
А сьмерць на парозе з касою стаіць.
Ды песьня мая нешчасьліва гучала,
І сёньня ўспамін аб мінулым баліць.
Няма больш ратунку, надзеі, сустрэчы
Схаваліся ў безьліч пакінутых дзён.
І дваццаць чатыры - згарэлі у печы
І зьніклі, нібыта растоптаны сон.
Мне дваццаць чатыры і Божая сьвечка
Напэўна патухне у грэшных руках.
А вершы - хіба ж пражывуць яны вечна.
Хаваю ў вачох неакрэсьлены страх.
***
Дзьверы былі зачынены.
Я адчыніў іх.
І на мяне зірнула
Вока жаху.
Але я за імі пасьпеў
Убачыць яшчэ адны дзьверы -
У іншы сьвет. |
***
Я п'ю з вачэй тваіх трывогу
І горкіх думак цішыню.
Я да цябе знайшоў дарогу,
І вось, зьбянтэжаны стаю. Няўжо яшчэ ня ўсё
сканала
У нашых думах і дамах?
Няўжо варожая навала
Не ўзгадавала ў сэрцы страх?
Я п'ю з вачэй тваіх надзею,
І роспач, як атруту п'ю.
У цемры шчасьце камянее,
Ды Бога зноўку я малю.
Малю аб вечным і бясконцым,
Малю аб промнях новых дзён,
Аб радасьці малю, аб сонцы,
Хачу, каб сьніўся гэты сон.
Я п'ю з вачэй тваіх натхненьне.
Пішу і плачу над сабой.
Ліхіх надзей цяжкія зьвеньні
Узмоцняць незабыты боль.
Пасьля начэй прыйшло сьвітаньне -
Расьпята сонца на крыжы.
Я п'ю з вачэй тваіх каханьне;
І мне так цяжка далей жыць.
***
Хай ня плача над лёсам хлапчук,
Не яго ў гэтым сьвеце віна.
Не адчуў ён пяшчотных рук,
Бацьку ж трэба бутэлька віна.
Ад віна адзін крок да віны,
Да бяды і няшчасьця крок.
Застаюцца ў сусьвеце адны,
Не ступіўшы на родны парог.
Хочаш плач, ці скачы, ці ідзі,
А жыцьцё неадступна адно.
Хоць вяроўку на шыю кладзі -
Шчасьця, браце, усе ж ня відно.
І ня ведаю, як апісаць,
Як дастануць малога з вады.
Адзінока закрэсьліць сьляза
Шлях ягоны ў нябыт праз гады.
***
Дзень і ноч пустая кніга
На стале маім ляжыць.
То завея, то адліга,
То надзеяў марных крыга
Прымушае далей жыць
На параненай мяжы.
***
Я п'ю маленькімі глыткамі
Шчымлівай роспачы віно.
І ўжо ня цешуся гадамі -
Усе яны пайшлі на дно.
Адзін у гэтым акіяне,
Дзе холад, жах і цемната.
Не прагнуў болей я змаганьня -
Сяджу адзін і п'ю "Агдам".
Душа нямее ў адзіноце,
Шукае выйсьце - ды няма.
І ў ашалелым карагодзе
Танцуе страшная зіма.
Застыла памяць над сьлядамі,
І сьцежкі ў хвалях ня відно.
Я п'ю маленькімі глыткамі
Атрутнай роспачы віно.
***
Упала на зямлю
Лістота медзякамі.
Гудзе на полі трактар.
Капаюць бульбу людзі.
І сонечны прамень
Прыйшоў праведаць нас.
Як ціха вечарамі
Ля вёскі і на ўзьлеску
А там растуць грыбы -
Маўклівыя ахвяры
Савецкіх неракет.
***
Галасы адзіноты -
Самыя лепшыя ў сьвеце.
Пагубляю клапоты,
Зьнікну ў сонечным леце.
Застануцца са мною
Сьветлыя мроі і думкі.
А бяда за бядою
Пойдзе ў іншым кірунку.
***
Туман схаваў
Сваім крылом
Дзівосны колер
Залатога лета.
І за першым
Верасьнёўскім днём
Зжаўцелы лес
Павіншаваў паэта.
***
Бывайце, сябры. Я паехаў
У чорны замкнуты Сусьвет,
Пакінуўшы вашы уцехі
На могілках шэрых плянэт
Зачынены дзьверы пакоя.
І змрочны стаіць манастыр.
Душа разьлілася ракою
Ды канула дзесьці у вір.
А вершы аддам толькі рэху,
Мне часам іх так не стае.
Бывайце, сябры. Я паехаў.
Сьляды пацалуйце мае. |