№ 290 от 28.08.2003  

Саюз палякаў папярэдзілі

Мiнiстэрства юстыцыi праiнфармавала Саюз палякаў Беларусi аб тым, што ў iх дастаткова падставаў для ўзняцця пытання аб лiквiдацыi арганiзацыi ў судовым парадку. СПБ зараз з’яўляецца найбуйнейшай у краiне грамадскай арганiзацыяй. Пiсьмовае папярэджанне падпiсаў намеснiк мiнiстра юстыцыi Петраш.

У пiсьмовым папярэджаннi, дасланым на iмя старшынi Саюза палякаў Беларусi спадара Кручкоўскага, iнкрымiнуецца, што пры ажыццяўленнi справаводства арганiзацыi шэраг дакументаў аформлены на польскай мове. У тым лiку пячатка арганiзацыi, афiцыйныя бланкi. Зазначана, што ў Саюзе палякаў дзейнiчаюць незарэгiстраваныя структуры. Так ў Гродне дзейнiчае «Таварыства польскай моладзi пры грамадскiм аб’яднаннi», а, маўляў, павiнна быць асобна пастаўлена на ўлiк. Ашмянскi раённы аддзел таксама парушае статут i выкарыстоўвае пячатку, напiсаную па-польску. З улiкам гэтых i iншых парушэнняў Мiнiстэрства юстыцыi выносiць Галоўнаму савету СПБ пiсьмовае папярэджанне.

У Саюзе палякаў здзiвiлiся падобнай паперы. Намеснiк старшынi СПБ Юзэф Пажэцкi кажа, што такiм чынам дакументацыю яны афармляюць ужо 15 гадоў, i не было нiякiх заўвагаў. Больш таго, усё гэта адпавядае статуту арганiзацыi, якi зарэгiстраваны ў Мiнiстэрстве юстыцыi. Ён звязвае папярэджанне з агульным наступам уладаў на грамадскiя арганiзацыi Беларусi. Ю.Пажэцкi заявiў, што кiраўнiцтва СПБ ужо звярнулася за дапамогай у дыпламатычныя прадстаўнiцтвы Рэспублiкi Польша ў Беларусi. Больш таго, яны гатовыя абараняць свае правы ў судзе i нават звярнуцца за дапамогай да мiжнароднай супольнасцi, паколькi лiчаць, што такiм чынам у Беларусi парушаюцца правы нацыянальных меншасцяў.

М.МIКАЛАЙЧЫК