гісторыя і культура

НАШ ЗЯМЛЯК МАРЦIН ПАЧОБУТ-АДЛЯНIЦКI

Не ўсе, мабыць, ведаюць, што iмя выдатнага беларускага асветнiка i гуманiста, вядомага вучонага Марцiна Пачобута-Адлянiцкага непасрэдна звязана з Гродна. Нават паходзiць ён з вёскi Саломенка (маёнтак Пачобуддзе), што ў 20 км на поўдзень ад нашага горада. Адметна,што зусiм побач - трохi больш за 10 км - вёска Лаша, месца нараджэння славутага акадэмiка Я.Ф.Карскага (1861-1931).

Дасюль ад Пачобуддзя захаваўся адзiн мураваны дом i некалькi падмуркаў, ды яшчэ шматлiкiя помнiкi сваякоў i нашчадкаў асветнiка на могiлках у Iндуры.

 

Марцiн Пачобут-Адлянiцкi. Лiтаграфiя Грэн'ера з партрэта, якi захоўваецца ў археалагiчным музеi Вiльнi.

Нарадзiўся Марцiн Пачобут-Адлянiцкi 30 верасня 1728 г. у збяднелай шляхецкай сям'i. Першапачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскай хаце, дзе i прайшло яго ранняе дзяцiнства. Калi хлопчыку споўнiлася 10 гадоў, бацькi ўладкавалi яго ў гродзенскi езуiцкi калегiўм, дзе ён правучыўся з 1738 па 1745 год (па iншых дадзеных з 1740 па 1745).

 

У 17-гадовым узросце насуперак волi бацькоў уступiў у ордэн езуiтаў i адбыў у Вiльнi двухгадовы навiцыят. Навучанне працягваў у Слуцкай педагагiчнай семiнарыi i ў Полацкiм езуiцкiм калегiўме, дзе займаўся граматыкай, тэалогiяй i фiласофiяй. У 1753-1754 гг. вывучаў фiласофiю ў Вiленскай езуiцкай акадэмii (cучасны Вiленскi унiверсiтэт). Тут у iм абудзiлася дзiцячая цiкавасць да зорнага неба i ён на ўсё жыццё захапiўся астраномiяй.

Сярод лiцвiнаў - насельнiкаў тагачаснай Лiтвы (сёння гэта Брэстчына, Гродзеншчына i частка Мiншчыны), мабыць з паганскiх часоў, ужывалiся сваеасаблiвыя назвы свяцiлаў i сузор'яў. Што з паэтычнай дакладнасцю зафiксавана ў славутай паэме Адама Мiцкевiча "Пан Тадэвуш" (пераклад Бранiслава Тарашкевiча):

***
"Ужо процi месяца зорка адна i другая
блiснула; ужо тысячы, ужо мiльён iх мiргае.
Кастор з сваiм братам Палюксам найболей яснелi,
Калiсь у славян празываныя: Лелi й Палелi;
Цяпер жа дзве братнiя зоркi iнакш ахрысцiлi:
Каронай адну, а другую Лiтвою манiлi...
На поўначы свецiцца круг таго зорнага Сiта,
што бог праз яго (гэтак кажуць) прасеяваў жыта,
як з неба кiдаў ён для нашага бацькi Адама,
калi праз грахi зачынiлася райская брама.
А крышачку вышай свяцiўся, к яздзе ўжо гатовы,

дышлом да Палярнае зоркi, там Воз Давiдовы...".

Кастор i Палюкс - самыя яскравыя зоркi сузор'я Блiзняты i таму вельмi адметна, што iх старажытнаславянскiя паэтычныя назвы Лель i Палель мясцовыя жыхары пасля ўтварэння ў 1569 годзе Рэчы Паспалiтай змянiлi на патрыятычныя Карона (Польшча) i Лiтва (Вялiкае княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае - ВКЛ). Сiтам называлi сузор'е Плеяды, а Давыдаў Воз, вiдавочна, - Вялiкую Мядзведзiцу. А што тычыцца Цмока, то яго абрысы нагадваюць Левiяфана - велiзарную рыбу, якой, паводле старажытнаяўрэйскiх вераванняў, павiнны былi насыцiцца веруючыя... Безумоўна, паэтычнасць i хараство народных i бiблейных паданняў, роўна як таямнiчасць i прыгажосць cамiх нябесных свяцiлаў чаравалi i прываблiвалi Марцiна з маленства. А непасрэднае захапленне астраномiяй як навукай адбылося ў яго пад уплывам беларускага астранома, ураджэнца Дзятлава Тамаша Жэброўскага (1714-1758), якi з 1752 г. выкладаў у Вiленскай Акадэмii матэматыку i астраномiю i пачаў будаўнiцтва абсерваторыi па ўласнаму праекту.

 

Новы замак у Гродне, дзе адбыўся апошнi сойм Рэчы Паспалiтай (1793) i трэцi падзел Рэчы Паспалiтай (1795). Тут часта бываў М.Пачобут-Адлянiцкi, наведваючы былога вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага Станiслава Аўгуста Панятоўскага.

 

У 1755 г. для ўдасканальвання ведаў Марцiн Пачобут-Адлянiцкi накiраваўся ў Пражскi унiверсiтэт. Вярнушыся на радзiму ў 1756, працягваў займацца тэалогiяй i астраномiяй. У 1761 атрымаў ступень бакалаўра тэалогii i зноў выяхаў за мяжу для праходжання астранамiчнай практыкi (абсерваторыi Марселя, Авiньёна i Неапаля). Вынiкi яго першых астранамiчных назiранняў былi часткова надрукаваны французскiм астраномам Э.А.Палiянам у кнiзе "Мiрны дагавор памiж Дэкартам i Ньютанам" (1763). Некаторы час М.Пачобут-Адлянiцкi выкладаў матэматыку, астраномiю i грэчаскую мову ў Полацку. З 1764 г. наш зямляк зноў у Вiленскай езуiцкай Акадэмii. Спачатку атрымаў тут тытул магiстра фiласофii i вольных навук (1764), стаў прафесарам i выкладчыкам грэчаскай i лацiнскай моваў, а неўзабаве i астраномii (у 1766 надрукаваў брашуру аб зацменнi Месяца, а у 1767 афiцыйна атэстуецца як каралеўскi астраном). У хуткiм часе яго астранамiчная дзейнасць набывае cусветную вядомасць. Доказам гэтага з'яўляецца абранне нашага земляка ў 1770 г. сябрам Каралеўскага навуковага таварыства ў Лондане.

 

Былы кляштар езуiтаў у Гродне, у якiм месцiўся езуiцкi калегiум, дзе вучыўся М. Пачобут-Адлянiцкi
Зараз тэрыторыя гродзенскай турмы, у якой палiтычны вязень (1927-30 гг.) Бранiслаў Тарашкевiч пераклаў "Пана Тадэвуша" на беларускую мову
З фотаздымку 1885 г.

 

А ў 1778 г. ён становiцца сябрам-карэспандэнтам Парыжскай АН. Прычым, ў гэтых навуковых установах да 1789 года ён з'яўляўся адзiным прадстаўнiком навукоўцаў з Рэчы Паспалiтай.

З 1765 г. М.Пачобут-Адлянiцкi быў абсерватарам (узначальваў астранамiчную абсерваторыю, якая была пабудавана ў 1753 па праекту Т.Жэброўскага; у 1766 г. завяршыў апрацоўку экстэр'ера абсерваторыi, што дазволiла яму параўноўваць яе з Грынвiчскай абсерваторыяй; у 1788 па яго даручэнню архiтэктар М.Кнакфус узвёў з паўдзённага боку абсерваторыi асобную прыбудову для вялiкага квадранта Рамсдэна). Такiм чынам, пад кiраўнiцтвам нашага зямляка абсерваторыя набыла сусветнае значэнне. Тут вялiся штодзённыя астранамiчныя назiраннi, фiксаванне становiшча планет Сонечнай сiстэмы, Месяца, удакладненне элементаў руху нябесных цел, становiшча сузор'яў. Адпаведныя запiсы з 1769 па 1808 гг. вялiся М.Пачобутам-Адлянiцкiм i яго вучнямi на французскай мове. Захавалiся яго "Журналы назiранняў" (з 1772 па 1806 гг.; 34 тамы, якiя зараз захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургскiм архiве Расейскай АН).

Марцiн Пачобут-Адлянiцкi арганiзаваў даследваннi сонечных плям, даследваў перамяшчэнне камет, вывучаў зацменнi кольцаў Сатурна i спадарожнiкаў iншых планет, значную ўвагу надаваў вывучэнню сузор'яў Быка i Скарпiёна, астэроiдаў.Найбольшы вынiк далi яго спробы вызначыць размяшчэнне Меркурыя: дакладнасць назiранняў нашага земляка дазволiла французскаму астраному Ж.Ж.Лаланду выкарыстаць iх пры складаннi новых астранамiчных таблiц.

Пасля злiквiдавання ордэна езуiтаў у 1773 г. пачала працаваць Адукацыйная камiсiя, якая пераняла ад ордэна кiраўнiцтва навучальнымi ўстановамi, у тым лiку i Вiленскай акадэмiяй. Секулярызацыя Акадэмii i яе перабудова ў Галоўную школу ВКЛ, пачатыя ў 1773 г., стварылi прадумовы адкрыцця фiзiка-матэматычнага факультэта i астранамiчнага аддзяленняў (1774-76), а пазней (1780-81) медычнага i прыродазнаўчага факультэтаў. Як член Адукацыйнай камiсii наш зямляк шмат зрабiў для арганiзацыi i фiнансавання астатняга, у тым лiку пераводу выкладчыкаў, студэнтаў, абсталявання i бiблiятэкi з Гродзенскай медычнай школы (акадэмii). Вядома, што наконт гэтага ён вёў перамовы з яе кiраўнiком Ж.Э.Жылiберам у Гродна.У 1780 г. наш зямляк становiцца рэктарам вiленскай езуiцкай Акадэмii. На гэтай пасадзе ён разгарнуў самую разнастайную арганiзацыйную, навуковую i асветнiцкую дзейнасць. На пачатку 1781/1782 навучальнага года рэктар М. Пачобут-Адлянiцкi ў сваёй афiцыйнай прамове абвясцiў аб рэарганiзацыi Акадэмii ў Вышэйшую школу ВКЛ i аб увядзеннi медычнай спецыяльнасцi (у 1797 г. Вышэйшая школа ВКЛ была перайменавана ў Вiленскую Галоўную школу).

 

Загарадная рэзiдэнцыя Станiслава Аўгуста Панятоўскага Аўгустова (чарцёж галоўнага фасада). Не захавалася.

 

М.Пачобут-Адлянiцкi - заснавальнiк астранамiчнай школы. Сярод яго вучняў знакамiтыя астраномы Я.Снядэцкi, А.Стрэцкi, М. Глушневiч, П. Смыслоў, В. Карчэўскi). Падтрымлiваючы iдэю мноства сусветаў, падзяляючы гiпотэзу аб iх планетнай будове, ён фактычна лiчыў правiльнай распрацаваную Мiкалаем Капернiкам гелiяцэнтрычную сiстэму будовы свету, прымаючы адначасова ўдзел у дыскусiях па вызначэннi паняцця "Бог".

Пра навуковую каштоўнасць астранамiчных даследванняў школы М.Пачобута-Адлянiцкага Ж.Ж.Лаланд напiсаў у сваёй кнiзе "Астранамiчная бiяграфiя разам з гiсторыяй атраномii, ад 1781 да 1802" (1803), дзе, у прыватнасцi, адзначыў адкрыццё Марцiнам Пачобутам-Адлянiцкiм новага сузор'я Цяльца Панятоўскiх (хутчэй за усё - зорнай асацыяцыi, але на той час гэтага паняцця яшчэ не было).

9 жнiўня 1773 г. М.Пачобут-Адлянiцкi разам з Ю.Мiцкевiчам i А.Стжэцкiм зрабiлi ў "Журнале назiранняў" запiс пра дзесятак новых, "дастаткова прыгожых зорак": "Шчыт Сабескага, якi ззяе побач з iншымi зоркамi абуджае ў нас жаданне на прыкладзе вялiкага польскага астранома аддаць належнае славе нашага гасудара." I называюць самую яскравую зорку новага "сузор'я" Цялец Каралеўскi). Гэтае адкрыццё было зацверджана Парыжскай АН у 1778 i ўключана ў каталаг Фламстэда.

У 1793 годзе Марцiн Пачобут-Адлянiцкi арганiзаваў даследваннi сонечнага зацмення адразу ў некалькiх кропках зямнога шару: Вiльнi, Варшаве, Кракаве i iнш. Разам з Янам Снядэцкiм (1756-1830), на той час прафесарам Кракаўскага ун-та (пазней, у 1807-1815 гг. рэктар Галоўнай школы ў Вiльнi), назiраў зацменне Сонца ў Аўгустова - загараднай рэзiдэнцыi Cтанiслава Аўгуста Панятоўскага пад Гродна (зараз гэта раён вулiц Вольгi Соламавай i Рэпiна). Пры гэтым былi вызначаны геаграфiчныя каардынаты Гродна. Вынiкi iх працы надрукаваны пад назовам "Разлiк Гродзенскiх назiранняў зацмення Сонца, якi быў праведзены Пачобутам i Снядэцкiм 3 верасня 1793 года".

Напярэдаднi зацмення наш зямляк напiсаў спецыяльныя працы па тлумачэнню сонечных зацменняў, руху планет, распавёў пра выкарыстанне матэматычных метадаў у астраномii.

 

Ян Снядэцкi.
Гравюра на медзi
Антона Аляшчынскага
(1830) па малюнку
Б.Клембоўскага.

 

Трэба адзначыць, што сонечнае зацменне 1793 года адбывалася пад час бадай што самых драматычных падзей, звязаных з апошнiм соймам Рэчы Паспалiтай, якi адбываўся ў Гродзенскiм Новым замку. Якраз за тыдзень да гэтага, 2 верасня, начальнiк расейскага гарнiзона ў Гродне атрымаў загад захапiць выхады з гораду i галоўныя вулiцы, акружыць салдатамi Новы замак, а 24 верасня ў 3 гадзiны 30 хвiлiн ночы пры ўсеагульным "мёртвым" маўчаннi паслоў Сойма быў зацверджаны другi падзел Рэчы Паспалiтай.

М.Пачобут-Адлянiцкi адкрыў у Вiльнi 4-хгадовую школу падрыхтоўкi настаўнiкаў i выпрацаваў праект "Таварыства лiтаратаў у Вiльнi", якi даслаў каралю 22 верасня 1773 г. У тым жа годзе распрацаваў праект заснавання ў Вiльнi таварыства накшталт Акадэмii навук, якi прадугледжваў развiццё як фундаментальных тэарэтычных канцэпцый, так i канкрэтных ведаў у галiне геаметрыi, механiкi, земляробства, анатомii i iншых навук.

У 1794 г., пад час паўстання пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касцюшкi, наш зямляк быў cябрам Часовага рэвалюцыйнага ўрада Лiтоўскай правiнцыi.

Вядомы ён i як аўтар класiчных одаў. Так, на адкрыццё Галоўнай школы iм была напiсана ода, у якой асноўнымi ўмовамi развiцця грамадства названы ўсямернае развiццё асветы i навукi i адмаўленне ад разбуральных войнаў. Яго iмем названы кратэр на адваротным баку Месяца. У мiжваенны перыяд у Гродна была вулiца Пачобута (зараз вул. Стаханоўская, што памiж вул. Касцюшкi i Мендзялеева).

Аб Марцiне Пачобуце-Адлянiцкiм нагадвае Адам Мiцкевiч у паэме "Пан Тадэвуш".Кнiга восьмая "Наезд" (пераклад Б.Тарашкевiча):

***

"...I я астраномii cлухаў два лета
У Вiльнi; Пузынiха, мудра й багата кабета,

даход свой з сяла аддала, блiзка дваста штось хатаў,
на закуп тых шклоў, тэлескопаў i розных прыладаў;
тады абсерватарам быў ксёндз Пачобут, муж слаўны,
астронам i рэктар усёй акадэмii спраўны,
у канцы ж тэлескоп свой пакiнуў i катадру тую,
вярнуўся ў кляштар, у цэлю манаску цiхую
й памёр там прыкладна. Я знаюся тож iз Снядэцкiм,
i ён чалавек дужа мудры, хаця сабе й свецкi."

Памёр Марцiн Пачобут-Адлянiцкi 20 лютага 1810 года ў Дынабургу (зараз Даўгаўпiлс, Латвiя).

Алесь Госцеў
Усе здымкi з асабiстых збораў аўтара

Реклама: