ЗАБЫТЫ БІСКУП

У ліпені спаўняецца 60 гадоў з дня смерці былога Віленскага біскупа (1904-1907) і Магілёўскага арцыбіскупа (1917-1919) Эдварда барона фон дэр Ропа. Асоба гэтага чалавека заслугоўвае вяртання з забыцця.

Дзень 1 кастрычніка 1906 г. быў урачыстым днём для каталікоў Гародні. Пасля працяглага перапынку, абумоўленага антыкаталіцкай палітыкай расійскіх уладаў, горад наведаў Віленскі біскуп. Асоба біскупа Эдварда барона фон дэр Ропа прыцягвала да сябе асаблівую ўвагу сучаснікаў. Вартая яна і ўвагі нашчадкаў.

Біскуп, які належаў да старажытнага нямецкага шляхецкага роду, нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1851 г. Праз тры гады бацька (Юлій Роп) атрымаў баронскі тытул. Маці належала да старажытнага польскага роду Плятэраў. Менавіта яе ўплывы вызначылі выхаванне Эдварда. Ён закончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага універсітэту, паступіў на службу ў Сенат. Перад ім адкрывалася магчымасць бліскучай чыноўнічай кар'eры. Але малады чалавек рашуча змяніў свой лёс. Ва ўзросце 28 гадоў ён паступіў у Ковенскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1886 г. атрымаў духоўны сан каплана, а ў 1902 г. узначаліў Ціраспальскую дыяцэзію. У чэрвені 1904 г. стаў Віленскім біскупам. У бурлівых падзеях рэвалюцыі 1905-1907 гг. у Беларусі і Літве Эдвард Роп з'яўляўся адной з цэнтральных фігур нацыянальнага, рэлігійнага і палітычнага жыцця краю.

Якраз ён у лютым 1906 г. стварыў першую ў гісторыі Беларусі і Літвы легальную палітычную партыю - Канстытуцыйна-Каталіцкую партыю Літвы і Беларусі. Яе праграма грунтавалася на прыярытэце духоўных хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія ў палітычнай сферы змыкаліся з дэмакратычнай ідэалогіяй, і краёвым (беларуска-літоўскім) патрыятызме. Апошні прадугледжваў развіццё культур усіх народаў Беларусі і Літвы. Вось што, у прыватнасці, прапаноўвала праграма: "Усе народы павінны мець роўныя грамадзянскія і палітычныя правы, у т.л. права карыстацца сваёй мовай у публічным жыцці, права адчыняць школы, таварыствы і арганізацыі для захавання і развіцця сваёй мовы і культуры". І далей: "Жыхары кожнай мясцовасці павінны мець права атрымання пачатковай адукацыі, а калі дазваляюць мясцовыя ўмовы, то і сярэдняй адукацыі, на сваёй роднай мове". Эдвард Роп, немец па паходжанню, паляк па выхаванню, быў сапраўдным ліцвінам і сапраўдным патрыётам свайго беларуска-літоўскага краю. Ён зразумеў тое, што не могуць (ці не жадаюць) зразумець некаторыя сучасныя беларускія чыноўнікі. Развіццё культур усіх народаў, для якіх Беларусь стала Радзімай, з'яўляецца падмуркам будучага росквіту краіны і нашым сапраўдным скарбам.

Эдвард Роп, падобна, быў першай высокай афіцыйнай асобай у 20 ст., якая загаварыла пра правы беларускай мовы. Ужо ў верасні 1905 г. біскуп загадаў законанастаўнікам выкладаць беларускім дзеткам рэлігію на іх роднай мове. У адным са сваіх афіцыйных пасланняў ён пісаў: "Беларуская мова мае поўнае права на існаванне і развіццё, а таму павінна вывучацца нароўні з велікарускай мовай... Беларуская мова не павінна мець перашкод для свайго развіцця..." У цыркуляры, які быў адрасаваны настаўнікам, Эдвард Роп прапанаваў ім весці навучанне беларускіх дзетак у народных школах па-беларуску. Ён быццам нагадваў беларусам, што іх мова, іх культура не горшая за культуру іншых еўрапейскіх народаў. Звяртаючыся да каталіцкага духавенства, біскуп Эдвард заяўляў пра ненармальнасць атаясамлівання каталіцкай веры з польскай мовай і нацыянальнасцю. "Каб не быць паланізатарам беларусаў, - пісаў ён, - пры тлумачэнні дзецям ісцін веры трэба карыстацца беларускай мовай". На жаль, большасць каталіцкага духавенства не падзяляла сімпатыі біскупа да беларускай мовы. Касцёл заставаўся аплотам польскасці.

Нацыянальную і рэлігійную талерантнасць, ідэі дэмакратызацыі грамадскага і палітычнага жыцця Э. Роп адстойваў і на трыбуне Дзяржаўнай думы, у якую быў абраны дэпутатам ад Віленскай губерніі. Ён першым сказаў праўду пра Беластоцкі пагром (1906), арганізаваны расійскай паліцыяй і войскамі. Біскуп увайшоў у Клуб Аўтанамістаў, створаны менчуком Аляксандрам Лядніцкім, і выступаў за аўтаномію беларуска-літоўскага краю. Эдвард Роп падтрымаў думскі зварот у абарону свабоды слова і веравызнання.

Ён быў смелым чалавекам і не хаваў сваіх думак. Гэта прызнавалі і яго праціўнікі. Адзін з іх, чыноўнік віленскай губернскай канцылярыі Андрэй Станкевіч, пісаў пра біскупа: "Он оказался с самого начала, очевидно, по крови предков-феодалов, бойцом, только не в шлёме и латах, а в тоге политического трибуна. Притом бойцом активным, не обороняющимся, а нападающим. И таким остался до конца". "Наш крыжак", - называлі яго мясцовыя беларуска-літоўскія палітыкі. Расійскія ўлады і ў Вільні, і ў Пецярбургу былі моцна незадаволеныя. Вылучыўшы Эдварда Ропа на пасаду біскупа, яны разлічвалі на арыстакратызм і кансерватызм прадстаўніка нямецкага роду. Актыўная пазіцыя біскупа ў абароне свабоды веравызнання і краёвы (беларуска-літоўскі) патрыятызм былі для расійскіх чыноўнікаў непрыемным сюрпрызам. Тое, што рабіў біскуп, цалкам супярэчыла палітыцы русіфікацыі, імкненню ўладаў не дапусціць сапраўднай дэмакратызацыі грамадства.

Улады "прынялі меры". Спачатку былі забароненыя сходы Канстытуцыйна-Каталіцкай партыі. Потым чыноўнікі "паклапаціліся", каб біскуп не быў абраны дэпутатам ІІ Думы. І, нарэшце, у кастрычніку 1907 г. яго выклікалі ў сталіцу, там пазбавілі пасады, і нават не дазволілі вярнуцца ў Вільню. Некаторы час Эдвард Роп жыў у Пецярбургу, а потым яму было дазволена пасяліцца ў братавым маёнтку Нішча на Віцебшчыне. Пакідаць маёнтак было строга забаронена. За біскупам быў устаноўлены жандарскі нагляд. Наведваць яго маглі толькі сваякі.

Эдвард Роп амаль 10 гадоў правёў у ізаляцыі. Яго становішча змянілася толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі і звяржэння царызму. Часовы Урад вярнуў яго на пасаду Віленскага біскупа, а летам 1917 г. Эдвард Роп быў прызначаны Магілёўскім арцыбіскупам, фактычным кіраўніком каталіцкай царквы ў Расіі. Рэзідэнцыя арцыбіскупа знаходзілася ў Петраградзе. Досыць хутка новы арцыбіскуп выбраўся ў паездку па ўсходняй Беларусі. Ён зноў выказаў свае сімпатыі да беларусаў і заахвочваў каталіцкае духавенства звяртацца да народу на яго роднай мове. У многіх парафіях Віцебскай і Магілёўскай губ. набажэнствы ў касцёлах па загаду біскупа і ў яго прысутнасці вяліся па-беларуску.

Падчас наведвання Эдвардам Ропам ў Дзісне адбыўся першы з'езд каталіцкага духавенства і вернікаў Дзісненскага дэканату. У сваёй прамове кіраўнік каталіцкай царквы ў Расіі казаў пра неабходнасць адраджэння беларускай культуры. Ён выказаў шкадаванне, што лепшыя сыны Беларусі рознымі гістарычнымі абставінамі былі змушаныя працаваць дзеля чужых народаў. Пры гэтым яны страчвалі сваё аблічча беларуса і забывалі родную мову. Арцыбіскуп выказаў надзею, што ў беларусаў хопіць сіл і магчымасцяў як найхутчэй арганізаваць свае беларускія школы, бо "ніякі народ не зможа дайсці да высокай культуры без друку і школы ў сваёй роднай мове".

Між тым у Петраградзе ўладу захапілі бальшавікі. Дзяржаўны пераварот, які здзейсніла партыя Леніна, развязаў у краіне грамадзянскую вайну. У гэтай небяспечнай сітуацыі Эдвард Роп не схаваўся за сценамі касцёлу. Ён выступіў супраць палітыкі бальшавікоў. З амвону касцёлу св. Кацярыны ў Петраградзе арцыбіскуп казаў праўду пра "чырвоны тэрор", які крывёю заліў усю краіну. Святару адкрыта пагражалі забойствам, але ён не замаўчаў. І сапраўды, як можна маўчаць, калі ў краіне дзеля ўладарных амбіцый і ідэалагічнага задавальненя некалькіх "правадыроў" груба парушаюцца законы, калі людзей, якія толькі-толькі пачалі адчуваць смак свабоды, зноў ператвараюць у бесславеснае быдла, калі нават паветра напоўнена страхам і хлуснёй.

Пасля забойства бальшавікамі аднаго з іерархаў праваслаўнай царквы каталіцкі арцыбіскуп выдаў адозву з асуджэннем бальшавіцкага тэрору. А на пачатку 1919 г. ён паспрабаваў стварыць па ўсёй Расіі парафіяльныя камітэты, якія б супрацьстаялі беззаконню бальшавікоў.

Эдвард Роп быў арыштаваны Петраградскай ЧК увесну 1919 г. Яго кінулі ў турму, рабілі допыты кожны дзень, пагражалі забойствам. Ён павінен быў падзяліць лёс, растралянага бальшавікамі, кіраўніка праваслаўнай царквы патрыярха Ціхана, але не загінуў. Бальшавікі зрабілі жыццё арцыбіскупа прадметам гандлю. З весны 1919 г. яны вялі тайныя перамовы з польскім урадам пра падпісанне мірнага дагавора коштам беларускай зямлі. Між іншым абмеркавалі і лёс арцыбіскупа. Увосень 1919 г. ён быў перададзены польскім уладам узамен за дазвол бальшавіку Карлу Радэку праехаць праз тэрыторыю Польшчы, каб з Германіі вярнуцца ў Савецкую Расію.

Эдвард Роп пасяліўся ў Варшаве. Ён не меў нянавісці да краіны, якая фактычна выгнала яго. Арцыбіскуп добра разумеў, што сабой уяўляюць бальшавікі, і да чаго можа прывесці іх далейшае панаванне. Ён імкнуўся падзяліць лёс народаў Расіі і вёў перамовы з наркомам замежных справаў Чычэрыным пра сваё вяртанне. Аднак бальшавіцкі ўрад вярнуцца не дазволіў. Калі ў Паволжы распачаўся голад, Эдвард Роп стварыў Камітэт дапамогі галадаючым. Па-ранейшаму яго хваляваў лёс Беларусі і Літвы. Неаднаразова святар выступаў супраць палітыкі нацыянальнай асіміляцыі, якую ў адносінах да беларусаў і ўкраінцаў праводзіў урад ІІ Рэчы Паспалітай. Эдвард Роп асуджаў нацыянальны эгаізм партыі Рамана Дмоўскага, якая задавала тон гэтай палітыцы. Памёр Эдвард фон Роп летам 1939 г. У 1983 г ягоны прах быў перавезены ў Катэдральны касцёл Беластока. Так, ужо пасля смерці гэты чалавек амаль вярнуўся ў беларуска-літоўскі край, на сваю Радзіму.

Сваёй пазіцыяй па нацыянальных і рэлігійных праблемах Эдвард Роп працягваў традыцыю талеранцыі. Яна з'яўляецца адной з галоўных каштоўнасцяў беларускай гісторыі, і якраз, абапіраючыся на яе, трэба будаваць міжэтнічныя і міжканфесійныя адносіны ў краіне. Памяць пра Эдварда фон Ропа - гэта яшчэ і даніна мужнасці чалавеку, гатоваму да канца стаяць за праўду. А гэтага так не хапае сучасным беларусам.

Алесь Смалянчук

Реклама: