№ 291 от 04.09.2003  

Дня Вайсковай славы ізноў не будзе

Гродзенскi гарвыканкам адмовiў старшынi Гродзенскай гарадской Рады грамадскага аб’яднання «БНФ Адраджэньне» Аляксандру Мiхальчыку ў правядзеннi святочнага мерапрыемства, прысвечанага 489 угодкам бiтвы пад Воршай. Гэты дзень – 8 верасня – у гiсторыi адзначаецца як сакрушальная перамога войскаў Вялiкага княства Лiтоўскага над войскам Маскоўскiм.

У Гродзенскiм гарвыканкаме палiчылi, што «прадстаўленая заява не адпавядае патрабаванням артыкула 6 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сходах, мiтынгах, вулiчных шэсцях, дэманстрацыях i пiкетаваннi». Што канкрэтна не адпавядае гэтым патрабаванням, у адказе не патлумачана.

Нагадаю, што ў лiпенi гродзенскiя ўлады забаранiлi святкаваць перамогу ў Грунвальдскай бiтве. Дарэчы, сумесная перамога войскаў ВКЛ i Кароны Польскай тым разам датычыла перамогi над крыжакамi. Гродзенскiя ўлады, па словах спадара Мiхальчыка, ужо на працягу трох гадоў не дазваляюць ягонай арганiзацыi нiводнага публiчнага мерапрыемства.

М.МIКАЛАЙЧЫК