гісторыя і культура
Люблінская унія

1 ліпеня 1569 года на сойме ў Любліне была заключана ўнія, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб'ядналася з Каронай Польскай у адну дзяржаву. Больш двухсот гадоў нашы продкі жылі ў складзе гэтага шматэтнічнага аб'яднання. 1569 год стаў адной з самых значных дат у гісторыі Беларусі. Навукоўцы звычайна адлічваюць ад яго новы этап у гістарычных лёсах беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Унія паміж суседнімі краінамі аказала значны ўплыў на стан спраў ва ўсёй Еўропе. На мапе з'явілася новая дзяржава - Рэч Паспалітая, адна з самых вялікіх і магутных.

Гісторыя збліжэння ВКЛ і Кароны бярэ свой пачатак з 1385 г., калі яны ўпершыню аб'ядналіся на аснове дынастычнай уніі - на чале стаяў адзін манарх. Тым не менш краіны захоўвалі сваю палітычную і культурную асобнасць. Неаднаразовае аднаўленне ўніі (у 1401, 1413, 1447, 1501, 1503 і ў іншыя гады) сведчыць, па-першае, аб яе нетрываласці, і, па-другое, аб наяўнасці такіх умоў, якія пастаянна падштурхоўвалі дзяржавы да збліжэння. На працягу больш паўтары стагоддзя пытанне пра ўнію займала галоўнае мейсца ў польскай дыпламатыі. Што да ВКЛ, то ў ХV-ХVІст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні з Масквой, тым больш правячая вярхушка схілялася да аб'яднання з Каронай.

Асабліва востра пытанне аб уніі паўстала ў 60-я гады ХVІ ст., калі ў ВКЛ абвастрыўся ўнутрыпалітычны крызіс, а няўдачы ў Лівонскай вайне (1558-1582) і, у прыватнасці, страта Полацка ў 1563 г. паставілі яго на грань палітычнай і ваеннай катастрофы. Гэта вайна, як адзначалі пазней польскія палітыкі, прыгнала ВКЛ да ўніі з Каронай, зрабіла беларуска-літоўскую шляхту больш падатлівай у пытанні аб новым дзяржаўным саюзе.

Адна з важных прычын паўстання ўніі 1569 года - супярэчнасці ў пануючым саслоўі ВКЛ: паміж магнатэрыяй (багатай шляхтай) і шляхтай сярэдняй ды дробнай. Элітарнае магнацтва мела амаль неабмежаваную ўладу і адціскала шляхту на другі план. У Кароне на той час шляхта ўжо мела "залатыя вольнасці", доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Літоўская, беларуская і ўкраінская шляхта жадалі зраўняцца з ёй у правах і прывілеях, атрымаць верх над магнатэрыяй, заняць вядучую ролю ў сваёй дзяржаве. Дасягненне гэтых мэтаў яна звязвала з заключэннем уніі з Каронай. Супрацьстаянне магнацтва і шляхты ў 60-я гады стала адкрытым. Удзельнікі сойму, што адбыўся пад Віцебскам у 1562 годзе, звярнуліся да Вялікага князя і караля Польскага Жыгімонта ІІ з прашэннем "учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіралі, мелі агульную абарону, супольна саймікавалі і права аднолькавае ўжывалі". Каб неяк кансалідаваць грамадства, збіць прапольскія настроі шляхты, урад ВКЛ пайшоў на значную мадэрнізацыю ўнутранай палітыкі. Пастановай 1563 года былі ўраўнены ў правах праваслаўная і каталіцкая шляхты. Паводле судовай рэформы 1564 г. уводзіліся мясцовыя суды, у якіх галоўную ролю адыгрывала шляхта. Гэтыя захады магчыма мелі б поспех, калі б не драматычнае знешнепалітычнае становішча краіны, моц якой была паслаблена вайной.

Польшча сама дамагалася ўніі з княствам, у якой ёй бачыўся багаты тэрытарыяльны прыдатак. Ідэі паглынання княства атрымалі распаўсюджанне сярод пэўных колаў польскай шляхты напярэдадні заключэння дамовы. Далучэнне новых зямель прываблівала магчымасцю атрымання новых багаццяў, пасад, узнагарод. Перадлюблінскі час вызначаецца разгулам шавіністычных настрояў у Польшчы, узмоцненай каталіцкай прапагандай на заходніх землях Беларусі і Украіны, прыгранічнымі непаразуменнямі.

Польскім каралем і Вялікім князем літоўскім у гэты трывожны час быў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Ён не меў патомства і не мог ужо на яго спадзявацца. На ім магла перарвацца дынастыя Ягелонаў, якая злучала сабой гэтыя дзве дзяржавы. Польскія палітыкі баяліся, што пасля яго смерці княства абярэ для сябе асобнага гаспадара. Трэба было своечасова зрабіць больш адпаведную часу сувязь паміж дзяржавамі. Жыгімонт згадзіўся з гэтым і пачаліся перамовы аб новым саюзе.

Урад ВКЛ і кіруючыя колы Кароны прапаноўвалі розныя умовы злучэння дзяржаў. Літоўска-беларускія феадалы хацелі абмежавацца ваенна-палітычным саюзам, які б захаваў незалежнасць і самастойнасць княства. Прадстаўнікі Польшчы стаялі за першынство іх краіны і скасаванне незалежнасці княства.

На працягу 1564-1568 г.г. справа ўніі абмяркоўвалася на чатырох соймах. Кожны бок цвёрда стаяў на сваім. Для канчатковага вырашэння пытання быў назначаны з'езд у Любліне на 23 снежня 1568 года. Паслы ВКЛ, сярод якіх было шмат магнатаў - праціўнікаў уніі, адчуваючы, што абставіны складваюцца не на іх карысць, збіраліся памалу, нехаця, іншыя і зусім не прыехалі, жадаючы ўхіліцца ад удзелу ў ракавой справе. 10 студзеня 1569 г., праз два тыдні пасля прызначанага тэрміну, сойм быў адкрыты. На яго прыбылі Жыгімонт ІІ і каля 160 паслоў і сенатараў Кароны і ВКЛ, якія на працягу шасці драматычных месяцаў абмяркоўвалі самую важную дзяржаўную справу.

... Бурныя дэбаты працягваліся ўжо каля двух месяцаў. Найбольш актыўна супрацьдзейнічалі падпісанню ўніі дэлегаты княства - канцлер і Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, падканцлер Астафій Валовіч, жамойцкі стараста Ян Хадкевіч. Калі яны бачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння ўніі на непрымальных для сваёй дзяржавы ўмовах, то ў знак пратэсту ў ноч на 1 сакавіка пакінулі Люблін, жадаючы сарваць перамовы. Перад ад'ездам яны падалі каралю свае ўмовы уніі.

Аднак ад'езд дэлегатаў княства аказаўся іх палітычнай памылкай. Гэта выклікала моцнае абурэнне польскага боку. Паслы працягнулі абмеркаванне справы і склалі пункты інкарпарацыі княства. Пры падтрымцы польскіх паслоў Жыгімонт ІІ, скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча краіны, фактычна здзейсніў акт дзяржаўнай здрады - незаконна, насуперак сваім абяцанням і прысягам аб захаванні цэласнасці тэрыторыі ВКЛ, 5 сакавіка ён выдаў універсал аб далучэнні да Польшчы Падляшша з гарадамі Беласток, Бельск, Драгічын на Бузе, Мельнік. Такімі ж незаконнымі актамі, без згоды сойма, былі адарваны ад княства і далучаны да Польшчы Валынь (25 мая), Падолле (1 чэрвеня), Кіеўшчына (5 чэрвеня). Пад пагрозай страты пасад і прывілеяў, канфіскацыі маёмасці ўкраінскіх паслоў прымусілі пагадзіцца на анэксію іх радзімы і прысягнуць на вернасць польскаму каралю. ВКЛ панесла цяжкія тэрытарыяльныя страты. Гэта быў моцны ўдар па магутнасці дзяржавы, якая і без таго была падарвана стратай часткі беларускіх зямель у Лівонскай вайне. Ісці на ваенны канфлікт з Польшчай у тых умовах яна не магла.

Супрацьпраўныя акты Жыгімонта, разбурэнне адзінага фронта барацьбы за незалежнасць княства з-за пазіцыі ўкраінскіх паслоў зламала супраціўленне беларуска-літоўскіх магнатаў. У чэрвені на пагрозлівы выклік ад караля паслы вярнуліся ў Люблін, дзе пратэставалі супраць далучэння спрадвечных зямель княства да Польшчы, патрабавалі адмяніць указы 5 сакавіка - 5 чэрвеня, прапаноўвалі адкласці абмеркаванне справы да наступнага сойму. Невядомы аўтар "Дзённіка Люблінскага сойму" апавядае, што 28 чэрвеня Хадкевіч, Радзівіл і іншыя беларуска-літоўскія паслы з плачам кінуліся на калені перад Жыгімонтам, просячы яго не губіць княства і не аддаваць яго ў "лясную няволю", а "давесці да канца справу так, каб яна не цягнула за сабой заняволення і ганьбы нам і нашым нашчадкам". Але кароль загадаў ім без лішніх размоў і прамоў прыняць унію. Зразумеўшы безысходнасць становішча, яны пайшлі на згоду.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт уніі. У той жа дзень паслы ВКЛ і Польшчы былі прыведзены да прысягі на вернасць ёй. Як сведчыць відавочца, першыя чыталі тэкст прысягі, абліваючыся слязьмі.

Сутнасць заключанага саюза была, ці дакладней, павінна была быць у тым, што "каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ўяўляюць сабой ужо адно нераздзельнае і недзялімае цела, а таксама не асобную, але агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвух дзяржаў і народаў". Новаўтвораная дзяржава атрымала назву Рэч Паспалітая.

Унія была заключана на наступных умовах. Злучаныя дзяржавы маюць аднаго гаспадара, які носіць тытул "кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі, польскі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляскі і ліфляндскі". Яго пасада не спадчынная, а выбарная. Абіраюць яго прадстаўнікі народаў абедзвух дзяржаў разам на сойме ў Варшаве. Каранацыя караля адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь не маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Для вырашэння важнейшых дзяржаўных спраў збіраецца агульны сойм Рэчы Паспалітай. Яго паседжанні праходзяць на польскай зямлі. Скліканне асобных соймаў для княства і каралеўства не прадугледжвалася. Усе нязгодныя з умовамі ўніі ранейшыя пастановы ВКЛ касуюцца. Падданыя абедзвух дзяржаў маюць права купляць і валодаць нерухомасцю і ў княстве і ў Польшчы. Кароль можа жалаваць маёнткі на тэрыторыі княства як мясцовай шляхце, так і польскага паходжвання. Мяжы паміж імі няма. Тавары перавозяцца вольна, без усякіх гандлёвых мыт і падаткаў. Дзяржавы праводзяць агульную знешнюю палітыку. Разам з тым, княству не адводзілася роля нейкай каланіяльнай ускраіны. Люблінская ўнія захоўвала яго пэўную самастойнасць. Яна мела свае ўзброеныя сілы, асобнае заканадаўства і судовую арганізацыю, захоўвала даўні адміністрацыйны апарат і сваю пячатку. Польшча і ВKЛ захоўвалі самостойныя назвы і да канца ХVІІ ст. мелі розныя дзяржаўныя мовы (лацінская ў Польшчы і беларуская ў княстве). Нягледзячы на ўмовы ўніі, у ХVІ-першай палове ХVІІ ст. асобнымі былі і грошы. Для іншых дзяржаў Рэч Паспалітая была адзіным цэлым утварэннем, але ўнутры яе існавала дзяленне на Карону, або Польшчу - у яе склад уваходзілі польскія і украінскія землі, і Княства, ці Літву - яна складалася з літоўскіх, беларускіх і некаторых рускіх зямель.

Гістарычнае значэнне ўзнікнення Рэчы Паспалітай, Люблінскай уніі для беларускага народа патрабуе яшчэ далейшага навуковага асэнсавання з яго нацыянальных пазіцый. Расійская, а ўслед за ёй савецкая гістарычная навука, трактавалі гэтыя падзеі выключна як польскую экспансію, падпарадкаванне Беларусі Польшчы. З другога боку, і польская гістарыяграфія таксама пераацэньвала значэнне польскага фактару ў грамадскім развіцці Беларусі таго часу.

У многіх публікацыях Рэч Паспалітая нярэдка называецца Польшчай, ігнаруецца аўтаномія княства, што з'яўляецца грубым скажэннем гісторыі.

Наконт дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай нават у польскай гістарыяграфіі існуе вялікі спектр думак: ад сцвярджэння аб яе ўнітарным характары да прызнання федэратыўнага прынцыпу яе пабудовы. Буйны спецыяліст па перыяду феадалізму Ю.Бардах, напрыклад, лічыць Люблінскую унію кампрамісам дзвух дзяржаў і вынікам іх двухсотгадовага сумеснага развіцця. Вядомыя польскія даследчыкі Х.Лаўмяньскі і Е.Ахмяньскі не бачаць у гэтым саюзе раўнапраўя бакоў. Сучасная беларуская гістарыяграфія схіляецца да вываду, што нельга трактаваць Люблінскую ўнію, пры ўсёй несправядлівасці яе ўмоў, як паглынанне Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Рэч Паспалітая была добраахвотным аб'яднаннем, федэрацыяй дзвух дзяржаў. Іншая справа, што Польшча на той час была ў больш выгодным палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ўнутрапалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай. Яна магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага княства.

Першае ўражанне ў ВКЛ ад уніі было шокавым, прычым, як для магнацтва, так і для шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Вышэйшая ўплывовая знаць аказалася перад пагрозай поўнай згубы былога палітычнага вяршынства. Дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах княства стварыў небяспечнага канкурэнта для мясцовай шляхты. Таму большая частка пануючага класа ВКЛ у апошняй трэці ХVІ ст. праяўляла незалежніцкія, антыпольскія настроі. А вялікакняскія палітыкі імкнуліся вывесці сваю краіну з таго становішча, у якім яна апынулася ў выніку Люблінскай уніі. Насуперак акту ўніі ў княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. У 1581 г. тут быў створаны асобны вышэйшы суд - Галоўны трыбунал. А прыняты ў 1588 г. Статут (звод законаў) па сутнасці, скасаваў многія палажэнні Люблінскай уніі, гарантаваўшы эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць дзяржавы: польскай шляхце забаранялася набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў княстве, не прызнаваліся яго тэрытарыяльныя страты, заканадаўча замацоўвалася дзяржаўнасць беларускай мовы.

Перыяд 1569-1795 гг., калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, быў вельмі змястоўным і складаным у нашай гісторыі: паланізацыя шляхецтва, запрыгоньванне сялянства, рэлігійныя канфлікты, шматлікія войны, эканамічная нестабільнасць, народныя рухі, вострая ідэйная барацьба, заняпад беларускай культуры і дзяржаўнасці. Польскі культурны ўплыў і пранікненне каталіцызму прывялі да таго, што сацыяльна-класавы падзел беларускага грамадства дапоўніўся размежаваннем па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце. Паланізацыйныя працэсы, што ўзмацніліся з утварэннем Рэчы Паспалітай, прывялі да адрыву ад беларускай народнасці яе вышэйшых слаёў, ускладнілі працэс яе фарміравання і развіцця. Многія даследчыкі лічаць, што ўсе беды нашай нацыянальнай культуры пачынаюццца з 1569 г.

Люблінская ўнія на два стагоддзі прадвырашыла далейшы лёс беларускага і іншых народаў, якія насялялі Рэч Паспалітую. Гэта дзяржава спыніла сваё існаванне ў 1795 г., будучы падзеленай больш моцнымі суседзямі.

С.ПАЛУЦКАЯ, гісторык

Реклама: