Гавіна асудзілі.
Палякі з Англіі адрэагавалі

Штраф у памеры 230 мінімальных заробкаў, што складае 115 мільёнаў рублёў, прысудзіў суддзя Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ярашэвіч старшыні Саюза палякаў Беларусі Тадэвушу Гавіну.

Старшыня СПБ быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 167 у частках першай і другой за ўжыванне плаката з надпісам "Замяталін, Бірукова, Ліс душаць польскую мову" падчас правядзення санкцыянаванага пікета яшчэ ў сакавіку, а таксама за правядзенне несанкцыянаванага пікета, аб якім наша газета паведамляла ў мінулым нумары.

Пасля таго, як суддзя С.Ярашэвіч азнаёміў Т.Гавіна і ягонага адваката з двума пратаколамі абвінавачвання, старшыня СПБ выказаў сваю нязгоду і аргументаваў тым, што названы вышэй плакат не можа абражаць гонар і годнасць чыноўнікаў паколькі менавіта яны парушаюць Законы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь адмаўляючы польскай меншасці на Беларусі рэалізоўваць свае правы. Спадар Гавін зазначыў, што мае для гэтага дакументальныя доказы і гатовы прадаставіць іх суду.

Адвакат Святлана Жукоўская, у сваю чаргу, запатрабавала правядзення філалагічнай экспертызы надпіса на плакаце. Аднак судом гэта было адвергнута. Урэшце, суддзя зачытаў свой прыгавор.

Як зазначыў Тадэвуш Гавін, на такі штраф яму давядзецца працаваць восем месяцаў, пры гэтым нічога не піць і не есці. Старшыня СПБ пракаментаваў такое рашэнне як абразу беларускага правасуддзя. Ён і надалей застаецца перакананым, што на лаву падсудных павінны сесці тыя самыя чыноўнікі: Замяталін, Бірукова і Ліс.

На наступны дзень у суд вышэйшай інстанцыі спадаром Гавіным была пададзена скарга адносна вынесенага да яго рашэння Ленінскім судом Гродна. Падчас судовага працэсу ў зале акрамя мноства польскіх і беларускіх журналістаў прысутнічаў генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Беларусі Сільвестар Шостак.

Яшчэ праз тыдзень Т.Гавiн атрымаў копiю лiста, якi Польскае згуртаванне ў Велiкабрытанii накiравала беларускаму паслу ў Лондане Уладзіміру шчаснаму. У лiсце, напiсаным па-англiйску, выказваецца пратэст з прычыны затрымання старшынi СПБ i судовай расправы, што яму пагражае. Трэба дадаць, што лiст быў напiсаны за некалькi дзён да таго, як адбыўся разгляд справы ў судзе.

"На працягу васьмi гадоў, з таго часу, як Беларусь атрымала незалежнасць, спадар Гавiн змагаецца за культурныя i адукацыйныя правы моцнай польскай суполкi на Беларусi, - гаворыцца ў лiсце. - Ён таксама заўсёды падкрэслiваў неабходнасць добрых адносiнаў памiж Беларуссю ды Польшчай, якiя ў згодзе iснавалi ды культурна ўзаемадзейнiчалi доўгi час".

"Судовая расправа над Т.Гавiным кiдае цень на дэмакратычную будучыню Беларусi. Гэтая спроба запалохвання польскай суполкi пярэчыць двухбаковаму пагадненню па справах нацыянальных меншасцяў, падпiсаных памiж гэтымi краiнамi. Мы ўпэўненыя, што суд над Т.Гавiным - гэта адначасова вялiкая памылка i акт несправядлiвасцi, якi не варты Беларусi".

Беларускi пасол даслаў адказ, у якiм далiкатна падзякаваў за лiст i спаслаўся на недахоп iнфармацыi па гэтаму пытанню. З гэтай прычыны ён накiраваў лiст у Мiнск. "Тым не менш, - пiша У.Шчасны, - хачу Вас запэўнiць, што беларускiя ўлады робяць усе намаганнi, каб задаволiць патрабаваннi ўсiх этнiчных груп на Беларусi, наколькi дазваляюць эканамiчныя сродкi".

Дарэчы, Згуртаванне палякаў у Велiкабрытанii ўключае ажно 83 польскамоўныя культурныя, сацыяльныя i адукацыйныя арганiзацыii, што iснуюць у гэтай краiне. Згуртаванне уваходзiць у Еўрапейскую раду польскiх арганiзацый, сябрам якой з'яўляецца i Саюз палякаў на Беларусi.

Iнга АСТРАЎЦОВА,
Міхаіл КАРНЕВІЧ

Реклама: