Адукацыя

Ах ты, школка беларуская...

За пяць гадоў праўлення прэзідэнта А.Лукашэнкі ў Гродне засталася толькі адна школа з беларускай мовай навучання. Усяго ў нашым горадзе 36 школаў. У вобласці, як паведаміў падчас прэс-канферэнцыі начальнік Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Гаўрон, 51% школьніцтва атрымлівае адукацыю на рускай мове, астатнія, традыцыйна ў сельскіх школах, вучацца па-беларуску.

Высокі аблвыканкамаўскі чыноўнік заявіў, што ганарыцца тым, што ў Гродзенскай вобласці ўдалося захаваць самы высокі ў краіне працэнт школаў з беларускай мовай навучання. Маўляў, ён таксама прыхільнік адукацыі на роднай мове. І ўсё ж - чаму так здарылася, што да рэферэндуму 1995 года ў горадзе і вобласці налічвалася больш за 70% беларускамоўных школаў, а на наступны год іх колькасць рэзка скарацілася? Уладзімір Гаўрон патлумачыў, што напачатку 90-х гадоў прымусова застаўлялі бацькоў запісваць дзяцей у беларускамоўныя класы, а пасля рэферэндуму, часцей за ўсё бацькі прыезджых дзетак, адразу перапісалі заявы і запатрабавалі выканання новай Канстытуцыі. Праўда, чыноўнік пагадзіўся з тым, што не ўсе 51% дзяцей, якія вучацца ў рускамоўных школах, прыезджыя. Ён хутчэй намякнуў, што гэта ўжо ад мясцовага чынавенства не залежыла. Трэба было дадумвацца самому, што гэта стала дзяржаўнай палітыкай, а дакладней палітыкай ініцыятара рэферэндума, на якім надавалася аднолькавая роўнасць двум мовам. А супраць волі гасудара паўстаць, зразумела, не было і няма магчымасці.

Нягледзячы на відавочны крызіс у дзяржаве, Уладзімір Гаўрон, як і ўсё лукашэнкаўскае атачэнне, стараўся бадзёра распавядаць аб цяжкасцях і перамогах у сферы адукацыі. Маўляў, школа жыве, працуе і развіваецца. І нічога, што пакуль няма грошай на рамонт класаў, дахаў, закупку новага абсталявання, нічога, што даводзіцца збіраць грошы з бацькоў, але да першага верасня ўсё будзе падрыхтавана, як след. Нічога, што не выплацілі ў чатырох -пяці раёнах вобласці заробак і адпускныя за ліпень. Паправім, зробім, наладзім... Затое, цяпер у нас адбываецца рэформа школы, згодна якой, дзеці пачнуць вучыцца 12 гадоў.

Гаварылі і аб школах для нацменшасцяў. Адназначна, што ў Навагрудку для 4-5 чалавек польскамоўнай школы будаваць не будуць. Так вырашыла мясцовае начальства і правільнасць іх рашэння падцвердзіў суд, які не так даўно адбываўся ў гэтым раённым цэнтры. Больш таго, як зазначыў У.Гаўрон, у Навагрудскім раёне, згодна з перапісам 1988 года пражывае тольккі 5.4% палякаў. А гэта азначае, што будаўніцтва польскамоўнай школы не мае перспектывы. Дарэчы, надалей не маюць перспектывы беларускамоўныя дзеці вучыцца ў спецыялізаваных школах з паглыбленым вывучэннем англійскай, або французскай моваў: "ніхто для 5-6 чалавек асобных класаў адчыняць не будзе, хай ідуць у другія, звычайныя школы". Такая пазіцыя начальніка Упраўлення адукацыі аблвыканкама. Дарэчы, некалькі гадоў таму такія рашэнні таксама падцвердзіў суд у Гродне, дзе адзін з бацькоў спрабаваў адстойваць свае канстытуцыйныя правы ў дачыненні да адміністрацыі 10-й школы.

І яшчэ. Уладзімір Гаўрон паведаміў, што хутка мы наблізімся да еўрапейскага ўзроўню, паколькі ўжо зроблены першыя захады па стандартызацыі адукацыі. Праўда, чыноўнік нічога не паведаміў аб тым ці вырасце заробак настаўніка да ўерапейскага стандарта, бо цяпер ён складае ад 20 да 40 даляраў. І гэта пакуль наш узровень.

М.КАРНЕВІЧ

Реклама: