Як у Гародні "здавалі" Радзіму

 

10-12 мая, як вядома, у нашым горадзе адбудзецца чарговая сесія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Што ўтвораць гэтым разам так званыя інтэгратары ў нашым гістарычным горадзе пакуль дакладна невядома. Мы, ў сваю чаргу, напярэдадні гэтых падзей яшчэ раз нагадваем нашым чытачам аб тым, што больш за 200 гадоў зрабілі іх папярэднікі ў нашай Гародні. Наступствы тых далёкіх падзей - наша сённяшняе гаротнае жыццё. Няўжо яшчэ раз нашаму гораду давядзецца перажыць такія ж прыкрыя гістарычныя дні?

 

Даўно заўважана, што гісторыя паўтараецца. Падзея, што некалі адбылася як трагедыя, на новым вітку развіцця грамадства можа з'явіцца ў выглядзе фарсу. Праўда, у мінулым Беларусі мы часцей сустракаемся з нейкімі змешанымі жанрамі, накшталт, трагіфарсу, які паўтараецца амаль у нязменным выглядзе.

У весну 1793 г. у Гародню з'язджаліся дэпутаты сейма Рэчы Паспалітай (Рэспублікі). Якраз у нашым горадзе, у Каралеўскім палацы яны павінны былі разглядзець чарговыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі і Прусіі на беларускія і польскія землі. 20 гадоў таму Расія, Прусія і Аўстрыя ўжо пажывіліся за кошт нашай Рэспублікі. Расія, у прыватнасці, захапіла ўсходнюю Беларусь, дзе пачала насаджаць уласныя парадкі. Да сейма 1793 г. кіруючыя колы Расіі і Прусіі падрыхтаваліся добра. Праблему караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які адмаўляўся ехаць на сейм, вырашылі з дапамогай грошай. Расія паабяцала выплаціць усе даўгі караля варшаўскім яўрэям. Гэтага было дастаткова, каб Панятоўскі згадзіўся прыехаць у Гародню. Тыя ж самыя грошы адыгралі галоўную ролю пры выбранні дэпутатаў. Дарэчы, яшчэ загадзя дыпламаты Расіі і Прусіі дамагліся ад урада Рэспублікі прыняцця закона, які адсунуў ад выбараў прыхільнікаў канстытуцыі 3 мая 1791 г., найбольш энергічных абаронцаў незалежнасці краіны. Падчас выбараў агенты Расіі і Прусіі адкрыта куплялі галасы выбаршчыкаў. Пазней гісторыкі падлічылі, што выбаршчык у Беларусі і Літве "каштаваў" у сярэднім 200 рублёў, а ў Польшчы - 400. Тыя, хто ўзяў грошы, галасавалі за дэпутатаў з расійскага і прускага спіскаў. З пункту погляду Расіі і Прусіі выбары прайшлі паспяхова. Вядомых прыхільнікаў суверэнітэту (апазіцыянераў) ў сейме не было. Задаволеныя расійскі і прускі ўрады выдзялілі значную суму грошай на арганізацыю банкетаў як дадатковай падзякі для выбаршчыкаў. Гэта была сапраўды "брацкая шчодрасць!" Пакуль выбаршчыкі бавілі час на банкетах, дэпутаты выбіраліся да Гародні.

Сейм распачаў сваю працу напрыканцы сакавіка. Але нечакана для тых, хто "заказваў музыку", выйшла пэўная замінка. Нават купленыя і падабраныя дэпутаты не жадалі выконваць прызначаныя для іх ролі ў спектаклі пад назвай "Гарадзенскі сейм". Магчыма яны разумелі, што гісторыя не сканчаецца сённяшнім днём, што непазбежна наступіць дзень заўтрашні, і нашчадкі назавуць рэчы сваімі імёнамі. Між іншым, здрадніка назавуць здраднікам, і пракляцце падзе на ўвесь ягоны род.

Дэпутаты не спяшаліся задавальняць прэтэнзіі Расіі і Прусіі. Зрэшты, Расія ўсё ж такі свайго дамаглася адносна хутка. Цэнтральная Беларусь далучылася да каланіяльных уладанняў расійскіх імператараў. А вось патрабаванні Прусіі сустрэлі значна больш моцны супраціў. Наступіла восень, а пастановы сейма, патрэбнай захопнікам усё яшчэ не было.

Нарэшце, прыйшоў час рашаючага паседжання, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай "нямога". Расія і Прусія прынялі надзвычайныя меры. Многія дэпутаты атрымалі "падарункі" (хабар) ад расійскага і прускага паслоў. Многім паабяцалі ўзнагароды пры ўмове прыняцця адпаведнай пастановы. Некаторых дэпутатаў арыштавалі і вывезлі з горада. У Гародню, якая ўсё яшчэ заставалася горадам Рэчы Паспалітай, былі ўведзеныя расійскія войскі. Жыхарам забаранілі выходзіць на вуліцы. Батальён расійскіх грэнадзёраў з гарматамі запоўніў падворак Каралеўскага палаца. Дэпутаты, якія ішлі на паседжанне, бачылі як у руках артылерыстаў дымяцца запаленыя фітылі.

Калі дэпутаты занялі свае месцы ў зале паседжанняў Каралеўскага палаца, дзверы зачыніліся, і каля іх стала ўзброеная варта. Афіцэр заявіў, што нікога не выпусцяць пакуль не будзе прынята патрэбная пастанова. У зале ўжо знаходзіліся рускія афіцэры. Генерал Раўтэнфельд выказаў жаданне сесці побач з каралём, бо таму, нібыта, пагражала небяспека.

Гэтае насілле і запалохванне выклікалі абурэнне часткі дэпутатаў. Яны доўгі час проста зрывалі паседжанне. Сакратар сейма, які павінен быў прачытаць праект пастановы аб падзеле краіны, ніяк не мог гэтага зрабіць. Усе спробы пачаць чытанне былі марнымі, бо дэпутаты ўздымалі неверагодны шум. Яны крычалі, свісцелі, пляскалі ў далоні. Усё сціхала, як толькі сакратар сядаў на месца. Усхваляваны генерал звярнуў увагу караля на недапушчальнасць такіх паводзін. Кароль адказаў, што не можа ўказваць дэпутатам, як яны павінны сябе паводзіць. Так мінуў дзень. Увечары генерал загадаў унесці сена ў залу. Маўляў, будзеце тут начаваць, калі не прымеце пастановы. Але нічога не змянілася. У перапынках паміж спробамі сакратара агучыць пастанову, дэпутаты драмалі. Усё скончылася толькі а чацвёртай гадзіне раніцы. Генерал Раўтэнфельд загадаў увесці ў залу салдат. Гэта моцна напалохала прысутных. Сакратар, нарэшце, здолеў дачытаць да канца праект пастановы. Маршалак Беліньскі, адзін з памагатых Расіі, распачаў галасаванне. Адказам на ягоныя заклікі выказаць свае адносіны да пастановы было маўчанне. Трохі пачакаўшы, маршалак не без урачыстасці ў голасе, прамовіў: "Пастанова прынята аднагалосна!" Дэпутаты маўчалі. Гэтым фарсам і закончыўся Гарадзенскі сейм, апошні сейм Рэспублікі.

На наступны дзень некаторыя дэпутаты пратэставалі. Але гэтыя пратэсты зацікавілі толькі гісторыкаў. Справа была зроблена. Па суверэнітэту Рэспублікі быў нанесены амаль смяротны ўдар. З аднаго боку, насілле і грошы, з другога - адсутнасць адзінства, страх, абыякавасць і здрада вызначылі лёс Рэспублікі.

Але ў краіне былі людзі, здольныя не толькі на пісьмовы пратэст. Сапраўдным адказам на гэты гвалт было паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. На жаль, яго падтрымала толькі частка грамадства. Большасць насельніцтва Рэспублікі даволі абыякава ўспрыняла звестку пра канчыну ўласнай дзяржавы. У 1795 г. Рэч Паспалітая перастала існаваць. У тым самым гарадзенскім Каралеўскім палацы апошні кароль падпісаў акт, якім ён адмаўляўся ад улады.

Дзіўна, але гісторыя першай Рэчы Паспалітай на гэтым не закончылася. Дзяржава, якая знікла, галоўным чынам таму, што аказалася непатрэбнай для большасці яе жыхароў, раптоўна адрадзілася ў свядомасці нашчадкаў як ідэя, як мэта жыцця і змагання. Рэспубліка з'явілася як казачная птушка Фенікс з попелу.

Амаль уся гісторыя Польшчы, Беларусі і Літвы ХІХ - пачатку ХХ ст. напоўнена няспыннай барацьбой за вяртанне сваёй дзяржавы. Вось асноўныя вехі гэтай барацьбы: паўстанне 1794 г., паўстанне 1830-1831 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі, паўстанне 1863-1864 гг. Фактычна кожнае пакаленне брала ў рукі зброю, каб вярнуць тое, што продкі маўкліва аддалі ворагу. Колькі ахвяраў унесла гэтая барацьба!

10 сакавіка 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні быў павешаны расійскімі карнікамі адзін з кіраўнікоў паўстання Кастусь Каліноўскі. Гэты чалавек не належаў да катэгорыі "маўклівых змагароў". Ён маўчаў толькі на допытах. У ноч перад смерцю асуджаны папрасіў пяро і паперу. Узрадаваныя следчыя далі ўсё, бо вельмі спадзяваліся атрымаць інфармацыю. Але Каліноўскі пісаў не для іх. У сваіх "Лістах з-пад шыбеніцы" ён развітаўся з беларускай зямлёй і пакінуў запавет-зварот да беларускага народу. Каліноўскі заклікаў працягваць барацьбу за свабоду, бо без яе ніколі не будзе ў людзей нармальнага чалавечага жыцця.

Ранкам наступнага дня Каліноўскі стаяў пад шыбеніцай. І ў гэтыя апошнія хвіліны жыцця ён быў мацнейшым за карнікаў, мацнейшым нават за смерць. Чыталі прысуд, а асуджаны (быццам не яго вешаюць!) выказваў свае заўвагі. Яго забілі, але яго не зламалі. Адкуль браліся сілы? Можа іх нараджала разуменне, што барацьба не скончаная, і ён застанецца ў памяці нашчадкаў як сімвал барацьбы або як дакор сумленню.

У святле падзей ХІХ - пачатку ХХ ст. "нямое" паседжанне Гарадзенскага сейма 1793 г. выглядае як сапраўдная трагедыя, можа, з асобнымі элементамі фарсу. А вось стан суверэнітэту сучаснай Рэспублікі, гарантам якога з'яўляецца прэзідэнт, пакуль больш нагадвае фарс з элементамі трагедыі.

Чалавечая гісторыя часам крочыць дзіўнымі шляхамі. Перамогі пэўных палітычных сілаў, якія не ўлічваюць тэндэнцый гістарычнага развіцця альбо ўпарта ігнаруюць іх, заўсёды абарочваюцца паражэннем. Але колькі чалавечых намаганняў, колькі трагічных лёсаў суправаджае непазбежны працэс вяртання да такіх чалавечых каштоўнасцяў, як свабода і незалежнасць! Веданне свайго мінулага павінна дапамагчы нам не наступіць другі раз "на граблі". І будзем спадзявацца, што Гародня больш ніколі не будзе горадам, у якім "здавалі" сваю дзяржаву.

Алесь Смалянчук

 

 

Реклама: