№ 290 от 28.08.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Ад рэдакцыi. Мы, гродзенцы, часта любiм паўтараць, што вельмi любiм свой горад. Напэўна, гэта так i ёсць. Але мы не заўсёды ведаем яго гiсторыю, людзей, якiя тут жылi i тварылi гэтую гiсторыю, падзеi, звязаныя з жыццём нашага горада. На жаль, але гэта так. «БI» за пяцiгадовы час iснавання неаднойчы намагалася запоўнiць гэты прабел. Памятаеце хаця б публiкацыi, звязаныя з вулiцамi i архiтэктурай? Шмат хто з нашых чытачоў тады наведваўся ў рэдакцыю з тым, каб зрабiць ксеракопiю матэрыялаў, таму што не здолеў набыць газету ў шапiку. Падобны цыкл матэрыялаў рэдакцыя пачынае публiкавць iзноў. Толькi гэтым разам яны будуць датычыць падзей i людзей, звязаных з беларускiм рухам у Гродне ў перыяд ХIХ-ХХ стагоддзяў. Спадзяёмся, што гэта будзе дарэчы, i чакаем вашых водгукаў, а таксама новых невядомых матэрыялаў аб нашым любiмым горадзе.

Францiшак Грынкевiч i беларускi каталiцкi рух

Нашая вандроўка ў пошуку беларускiх адрасоў пачынаецца ад Бернардзiнскага касцёлу. Менавiта тут праз доўгi час жыў ксёндз Францiшак Грынкевiч, у гонар хрысцiянскай дзейнасцi якога ў сярэдзiне 1930-х гадоў гродзенскi магiстрат надаў адной з вулiц горада ягонае iмя. Паводле Адама Станкевiча напрацягу 5-6 гадоў ( 1909 – 1914 ) асоба кс. Грынкевiча ў Гродне была асобай цэнтральнай i адзiнай, якая будзiла i арганiзавала там рух беларускi.

Сёння для большасцi жыхароў Гродна слова «католiк» гучыць, як сiнонiм польскасцi, таму можа здавацца дзiўным, што стагоддзе назад мясцовы беларускi нацыянальны рух нараджаўся ў цеснай сувязi з каталiцкай царквой. Менавiта беларускiя ксяндзы аднымi з першых пачалi размаўляць з народам на ягонай мове, палiчыўшы, што для беларускага селянiна гэта i ёсць найкарацейшы шлях да Бога. Адначасова з мiсiянерскай працай прыходзiла разуменне, што i яны самi з’яўляюцца часткай таго ж народу. На жаль, беларускi каталiцкi рух з ягонай нацыянальнай iдэялогiяй меў вельмi абмежаваную сферу дзейнасцi. Праваслаўным асяроддзем ён успрымаўся ў якасцi «польскай iнтрыгi», тады як мясцовыя ксяндзы ў большасцi былi польскiмi патрыётамi i ставiлiся да беларускага каталiцкага руху варожа, як да непажаданага канкурэнту.

Айцец Францiшак паходзiў з сялянскай сям’i з Сакольшчыны (цяпер Сакулка ў Беластоцкiм ваяводстве Рэспублiкi Польшча). Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Пазней, скончыўшы Гродзенскую гiмназiю, вучыўся ў Вiленскай духоўнай семiнарыi i Мiтрапалiтальнай духоўнай каталiцкай акадэмii ў Пецярбургу. З 1909 годзе кс. Ф.Грынкевiч распачаў душпастарскую дзейнасць вiкарыем гродзенскай фары i Бернардынскага касцёлу. З 1910 года – прэфект прыватных i прафесiйных школ у Гродне, а пачынаючы з 1911 года – капелан Брыгiтскага касцёла.

Беларуская нацыянальная думка пачынае выяўляцца ў маладога Ф.Грынкевiча яшчэ ў Вiльнi – гэтаму паспрыяла таварыства клерыкаў-лiтоўцаў. У Пецярбурзе ён ужо паказаў сабе свядомым беларусам, нават на адной са студэнцкiх сходак выступiў з рэфератам, прысвечаным беларускаму адраджэнскаму руху. Будучы ў Iнсбруку i Мюнхене, Францiшак Грынкевiч разам з кс. А.Лiсоўскiм i Г.Саланкай стварылi невялiчкi беларускi гурток, якi на чужыне развiваў беларускую думку. Ужо тады Ф.Грынкевiч падтрымлiваў сувязi з Iванам Луцкевiчам. Пасля вяртання ў Гродна з-за гранiцы восенню 1909 года пачынае беларускую асветнiцкую дзейнасць сярод мясцовай моладзi, адразу зарэкамендаваўшы сябе добрым арганiзатарам.

Адным з восеньскiх вечароў 1909 года ў цеснай кватэрцы ксяндза Францiшака Грынкевiча ў касцёле Бернардзiнаў сабралася невялiчкая грамада юнакоў i дзяўчат, пераважна вучняў старэйшых класаў мясцовых гiмназiй. Гутарка мiж iмi вялася аб патрэбе ўласнай арганiзацыi, якая б аб’яднала беларускую моладзь, галоўным чынам школьную, займалася б самаасветай i спрыяла найлепшай сувязi з вёскай. Адразу прыдумалi i назву: гродзенскi гурток беларускай моладзi «Хатка», абмеркавалi якую зрабiць пячатку, i абралi праўленне гуртку.

Створаны пад кiраўнiцтвам Ф.Грынкевiча беларускi гурток, хутчэй нагадваў зямляцтва, аб’яднаўшы ў асноўным выхадцаў з Сакольшчыны. Згодна Адаму Станкевiчу, да «Хаткi» належала шмат дзяцей засценкавай шляхты, а агульныя настроi былi народнiцка-краёвыя. Ф.Грынкевiч адным з першых перадаў у фонд бiблiятэкi гуртку кнiгi са сваiх уласных збораў, а вясной 1910 года разам з А.Бычкоўскiм i Зоськай Верас ездзiў дамаўляцца аб правядзеннi беларускай вечарыны ў маёнтак Крыштапарова.

Фактычна, айцец Францiшак патранаваў гродзенскi гурток беларускай моладзi ўсяго два гады. Для кс. Ф.Грынкевiча галоўным з’яўлялася ўмацаванне хрысцiянства, тады як беларуская нацыянальная iдэя, як i ўсялякая iншая, у ягоным разуменнi, самамэтай быць не магла. Згодна з сведчаннямi Зоськi Верас, ужо ў пачатку 1912 года ён адыходзiць ад гуртку. Справа, вiдаць, была не толькi ў цiску з боку духоўнага кiраўнiцтва. Хутчэй, Ф.Грынкевiч да гэтай працы быў ужо «астыўшы». У час першай нямецкай акупацыi кс. Ф.Грынкевiч стаў адным з кiраўнiкоў мясцовага польскага руху: адчынiў ў Гродне першую польскую школу, з’яўляўся сябрам польскай мацежы школьнай, садзейнiчаў арганiзацыi польскай скаўтскай дружыны iмя Стэфана Баторыя. Гэткая ягоная актыўнасць на польскiм грунце адштурхнула ад ксяндза шмат каго з беларусаў. Аднак, Ф.Грынкевiч працягваў цiкавiцца беларускай справай i пазней, напрыклад, прымаў удзел у выданнi першага беларускага каталiцкага малiтоўнiка «Бог з намi». Аднак, гэта была ўжо асцярожная дапамога.

«Рэвалюцыя i вайна, – пiша Адам Станкевiч, – а ў iх вынiку ўваскрашэнне Польшчы, стварылi цалкам новыя варункi i новыя заданнi беларускай справе, да якiх дастасавацца i сярод якiх актыўна працаваць кс. Ф.Грынкевiч ўжо не патрапiў, бо з’явiўся факт змагання з палякамi, а яны ж яшчэ ўчарашнiя яго саюзнiкi». Памёр айцец Францiшак 26 лiпеня 1933 года i быў пахаваны на старых каталiцкiх могiлках у Гродне...

З iншых дзеячоў беларускага каталiцкага руху звязаных з Гроднам напачатку ХХ стагоддзя варта ўзгадаць яшчэ Вiнцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевiча, Уладзiслава Талочку, Шутовiча, ксяндзоў Радзько i Бароўку. Паволi, аднак, шляхi касцёлу i беларускага руху разышлiся. У мiжваенны час беларускi нацыянальны рух i каталiцкi касцёл iснуюць у Гродне, за невялiкiм выключэннем, амаль не сутыкаючыся адзiн з адным. На жнiвень 1925 года ў Гродне заставаўся толькi адзiны ксёндз-беларус – прэфект Томаш Калiнскi з кляштара Назарэцянак, i нават палiцыя лiчыла яго лаяльным да польскай дзяржавы, адзначаючы, што ксёндз карыстаецца вялiкiм даверам сярод мясцовага насельнiцтва.

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ,

кандыдат гiстарычных навук