Гародня і пачатак Вялікага Княства Літоўскага

Пасля паведамлення пра вялікі пажар 1183 г. горад надоўга, больш чым на паўстагоддзя, знікае з поля зроку усходнеславянскіх летапісцаў. Да 1252 г. няма нават ніводнай узгадкі пра горад, не кажучы ўжо аб якой-небудзь інфармацыі пра мясцовыя падзеі. Тым не менш мы дакладна ведаем, што горад у той цёмны час існаваў і нават перажываў час росквіту. Археалагічныя раскопкі засведчылі мірнае і спакойнае жыццё гарадзенцаў у канцы 12 - першай палове 13 ст., а таксама пашырэнне тэрыторыі горада ад Старога замку ў бок сённяшняй Савецкай плошчы і ўздоўж Нёмана, там, дзе знаходзіцца вуліца Падольная (сёння самая старажытная назва вуліцы ў нашым горадзе).

Храністы і летапісцы суседніх краінаў зноў зацікавіліся Гародняй у сувязі з новымі і надзвычай важнымі падзеямі на Панямонні, у якіх гарадзенцы прымалі самы непасрэдны ўдзел. Гаворка ідзе пра пачатак утварэння ў Верхнім і Сярэднім Панямонні новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, доўгі час па прычынах далёкіх ад навукі за гарадзенцамі не прызнавалі актыўнай ролі ў гэтым працэсе. Паводле афіцыйнай расійска-савецкай гістарыяграфіі якраз у той "цёмны" час (першая палова 13 ст.) Гародня была захоплена літоўскімі феадаламі і прыгняталася імі (а пазней яшчэ і польскімі панамі) ажно пяць стагоддзяў, пакуль яе не вызваліў старэйшы расійскі брат. Гэтую казачную гісторыю ўводзілі ў галовы гарадзенцаў праз усе падручнікі і школы ад пачатковай да вышэйшай, так доўга і старанна, што нарэшце амаль ўсіх пераканалі ў яе праўдзівасці. Чаму так рабілі расійскія, а потым савецкія ўлады, зразумець няцяжка. Заваяваным народам лягчэй кіраваць, калі адабраць у яго гістарычную памяць.

Між тым, варта прачытаць усяго толькі некалькі стронак Галіцка-Валынскага летапісу - аўтэнтычнага дакумента 13 ст., які лічыцца асноўнай крыніцай па праблеме ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, каб адчуць сур'ёзныя сумненні ў падобнай інтэрпрытацыі тагачасных гарадзенскіх падзеяў. Цікавасць складальніка гэтага летапісу да Гародні была выклікана тым, што Галіцка-Валынскае княства (буйнейшая на той час дзяржава на Русі) актыўна ўдзельнічала ў панямонскіх справах, стараючыся захаваць свае ўплывы на мясцовыя гарады-дзяржавы, найперш Наваградак, Гародню, Ваўкавыск і Слонім. Самыя ж гэтыя гарады падтрымлівалі мясцовую дынастыю балцкага паходжання - спачатку Міндоўга і яго сына Вайшэлка, потым Трайдэна.

Першая пасля сямідзесяцігадовага перапынку ўзгадка пра Гародню ў 1252 г. звязана з паходам на Панямонне валынскага войска на чале з князем Васількам Раманавічам і яго пляменнікам Раманам - сынам вядомага Данілы Раманавіча. Менавіта гэты знакаміты князь - першы і апошні кароль Галіцка-Валынскай Русі выслаў брата і сына на чале войска, якое і "узяло Горадзен". Праз шэсць гадоў (1256 г.) той жа Даніла Раманавіч зноў арганізоўвае паход на наш горад ("захацелася яму ісці да Горадна" - паведамляе летапісец). Нападам з боку валынянаў падвяргаліся і іншыя мясцовыя гарады: Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў). Валынскія князі такім чынам імкнуліся выбіць з-пад ног маладой дзяржавы галоўную яе апору - багатыя беларускія гарады Панямоння.

Узнікае пытанне, чаму мясцовыя славянскія гарады падтрымлівалі язычніка Міндоўга і яго наступнікаў і ваявалі супраць сваіх праваслаўных аднаверцаў і этнічна блізкіх русінаў - валынянаў? Адказ вельмі просты - так нашыя продкі разумелі свой грамадскі інтарэс. Мясцовая дынастыя балцкага паходжання больш адпавядала іхнім жыццёвым патрэбам, чым далёкія валынскія князі, хай сабе і аднаверцы. Гісторыя на сотнях і тысячах прыкладаў вучыць нас, што жыццёвыя матэрыяльныя інтарэсы для людзей бываюць важней за ўсведамленне этнічнага ці нават кроўнага сваяцтва. Пра тое, што гарадзенцы (як і іншыя гарады на Панямонні) зрабілі свой выбар цалкам свядома і дабраахвотна выдатна сведчыць летапіс Галіцка-Валынскай дзяржавы. Гародня цвёрда стаіць за князем-язычнікам, не адчыняе вароты перад аднаверцамі-валынянамі, мужна ад іх бароніцца і часам пераходзіць у наступ.

Па загаду вялікага князя літоўскага Трайдэна гарадзенскае войска ноччу на самы Вялікдзень у 1275 г. захапіла і жорстка зруйнавала горад Драгічын (зараз на тэрыторыі Польшчы) - уладанне галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча ("Трайдзеній паслаў гараднянаў, загадаў узяць Дарагічын... узялі на самы вялікдзень, пабілі ўсіх ад мала да вяліка") У адказ князь Леў, выклікаўшы на падмогу татараў, захапіў і зруйнаваў умацаваны пасад Наваградка (паводле даных археалагічных раскопак ад таго часу пачаўся доўгі заняпад жыцця ў гэтым раёне Наваградка).

Абараняць Гародню ад валынска-татарскіх войскаў дамапагалі перасяленцы з Прусіі - прусы і барцяне, якія ўцяклі ад нямецкіх крыжакоў і з дазволу вялікага князя Трайдэна пасяліліся ў ваколіцах горада. У 1277 г. галіцка-валынскае войска разам з татарамі зноў ідзе сюды вайной. Адзін з валынскіх атрадаў апярэдзіў асноўныя сілы і размясціўся на начлег па дарозе ад Ваўкавыска да Гародні ("ляглі на ноч, і без варты, і даспехі свае паздымалі"). Валынскі летапісец паведамляе далей, што нехта збег ад атрада да горада і сказаў гараджанам: "маўляў, людзі ляжаць на сяле без парадку. Прусы і барцяне, выехаўшы з горада, ударылі на іх ноччу і пабілі іх усіх, а іншых схапілі і павялі ў горад". Назаўтра да месца падзеі падыйшло асноўнае валынскае войска. Да князя прыбег адзін з тых, хто здолеў уратавацца "нагі і босы" (а справа была зімой - А.К.) і пачаў апавядаць, што пабітыя ўсе баяры Мсціслава і Льва, і слугі ўсе пабітыя, а іншыя схопленыя". Валынскае войска падышло да Гародні і ўбачыла: "... слуп каменны высокі стаяў перад варотамі горада і ў ім заселі прусы і нельга было прайсці паўз іх да горада, бо пабівалі з таго слупа". Аднак валынянам удалося захапіць абарончую вежу , што выклікала жах сярод абаронцаў горада. Тым не менш гарадзенскі замак валыняне узяць не змаглі, таму пачалі мірныя перамовы. Дамовіліся на тым, што здымуць аблогу, калі гарадзенцы вернуць палонных. "Атрымалі сваіх баяраў, а гораду нічога не зрабілі, так і вярнуліся васваясі".Так жыццё горада аказалася звязаным з лёсамі Вялікага Княства Літоўскага ад самых пачаткаў гэтай дзяржавы. Няма ніякага сумнення, што гарадзенцы самыя выбралі гэты лёс і падзялялі яго да апошніх дзён існавання Вялікага Княства. Тое, што выбар гэты быў не выпадковай справай, не данінай часовым выгодам Гародня даказала ўжо ў 80-я гады 13 ст., калі стала адной з галоўных апораў маладой дзяржавы ў барацьбе з новым страшным ворагам - Тэўтонскім ордэнам.

Сёння ў горадзе захоўваецца шмат напамінкаў аб той дзяржаве: дакументы і рэчы ў гісторыка-археалагічным музеі, само архітэктурнае аблічча сённяшняга гістарычнага цэнтра (сетка вуліц, жылыя дамы і храмы) склалася менавіта тады - ў эпоху Вялікага Княства. А пра паўтаравекавую вайну з крыжакамі засталося вельмі многа сведчанняў у зямлі на падворку старога замка. Археолагі знайшлі тут наканечнікі арбалетных стрэлаў, фрагменты даспехаў, каменныя ядры ад катапультаў, дэталі баявых арбалетаў, пахаванні загінуўшых абаронцаў.

Дасціпныя работнікі музея на Старым замку склалі дзве кучкі з гэтых вялікіх каменных ядраў 14-15 стст. каля ўваходу ў музей прама пад жэрламі бронзавых гармат 18 ст., чым прымусілі некалькі пакаленняў гарадзенцаў ламаць галаву над наступнай праблемай: як такія вялікія ядры заганялі ў такія малыя жэрлы гармат?! Прызнаюся, што Ваш аўтар у школьныя гады, таксама разважаў над гэтай праблемай кожны раз, калі наведваў музей. Спатрэбіліся сур'ёзныя шматгадовыя заняткі гісторыяй каб нарэшце з ёй справіцца, пра што з радасцю тут і дакладаю ...

Алесь Краўцэвіч

Реклама: