Заняўшы вялікакняскі пасад у 1392 г. у выніку Астроўскага пагаднення з Ягайлам, Вітаўт атрымаў агромністую, але раз'яднаную краіну, падзеленую на княствы - удзелы яго дзядзькоў і братоў - князёў Гедымінава роду. Вялікі князь быў толькі першым сярод князёў Гедымінавічаў. Аб'яднаўшы свае сілы, двое ці трое з іх маглі на роўных выступіць супраць гаспадара, як калісьці бацька Вітаўта Кейстут з дзядзькам Альгердам аб'ядналіся і выгналі са сталіцы свайго брата вялікага князя Яўнуту.
За кароткі час Вітаўт карэнным чынам памяняў унутраную раскладку сілаў у краіне. Ён ліквідаваў буйныя ўдзелы, якія кіраваліся амаль незалежна ад Вільні. Адных князёў-супернікаў прывёў да пакоры ўзброенай рукой, другіх абыграў дыпламатычнымі сродкамі. Буйныя ўдзелы-княствы былі ліквідаваныя, іх гаспадары пераведзеныя на драбнейшыя ўдзелы ў розных кутках краіны. Напрыклад, кіеўскі князь Уладзімір быў выведзены з Кіева і атрымаў узамен мястэчка Копыль пад Менскам.
Той сёй з князёў развітаўся з жыццём, як галоўны супернік Вітаўта, родны брат польскага караля Ягайлы, Скіргайла. Перыпетыі супрацьстаяння Вітаўта і Скіргайлы нагадваюць такую ж гісторыю, якая адбывалася ў Францыі на шэсцьдзесят гадоў пазней. Кароль Людовік XI адчайна змагаўся са сваім васалам герцагам Бургундыі Карлам Смелым. Вынік быў аднолькавы і ў нас і там: у Францыі сюзэрэн перамог, а васал развітаўся з жыццём у патрэбны момант.
Менавіта пры Вітаўце ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося ўзвышэнне некаторых баярскіх родаў - будучых магнатаў, якія верна служылі вялікаму князю. Вітаўт шчодра іх адорваў і не сумняваўся ў адданасці - самы багаты баярын, у адрозненні ад князёў роду Гедыміна, не мог нават марыць аб суперніцтве з вялікім князем.
Менавіта Вітаўт прыняў і пасяліў на Беларусі першыя жыдоўскія абшчыны - гэтыя сапраўдныя рухавікі эканомікі. Адначасова ён прывёў з пераможнага крымскага паходу ў канцы 14 ст. некалькі дзесяткаў тысяч татараў і таксама пасяліў іх у Заходняй Беларусі і Летуве. Захаваўшы веру продкаў, татары засвоілі беларускую культуру і мову і верна служылі новай радзіме. Ад нашых татараў па ўсёй Еўропе быў уведзены новы від лёгкай кавалерыі - уланы.
Будучы вялікі князь пачынаў сваю дзяржаўную кар'еру ў Гародні. Калі яму было 27 гадоў (Вітаўт нарадзіўся каля 1350 г.) бацька выдзеліў са сваіх заходнебеларускіх уладанняў Гарадзенскае княства. Ад таго часу Вітаўт надоўга звязаў свой лёс з Гародняй і Гарадзеншчынай. Тутэйшыя жыхары прынялі яго, прызналі сваім князем і захоўвалі вернасць нават у самыя цяжкія і неспрыяльныя моманты жыцця Вітаўта, нават калі ён быў выгнанцам і знаходзіўся на тэрыторыі варожай ордэнскай дзяржавы ў Прусіі.
Не выпадкова пад час уцёкаў з падзямелляў Крэўскага замка, куды яго кінуў Ягайла, Вітаўт перш за ўсё накіраваўся на Гарадзеншчыну. Той глухой ноччу восенню 1382 г., калі ён выбраўся з ледзяной вады абарончага рову Крэўскага замка, на беразе яго чакалі слугі і коні, прысланыя з нашай старонкі ваўкавыскім цівуном.
Вітаўт вельмі шмат зрабіў для нашага горада і тагачасныя гарадзенцы гэта разумелі і цанілі (у адрозненні ад іхніх нашчадкаў). Вялікі князь збудаваў наш Стары замак на месцы драўляных умацаванняў 12-13 стст. Летапісы паведамляюць, што драўляны гарадзенскі замак быў знішчаны страшэнным пажарам, у якім ледзь не загінуў сам Вітаўт. Князя і яго сям'ю ўратавала ручная малпа, якая, спалохаўшыся агню, кінулася на ложак да гаспадара, абудзіла яго і той паспеў уратавацца сам і вывесці жонку з дзецьмі. Вось пасля гэтага пажару па загаду Вітаўта і быў узведзены мураваны гатычны замак - адзін з самых магутных і непрыступных у краіне.
Тое, што мы бачым на Старым замку сёння - гэта той самы замак Вітаўта, толькі моцна панішчаны, шмат разоў перабудаваны і падрамантаваны. Пад тоўстымі слаямі розначасовай тынкоўкі, пад познімі цаглянымі аблямоўкамі архітэктары-рэстаўратары ўсё роўна натыкаюцца на тыя вітаўтавыя муры 14 ст., яны - аснова гэтага ўнікальнага помніка беларускай архітэктуры. Праўдзівы выгляд замка Вітаўта гісторыя захавала, дзякуючы гравюры Гародні 1568 г., на якой ён паўстае на пярэднім плане ва ўсёй суровай красе і непрыступнасці.
На куце Савецкай плошчы і вуліцы Замкавай сёння знаходзіцца незабудаваная пляцоўка, ці то сквер, ці то пустка, таксама звязаная з імем Вітаўта. Да 1961 г. тут стаяў касцёл - знакамітая "фара Вітаўта". Гэты выдатны помнік беларускай готыкі (узарваны камуністамі ў 1961 г.) быў збудаваны ў 80-я гады 16 ст. ці праз паўтары сотні гадоў пасля смерці вялікага князя. Аднак ён паўстаў на месцы сапраўднай драўлянай "фары Вітаўта", фундаванай вялікім князем ў канцы 14 ст. - першага касцёла ў Гародні, таму і захаваў ранейшую назву.
Гэтая драўляная фара Вітаўта знаходзілася на самым краі тагачаснага горада. Менавіта пры Вітаўце Гародня пачала паступова разрастацца далей ад берага Нёмана ў кірунку сённяшняй вуліцы Маркса і універмага на вуліцы Савецкай, уздоўж Гараднічанкі, дзе пры Вітаўце ўзнік жыдоўскі квартал. Традыцыйна прынята лічыць, што пачаткам жыдоўскага кагала (абшчыны) ў Гародні быў прывілей Вітаўта ад 1385 г., якім гарадзенскі князь дазволіў жыдам пасяліцца ў горадзе. І сёння яшчэ некаторыя гісторыкі спасылаюцца на гэты дакумент, хоць ужо гадоў пятнаццаць, як даследчыкі даказалі, што гэта фальшыўка, створаная ў 16 ст. тымі ж жыдамі. Гаспадарамі пляцаў па вуліцы Замкавай у 16 ст. ужо былі скрозь адныя жыды і яны імкнуліся падцвердзіць даўнасць сваіх правоў на гэтую зямлю, абапіраючыся на аўтарытэт Вітаўта.
Палітычная кар'ера гарадзенскага князя складвалася няпроста. Пасля смерці вялікага князя Альгерда распачалася барацьба за ўладу ў дзяржаве між яго сынам Ягайлам і бацькам Вітаўта старым Кейстутам. Хітры Ягайла завабіў Кейстута (роднага дзядзьку) ў пастку, схапіў яго разам з сынам Вітаўтам (з якім Ягайла сябраваў з малых гадоў) і пасадзіў іх у падзямелле Крэўскага замка. Кейстут жывым адтуль не выйшаў, Вітаўт жа ўцёк, перапрануты ў жаночае адзенне, перабраўся ў Прусію і распачаў вайну з Ягайлам за бацькаву спадчыну. У гэтай барацьбе гарадзенцы засталіся вернымі свайму князю.
У 1389 г. Вітаўт сабраў у Гародні сваіх прыхільнікаў, каб пачаць адваёву вялікакняскай кароны. У 1390 г. горад аблажылі польскія войскі на чале з Ягайлам. Гарадзенскія замкі абаранялі мясцовыя воі з дапамогай крыжацкага атрада на чале з комукрам Марквадам фон Зальцбахам. Вітаў спяшаўся сюды з Прусіі, вёў войска і прыпасы. Была вясна, Нёман ўжо быў свабодны ад лёду, але палякі не давалі Вітаўту пераправіца да горада. Тады той загадаў перацягнуць ланцуг ад левага берагу прама пад падэшву Верхняга (Старога) замку, каб перапраўляць па ім людзей і прыпасы. Аднак палякі пусцілі па цячэнню вялізныя дрэвы, якія парвалі ланцуг. Войска Вітаўта так і не здолела пераправіцца, замак здаўся пасля некалькіх месяцаў аблогі.
Але ў наступным годзе войска Вітаўта акружыла гарадзенскі замак, у якім Ягайла пакінуў польскі атрад і залогу з мясцовых баяраў. Падчас абстрэлу замка з гармат (яны не маглі прабіць сцены) гарадзенскія воі накінуліся на палякаў, павязалі іх і адкрылі браму перад сваім князем.
Вітаўту ў яго вайне з Ягайлам дапамагалі нямецкія крыжакі. Ім патрэбна было аддзячваць. Вітаўт дазволіў немцам збудаваць тут свой замак - на левым беразе Нёмана, насупраць Старога. Яго назвалі Нойенгарден (Новая Гародня). Аднак пасля замірэння з Ягайлам у 1392 г. вялікі князь адразу ж паспяшаўся пазбавіцца ад гэтага небяспечанага суседства. Акружыўшы крыжацкі замак, ён прымусіў немцаў здацца, а сам замак спаліў. Напэўна, гэты эпізод нямецкай прысутнасці ў Гародні стаў адной з падставаў для немцаў доўгі час лічыць горад сваім. У апошнюю вайну пад час нямецкай акупацыі Гародня з ваколіцай была аддзелена ад астатняй Беларусі і ўключана непасрэдна ў склад рэйха.
Перабраўшы ўсе вядомыя дэталі той сярэднявечнай гісторыі, даводзіццца прызнаць, што дзейнасць Вітаўта ў Гародні зрабіла мацнейшы ўплыў на далейшае развіццё горада, на фармаванне яго планіроўкі і знешняга вобліку. Несумненна, гарадзенскі князь заслугоўвае, каб галоўная плошча (сённяшняя Савецкая) насіла яго імя (дарэчы, яна і з'явілася пры Вітаўце). Несумненна, на гэтай плошчы павінен стаяць яго помнік (пажадана конная статуя, каб было не горш чым у астатняй Еўропе).
На жаль, сёння ў Гародні няма ні вулачкі яго імя, ні нават памятнай шыльды, у адрозненні, напрыклад, ад Фелікса Дзяржынскага, які, здаецца, адну толькі ноч у нас і начаваў. Паводле савецкіх падручнікаў (а цяпер найноўшых) гісторыю Беларусі трэба пачынаць з 1917 г. Які там Вітаўт, якое 14 ст.?! Як кажа адзін менскі прафесар - пачытаўшы тыя падручнікі, прыходзіш да высновы, што з 14 ст. беларусы ведалі, што 25 кастрычніка 1917 г. адбудзецца Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, таму з усіх сілаў стараліся злучыцца з рускім народам, каб разам праз гэтую рэвалюцыю вызваліцца ад усялякіх прыгнётаў.
Маю надзею, што хутка прыйдзе іншы час і мы зноў павернемся тварам да Еўропы, успомнім пра сваю еўрапейскую гісторыю. Успомнім і пра тое, што нас і нашу краіну ў кола буйнейшых еўрапейскіх дзяржаваў увёў вялікі князь Вітаўт у пачатку 15 ст. - на трыста гадоў раней, чым гэта зрабіў з Расіяй цар Пётр I.
Алесь Краўцэвіч
Реклама: