Гісторыя і культура

Віленшчына. Чэрвень 1999 г.

Некалькі тыдняў таму з міжнароднай навуковай экспедыцыі па Віленшчыне вярнуўся гродзенскі гісторык, пастаянны аўтар артыкулаў на старонцы "Страчаная спадчына", Алесь Смалянчук. З ім гутарыць наш карэспандэнт.

- Сам факт - беларускі гісторык у міжнароднай экспедыцыі па Віленшчыне - гучыць вельмі прывабна. Якая мэта, хто запрасіў...

- Галоўнай мэтаю было даследаванне этнічнай сітуацыі ва Усходняй Літве. Мы працавалі ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы ад Зарасая да Эйшышак. Самая заходняя кропка нашай працы - гэта былое радзівілаўскае мястэчка Кейданы недалёка ад Каўнаса. У склад экспедыцыі апроч мяне ўваходзілі навукоўцы з Інстытуту геаграфіі Польскай Акадэміі Навук: прафесар Пётр Эберхардт і дактарант Марыюш Кавальскі, прафесар Віленскага педагагічнага універсітэту Альгірдас Станайціс. Прысутнасць беларускага гісторыка сярод польскіх і літоўскіх географаў і дэмографаў можа здзіўляць. Але справа ў тым, што аб'ектам майго прафесійнага інтарэса ўжо даўно з'яўляюцца беларускія і літоўскія палякі, таму я адразу прыняў прапанову ўдзельнічаць у экспедыцыі. Зрэшты, наяўнасць беларускамоўнага сябра аказалася вельмі карыснай.

- У які мясцінах вы пабывалі, з кім сустракаліся?

- Экспедыцыя адбывалася з 22 па 29 чэрвеня. Мы жылі ў Вільні, і кожны дзень выязджалі ў адзін з рэгіёнаў Віленскага края. Наведвалі мясцовыя органы ўлады, грамадскія арганізацыі, рэлігійныя храмы (касцёлы, мячэці, цэрквы), могілкі, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі. Ставіліся самыя разнастайныя пытанні: родная мова насельніцтва, нацыянальная самасвядомасць, этнічнае паходжанне, нацыянальна-культурныя сімпатыі, палітычная арыентацыя, стан гаспадаркі, адукацыйная сітуацыя і г.д. А мяне найбольш цікавіў феномен нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва Віленскага краю.

- Што ж сабой уяўляе гэты феномен?

- Мы даследавалі ў пэўным сэнсе ўнікальны рэгіён. Большасць насельніцтва Віленшчыны складаюць людзі, пра якіх можна сказайць, што яны з'яўляюцца літоўцамі па паходжанню, беларусамі па мове і палякамі па нацыянальнай свядомасці. Тут сапраўды дамінуе пачуццё польскасці. На чым яно грунтуецца зразумець няпроста. Сучасныя палякі Віленшчыны звычайна слаба знаёмыя з польскай гісторыяй і культурай. Паміж сабой яны размаўляюць на беларускай мове, якую называюць "простай". Іх продкі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя размаўлялі толькі па-літоўску. Але на ўсе пытанні, што датычаць іх нацыянальнасці яны ўпэўнена адказваюць: "Мы - палякі."

- І ўсё ж цікава: размаўляюць яны па-беларуску...

- Размаўляючы з людзьмі па-беларуску, я ўбачыў тое, што ніяк не можа прыняць большасць беларускіх даследчыкаў: на этнічна-змешаных тэрыторыях, насельніцтва якіх разумее і можа размаўляць на некалькіх мовах, паказчык роднай мовы не ўплывае на фармаванне нацыянальнай свядомасці. Тут дзейнічаюць іншыя фактары. Што датычыць палякаў Віленшчыны, відавочны ўплывы каталіцкага касцёла, набажэнствы ў якім для мясцовага славянскага насельніцтва адбываюцца на польскай мове, і пэўныя сямейныя традыцыі атаясамлівання сябе з палякамі.

- Як уплывае на гэтую сітуацыю палітыка Літоўскай дзяржавы ў нацыянальна-культурнай галіне?

- Відавочны працэс літванізацыі насельнітва Усходняй Літвы. Ілюстрацыяй гэтага працэса з'яўляюцца могілкі. Яны наогул аказаліся вельмі цікавай крыніцай для даследавання гісторыі нацыянальна-культурнага жыцця Віленшчыны. Надпісы на пахаваннях канца ХІХ - пачатку ХХ ст. і міжваеннага часу амаль усе на польскай мове. У сярэдзіне стагоддзя з'яўляецца ўсё больш надпісаў па-літоўску. А на новых могілках амаль безпадзельна дамінуе літоўская мова. Тэмпы літванізацыі настолькі хуткія, што, як гавораць самі мясцовыя жыхары, праз 20-30 гадоў тут усе будуць размаўляць па-літоўску.

-Цікава, ці ў гэтай сітуацыі захаваецца пачуццё прыналежнасці да польскай нацыі?

- Думаю, што не. Гісторыя этнічных ператварэнняў на Віленшчыне быццам вяртаецца да свайго пачатку. Праз адно-два пакаленні тут будуць жыць прадстаўнікі літоўскай нацыі. Дзеці і ўнукі сённяшніх палякаў Віленшчыны выбіраюць літоўскую мову.

-Ці не падалося табе, што працэсы літванізацыі адбываюцца гвалтоўна, што дзяржава выкарыстоўвае свае магчымасці для паскарэння гэтага працэсу? Дарэчы, аб гэтым часта даводзіцца даведвацца з расійскіх СМІ.

-Не, не падалося. Літва з'яўляецца дэмакратычнай еўрапейскай краінай. Аніякія гвалтоўныя дзеянні ў нацыянальнай палітыцы тут немагчымыя. Само жыццё развіваецца такім чынам, што літоўскамоўны жыхар Літвы мае значна лепшыя перспектывы, каб зрабіць кар'еру, каб забяспечыць дабрабыт свой і сваёй сям'і.

Дарэчы, варта звярнуць увагу на сістэму школьнай адукацыі на Віленшчыне. Выразна дамінуюць літоўскія школы. Зачастую гэта нядаўна пабудаваныя і добра абсталяваныя будынкі. Відавочны клопат дзяржавы пра нацыянальную школу. І гэта цалкам зразумела. Праблема нацыянальнай школы ў кожнай краіне з'яўляецца стратэгічна важнай праблемай развіцця дзяржавы. У гэтым плане адсутнасць беларускіх школ у гарадах Беларусі красамоўна сведчыць пра сапраўдны клопат дзяржаўных чыноўнікаў аб беларускай незалежнай дзяржаве.

Беларускамоўныя палякі Віленшчыны часцей выбіраюць літоўскія школы, бо звязваюць будучыню сваіх дзяцей з літоўскай дзяржавай. Але таксама існуюць польскія школы. У літоўскіх школах адчыняюцца польскія і рускія класы. Моцнае ўражанне зрабіла размова з дырэктарам літоўскай школы ў Марыямпале. У мінулым навучальным годзе тут былі 4 польскія класы, у кожным з якіх вучыліся па тры вучні. Па словах дырэктара, ён гатовы адкрыць польскі клас нават для аднаго вучня. Дарэчы, дырэктар - літовец. На пачатку 90-ых гадоў ён нават быў сябрам адной з нацыяналістычных літоўскіх арганізацый. А цяпер адстойвае права кожнага народа на адукацыю на роднай мове. Падчас гэтай размовы міжволі згадаліся падзеі трохгадовай даўніны, калі мая малодшая дачушка паступіла ў першы клас школы-гімназіі №30 нашага горада. Сярод бацькоў чатырох першых класаў знайшлося дванаццаць прыхільнікаў адукацыі сваіх дзяцей на роднай беларускай мове. Але адміністрацыя школы не дазволіла адкрыць беларускі клас. Заявілі, што не хапае дзяцей да поўнага класнага камплекта.

- Мы ўжо доўга размаўляем пра літоўцаў і палякаў, а што з беларусамі? Ці існуюць беларускія школы або беларускія класы ў гэтай беларускамоўнай частцы Літвы? Ці праяўляюць мясцовыя беларусы грамадска-палітычную і культурную актыўнасць?

- Было крыху дзіўна чуць ад беларускамоўных жыхароў Віленшчыны, што беларусаў сярод іх не шмат. Беларуская самасвядомасць галоўным чынам захавалася ў мясцовых праваслаўных беларусаў і ў тых, хто адносна нядаўна перасяліўся ў Літву з БССР. Сапраўдным цэнтрам беларускага грамадска-культурнага жыцця з'яўляецца Вільня, дзе дзейнічаюць некалькі беларускіх арганізацый, выходзіць беларуская газета "Рунь", выдаюцца кнігі на беларускай мове і г.д. У Вільні знаходзіцца адзіная на ўсю Літву беларуская школа. Беларусы Віленшчыны не выказваюць асаблівага жадання, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю на роднай мове. Размова пра беларускае школьніцтва ў Літве зайшла падчас наведвання Беларускага культурнага цэнтру імя Барыса Кіта ў Салечніках. Кіраўнік Пётр Малафей казаў, што ў адукацыйнай галіне галоўным накірункам дзейнасці з'яўляецца арганізацыя факультатываў беларускай мовы ў школах Салечніцкага раёну. Адкрыццё школы або класа ён лічыць нерэальным. Хаця, па яго ж словах, канцэрты беларускай песні і танца, які арганізоўваў Цэнтр, збіралі вялізарную колькасць людзей. Сярод прысутных звычайна было шмат мясцовых палякаў. Дарэчы, з першых дзён экспедыцыі нарадзіўся новы тэрмін для пазначэння палякаў Віленскага края - "бела-палякі". Праўда, наўрад ці ён прыжывецца, бо вельмі нагадвае адзін вядомы тэрмін савецкай партыйнай гістарыяграфіі.

- А што гавораць "бела-палякі" пра сітуацыю ў Беларусі? Ці былі такія размовы?

- Размовы былі. Мяне вельмі цікавілі адносіны людзей да гаспадарчага і палітычнага жыцця нашай краіны. Аказалася, што многія глядзяць беларускае тэлебачанне, маюць сваякоў на Беларусі, якіх часта наведваюць. Апошняе, праўда, пераважна датычыць пенсіянераў. Звычайна людзі з вялікай пашанай казалі пра нашага прэзідэнта. Амаль усе, з кім даводзілася размаўляць, адзначалі талент прамоўцы ("як прыгожа ён гаворыць па-нашаму", "як хораша ўсё тлумачыць людзям" і г.д.), казалі пра шчыры клопат Аляксандра Рыгоравіча аб лёсе беларускага народу, які неаднаразова назіралі ў праграмах БТ, радаваліся нашым поспехам у барацьбе з карупцыяй і мафіяй. Шчырыя даверлівыя людзі! Невыпадкова на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Літве Віленшчына актыўна падтрымала літоўскага змагара з карупцыяй пракурора Паўлаўскаса, якога літоўская інтэлігенцыя лічыць мясцовым аналагам Лукашэнкі. Некаторыя суразмоўцы (праўда, без асаблівай упэўненасці) радаваліся нашым гаспадарчым дасягненням, пра якія таксама даведаліся з праграмаў БТ. Аднак у адказ на пытанне, ці не жадаюць яны перабрацца жыць на Беларусь, каб працаваць у "нармальным" савецкім калгасе, каб разам з прэзідэнтам змагацца з карупцыяй і мафіяй, большасць чамусьці апускала вочы і пераводзіла гаворку на якую-небудзь іншую тэму.

- Ну, а нашыя апошнія падзеі звязаныя з інтэграцыяй, саюзам..., не ўражваюць?

- Аднаго гэтыя людзі не маглі зразумець: "Ну, навошта вам аб'ядноўвацца з Расеяй?" Адказаць на гэтае пытанне з пункту погляду нашых нацыянальных (дзяржаўных) інтарэсаў сапраўды немагчыма. Можа ў нашага прэзідэнта ёсць нейкая асабістая зацікаўленасць? Але гэта ўжо не было прадметам абмеркавання.

- А як выглядае сацыяльна-эканамічная сітуацыя ва Усходняй Літве? Кажуць, што калгасаў там ужо няма...

- Эканамічныя паказчыкі сведчаць пра тое, што ў гаспадарцы Літвы ўжо некалькі гадоў як дзейнічае тэндэнцыя эканамічнага росту. Прычым не "папяровага" або "тэлевізійнага", а рэальнага. Праўда, моцным ударам для гэтай эканомікі аказаўся фінансавы крызіс у Расеі ў жніўні 1998 г. А што датычыць Усходняй Літвы, то падчас экспедыцыі мы маглі назіраць руіны былых калгасных жывёлагадоўчых фермаў. Шмат зямель, якія ўжо знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, не апрацоўваецца, бо людзі не маюць тэхнікі, не маюць нават коней, каб засвоіць тыя 3-7 га, якія атрымалі ад дзяржавы. Распад калгасаў стварыў праблему занятасці насельніцтва. Знайсці працу ў вёсцы (за выключэннем, зразумела, уласнай гаспадаркі) вельмі цяжка. Моладзь перабіраецца ў горад. Але варта адзначыць, што голад Літве не пагражае. Больш таго, у краіне лішак прадуктаў харчавання. І гэты лішак ствараюць нешматлікія фермерскія гаспадаркі. Жыхарам калгаснай Беларусі гэта цяжка зразумець. Але, здаецца, праз 30-40 гадоў Літва будзе мець сучасную еўрапейскую сельскую гаспадарку. Ну, а наш урад разам з прэзідэнтам, калі нічога не памяняецца ў палітычным жыцці, па-ранейшаму, будзе змагацца з дэфіцытам яек, смятаны, цукру і інш.

- Алесь, а як выглядае сёння Вільня? Які настрой у жыхароў літоўскай сталіцы?

- Настрой, як падалося, добры. Мы, дарэчы, трапілі на традыцыйнае свята студэнтаў Балтыі "Гаўдэамус", якое ў гэтым годзе праходзіла ў Вільні і доўжылася цэлы тыдзень.У адносінах паміж людзьмі цалкам знікла тая міжэтнічная напружанасць, якая была вельмі адчувальнай на пачатку 90-ых гадоў. У горадзе размаўляюць па-літоўску, па-руску і па-польску. Людзі знаходзяць узаемаразуменне, бо пераважная большасць жыхароў краіны, незалежна ад свайго этнічнага паходжання, успрымае незалежную суверэнную Літву як безумоўную каштоўнасць. Месцам агульнага ўшанавання з'яўляюцца магілы людзей, якія загінулі за гэтую незалежнасць. Я маю на ўвазе магілы растрэляных мытнікаў з Мядзенінкаю, магілы тых, хто загінуў каля тэлевізійнай вежы Вільні. Дарэчы, большасць з іх - гэта хлопцы і дзяўчаты, якім не было і 20 гадоў. Добра было б прывесці на гэтыя магілы сучасных кіраўнікоў беларускіх камуністаў, якія патрабуюць вызвалення з турмы аднаго з арганізатараў захопу тэлевізійнай вежы, кіраўніка літоўскіх камуністаў, Буракявічуса.

А Вільня з кожным днём становіцца ўсё больш прыгожай і ўтульнай. Незалежнасць ёй да твару. У завяршальную стадыю ўступіла рэстаўрацыя старога горада. Але нават цяпер Вільня выглядае як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Шкада, што грамадзянам Беларусі вельмі няпроста сёння трапіць у гэтую "Меку" беларускай гісторыі. А тут можна ўбачыць дом, у якім у 1523 г. выдаваў свае кнігі Францішак Скарына, прайсці побач з мурамі Дамініканскага кляштара, у якім утрымліваліся арыштаваныя філаматы і філарэты, пастаяць каля месца смяротнага пакарання Кастуся Каліноўскага, пакласці кветкі на магілу братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Гэты горад умацоўвае веру ў сапраўднае Адраджэнне Беларусі.

Гутарыла Ф.МАЛЕЦКАЯ

Реклама: