№ 290 от 28.08.2003  

Лета ў Вільні

Апошнiм часам беларускiя турфiрмы прапануюць паехаць на ўiк-энд у Вiльню. За тры днi i дзве ночы ў 4-зоркавым гатэлi трэба заплацiць ад 180 да 220 еўра. У кошт пражывання ўваходзяць таксама сняданкi, амаль заўсёды – адна вячэра на дваiх у рэстаране i два кактэйлi ў бары. У якасцi эксклюзiўных дадаткаў – бясплатны масаж твару ў цэнтры прыгажосцi цi бутэлька шампанскага пасля прыезду. У праспектах заўсёды адзначаецца, што ў гатэлi ёсць саўна, турэцкая лазня, басейн, трэнажорная зала, масажны кабiнет, а ў нумарах – спадарожнiкавае тэлебачанне. Няўжо трэба ехаць ў Вiльню, каб праседзець у спартовай зале? Калi ўлiчыць яшчэ кошт вiзаў, праезду, харчавання, дык паездка будзе каштаваць прыблiзна 400 еўра. За такiя грошы можна ўдваiх правесцi некалькi тыдняў на Чорным моры. Праўда, умовы будуць зусiм iншыя.

Стары горад

Ля касцёла святой Ганны – эклектычная карцiна. Манах, у сандалях, у характэрнай вопратцы з капюшонам, падпяразаны вяроўкай, размаўляе па мабiльным тэлефоне. Лета – час вяселляў. Яны яскрава адрознiваюцца ад нашых, асаблiва аздабленнем. Вельмi запомнiлася нявеста ў бежава-зеленаватай сукенцы ў дробныя кветачкi i вэлюме гарчычнага колеру. Тут не абавязкова ездзiць на лiмузiнах або белых мэрсэдэсах у пачатку картэжа. Не абавязкова гудзець на цэнтральных плошчах i цягаць новаспечаных жонак праз мост. Ля вiленскага касцёла – картэж з чорных фольксвагенаў «жукоў». На капоце – маленечкiя букецiкi з белых кветак. Вяселле ў стылi рэтра. Усюды заўважна рука дызайнера. Гэта, дарэчы, адна з самых прэстыжных прафесiй у Лiтве.

Побач з касцёлам святой Ганны ёсць каплiца, а ў ёй – «лесвiца жаданняў» з 33 прыступкамi, якiя сiмвалiзуюць жыццё Хрыста. Лесвiцу трэба прайсцi на каленях, прачытаўшы на кожнай з прыступак пацеры або любую малiтву. Адначасова трэба думаць пра загаданае жаданне. I тады яно павiнна спраўдзiцца. Непадалёк знаходзiцца праваслаўны храм. Ля ўвахода – абвестка з правiламi паводзiнаў у царкве. Нельга гучна размаўляць, фатаграфаваць i г.д. Асаблiва ўразiў пункт №4: «запрещается ставить свечки, приобретенные не в нашем храме».

Рускую мову ў Вiльнi часцей за ўсё можна пачуць на будоўлях. Моладзь iмкнецца вучыць англiйскую. Я, напрыклад, разгаварылася з хлопцам, у якога купляла на кiрмашы сувенiрныя свечкi. Ён пачаў нешта мне тлумачыць па-руску, бо пачуў, як размаўлялi мае спадарожнiцы. Але сказы давалiся яму з велiзарнай цяжкасцю. Калi мы перайшлi на англiйскую мову, ён расказаў, што працуе дызайнерам у адной з каўнаскiх фiрмаў. I што свечкi, пазалочаныя, з выпуклымi выявамi дрэва i колаў, прыдумаў сам. Яны добра перадаюць лiтоўскi каларыт, бо кола – адзiн з сiмвалаў краiны. Па-польску тут таксама разумеюць, але адказваюць часцей на нейкiм славянскiм эсперанта. Заблукала ў старым горадзе i хацела знайсцi Вострую браму. Але як запытацца? Нi па-руску, нi па-польску, нi па-англiйску, нi тым больш па-лiтоўску назвы я не ведала. Дарогу мне патлумачылi толькi пасля таго, як згадала пра вялiкi абраз. Аказваецца, па-руску Вострая брама называецца «Святые ворота».

Карона Мiндоўга

Вiленскае лета запомнiлася таксама святкаваннем 750-х угодкаў каранацыi вялiкага князя Мiндоўга. (Яна, мiж iншым, адбылася не ў Вiльнi, а ў Навагрудку). Пасярод адной з вiленскiх плошчаў на драўляных падмостках трымалася складзеная з жывых кветак «карона» Мiндоўга, дыяметрам некалькi метраў. Адно з самых яскравых уражанняў – адкрыццё помнiка Мiндоўга ў цэнтры Вiльнi. Прысутнiчаў лiтоўскi прэзiдэнт, замежныя госцi. Кароткiя прамовы чаргавалiся з сярэднявечнымi спевамi i музыкай. Усё было арганiзавана вельмi прафесiйна. Кантраст адчуваўся, асаблiва ў параўнаннi са стаўленнем беларускiх чыноўнiкаў да святкавання 750-годдзя каранацыi Мiндоўга: у Гродне невялiчкую iмпрэзу хацелi правесцi лiтоўскае i польскае таварыствы, але мясцовыя ўлады нават на гэта не далi дазволу.

Акрамя гэтага, у Вiльнi праходзiла свята песнi, на якое з’ехалiся лiтоўцы не толькi з кожнай правiнцыi, але i з усяго свету. У розных месцах горада праходзiлi канцэрты. У праграме быў пазначаны i парад духавых аркестраў. Яны павiнны былi iсцi па праспекце Гедымiна. Нечакана за некалькi гадзiн перад парадам мы пачулi гукi духавых iнструментаў. Музыкi адкрывалi шэсце. За iмi калонай iшлi афiцыянты, несучы на падносах... чаравiкi. Аказалася, гэта прэзентацыя адной з новых абутковых крамаў. У дзень адкрыцця кошты ў ёй былi знiжаны на 50%. Увогуле з лiпеня тут, як i ўсюды за мяжой, пачынаюцца летнiя распродажы. Прычым, iснуе тры ўзроўнi абнiжак: на 30 працэнтаў, 50 i 70. Думаю, лiтоўцаў не спакусiла б рэклама «Камп’ютэры NTT. Скiдка 3%».

Уначы быў адкрыты новы мост праз раку, непадалёк ад вежы Гедымiна. Музыка, натоўпы народу, феерверк. Непадалёк ад маста на ваду спускалi дошчачкi з прымацаванымi да iх агеньчыкамi, плыня падхоплiвала кожную з iх i несла наперад. Надзвычай прыгожае вiдовiшча – рака, якая зiхацiць уначы. Бачылi мы i касцюмiраваннае шэсце ўдзельнiкаў свята. Прадстаўнiкi кожнай з лiтоўскай правiнцый мелi сваю вопратку, нiводзiн з касцюмаў не паўтараўся. Усеагульнае замiлаванне выклiкалi дзяўчынкi: у iх косы былi ўплецены нiткi, на якiх боўталiся паветраныя шарыкi.

Мяжа

Пашпарты на мяжы ў нас спраўджалi дзве гадзiны. Як заўсёды, ператрэсвалi валiзы. Людзi ехалi з адпачынку. «Пастойце вунь там,» – звярнуўся мытнiк да тых, хто прайшоў кантроль, i паказаў на месца, дзе заканчваўся дах тэрмiнала i пачыналася сцяна дажджу. Некаторыя, прастаяўшы ў непаразуменнi на ўказаным месцы, намоклыя, вярталiся ў тэрмiнал.

Каб падбадзёрыць публiку, шафёры ўключаюць вiдэамагнiтафон. Лепшыя расiйскiя клiпы. Асаблiва запомнiўся спявак Дзiма Б. з песняй прыблiзна такога зместу: «Я ночной хулиган, у меня есть наган, я похож на маман. Я в постели гигант – вообще ураган». Асаблiва вялiкая праблема на мяжы – схадзiць у прыбiральню. Гэта нiбы нешта ненатуральнае, супрацьзаконнае. Памятаю, на пагранпераходзе ў Брузгах беларускi памежнiк мне паведамiў, што перад тым, як наведаць прыбiральню, трэба запытацца дазволу ў начальнiка змены.

I.АСТРАЎЦОВА

Вялiкi дзякуй Беларускай асацыяцыi журналiстаў i яе гродзенскай фiлii за прадстаўленую магчымасць наведаць Лiтву.